НАРОДНАЯ ПАРТЫЯ ЗАКЛІКАЕ ДА НОВЫХ ВЫБАРАЎ БЕЗ ЛУКАШЭНКІ

18 сьнежня ў цэнтры беларускай сталіцы адбылася сустрэча выбаршчыкаў, арганізаваная Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыяй — БНФ. Выбаршчыкі сабраліся на пляцоўцы перад будынкам Прэзыдыюму Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі. Над грамадой луналі нацыянальныя Бел-Чырвона-Белыя Сьцягі, якія ўзьняла беларуская патрыятычная моладзь. Перад выбаршчыкамі выступіў сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Ён зачытаў зварот Старшыні Фронту і Партыі сп. Зянона Пазьняка — “Заява перад выбарамі” (публікуецца). Сп. Беленькі распавёў аб фактах адміністрацыйнага прымусу на “папярэднім галасаваньні”, якія паведамляюць з усяе краіны патрыёты, якія назіраюць за правядзеньнем “выбараў”. Людзі паведамляюць таксама пра падрыхтоўку гнюсных фальсіфікацый у “галоўны дзень” выбарчага фарсу 19 сьнежня. Усё гэта сьведчыць пра крымінальны характар улады і крымінальны спосаб правядзеньня ёю электаральных мерапрыемстваў. Абсалютная бальшыня беларусаў і вельмі многія людзі ў сьвеце разумеюць, што выбары лукашэнкаўскай дыктатуры несапраўдныя і іх вынікі ня могуць быць прызнаныя нашым народам і міжнароднай супольнасьцю.

Удзельнікі сустрэчы запрапанавалі ўтварыць грамадзянскую ініцыятыву за правядзеньне новых, справядлівых і дэмакратычных выбараў без удзелу Лукашэнкі, узурпатара прэзыдэнцкай улады і фальсіфікатара выбараў. Грамада адзінагалосна прагаласавала за запачаткаваньне гэтай ініцыятывы. На месцы былі ўтвораны ініцыятыўныя групы па месцу жыхарства з прысутных жыхароў розных раёнаў Менску.

Удзельнікі сустрэчы заклікалі беларускае грамадзтва не ісьці на “выбарчыя ўчасткі” дыктатуры, а 19 сьнежня ўвечары зьбірацца на плошчы Кастуся Каліноўскага (пл. Кастрычніцкая) у цэнтры Менску, каб распачаць салідарнае народнае рушаньне за вызваленьне нашай краіны ад акупацыйнага прамаскоўскага рэжыму.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

18 сьнежня 2010 г.