ЗАМЕЖНЫЯ ГАЗЭТЫ ПІСАЛІ ПРА БЕЛАРУСЬ 22 СЬНЕЖНЯ

Польская газэта “Gazeta Wyborcza”

22 сьнежня 2010 г. Польская газэта “Gazeta Wyborcza” напісала пра тых, “хто пакаяўся” (як гэта сфармулявана ў падтытуле артыкула). Некалькі радкоў прысьвечана вядомаму эпізоду з “каяньнем” Раманчука. Далей цытуем па тэксьце: “Работнікі міліцыі не нясуць віны за тое, што здарылася — казаў у камэру Андрэй Дзмітрыеў, шэф выбарчага штабу Уладзімера Някляева”. Далей газэта задаецца пытаньнем, ці не было інтэрв'ю з Дзмітрыевым зманіпуляванае. І дадае, што “зь ім немагчыма выйсьці на кантакт”.

Наш камэнтар: Цікава, што гэтымі пытаньнямі задаюцца польскія, а не беларускія журналісты. А спытаць варта: а што гэта за маладая асоба А. Дзмітрыеў? Хто падсунуў яго на пасаду кіраўніка выбарчага штабу кандыдата Уладзімера Някляева? Стала вядома, што гэты Дзмітрыеў, хаця і малады, але ўжо пасьпеў папрацаваць на выбарах ва Украіне — у штабе кандыдата Януковіча.

Чаму побач з беларускім Паэтам апынуўся лубянскі агенцік, які ў самы адказны момант здаў кандыдата Някляева? Увечары 19 сьнежня Уладзімер Някляеў ішоў на плошчу Кастуся Каліноўскага, каб заклікаць людзей далучацца да Руха “За новыя выбары без Лукашэнкі” і стаў ахвярай бандыцкага нападу структураў рэжыму. Чаму ніхто з беларускай журналістыкі не апісаў вядомыя факты біяграфіі Дзмітрыева?

Пасярод драматычных падзеяў паўстане яшчэ шэраг падобных пытаньняў.

Юрка Марозаў

Польская газэта “Rzeczpospolita”

22 сьнежня 2010 г. Польская газэта “Rzeczpospolita” напісала артыкул пра тое, як “Кастусёў абскардзіў вынікі прэзыдэнцкіх выбараў”. Напісала таксама, што Кастусёў прасіў ЦВК, каб ягоную заяву прызналі за заяву ад усіх кандыдатаў. Згадваецца таксама прыналежнасьць Кастусёва да БНФ.

Наш камэнтар: Сп. Кастусёву ніхто не растлумачыў, што пасьля ўшчэнт сфальшаваных выбараў, апублікаваньня фальшывых вынікаў галасаваньня і дзікіх рэпрэсіяў рэжыму ніхто ў цывілізаваным сьвеце не прызнае гэтую ЦВК за легальны ворган. Бальшыня беларусаў кваліфікуе ярмошынскую ЦВК як адзін з ключавых элемэнтаў крымінальнай палітыкі антыбеларускага рэжыму.

Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” і ягоны Старшыня Зянон Пазьняк даўно ўжо вызначылі гэтую кваліфікацыю рэжымнай ЦВК і паўтарылі гэта падчас і пасьля апошняга выбарчага фарсу. Зазначым, што сп. Р. Кастусёў ня мае дачыненьня да Беларускага Народнага Фронту. Ён удзельнічае ў псэўда-БНФ (прагматыкі) пад кіраўніцтвам Янукевіча. Дзейнічае сп. Кастусёў так, як прынята ў структурах псэўдаапазыцыі. Спачатку ён заклікаў народ удзельнічаць у фальшывых “выбарах”, на наступны дзень пасьля “выбараў” ён выступаў на фальшывым БТ, потым фальшыва абвяргаў свае выступы, потым панёс “скаргі” у фальшывую ЦВК. Суцэльны фальш. (У 1999 г. сп. Кастусёў актыўна ўдзельнічаў у расколе БНФ)

Алесь Хадасевіч

Польская газэта “Gazeta Polska”

22 сьнежня 2010 г. Польская газэта “Gazeta Polska” пайшла яшчэ далей. У сваім сэнсацыйным артыкуле “Беларусь: ёсьць выбарчы пратэст” пра зварот сп. Кастусёва ў ЦВК газэта назвала Кастусёва “лідэрам Беларускага Народнага Фронту”.

Наш камэнтар: Бліскучая польская “аналітыка” у дзеяньні! (І гэта “правыя”)

Алесь Хадасевіч

Польскі тыднёвік “Polityka”

18 сьнежня 2010 г. Польскі тыднёвік “Polityka” апублікаваў артыкул пад тытулам “Беларусь: яшчэ не цяпер”. Вось фрагмэнт гэтага артыкула:

“Столькі “поршэ”, “фэрары” ці “бэнтлі”, як у Кіеве, ня ўбачыш, але машын стала больш, нават коркі бываюць.

— Гэта Лукашэнку ўдалося, узровень жыцьця павысіўся. — кажа Аляксандр Мілінкевіч, адзін з найбольш вядомых і распазнаных на Захадзе беларускіх апазыцыянэраў. Заробак настаўніка складае 420 даляраў, ёсьць абяцаньне прэзыдэнта, што да канца года сярэдні заробак вырасьце да паўтысячы. Будуюць новыя кватэры, сям'я з пяцьцю дзецьмі атрымлівае кватэры дарма. Эканамічная сістэма афіцыйна называецца: сацыяльна арыентаваная рынкавая эканоміка.

Толькі жывецца ў страху. Усе працуюць у сістэме гадавых кантрактаў, якія ўлада можа і не працягнуць. Бо бальшыня фірм — дзяржаўныя, а прыватныя толькі некаторыя паслугі, грамадзкае харчаваньне і рэстараны. — Хто ня ўмешваецца ў палітыку, ня думае пра волю і грамадзянскія свабоды, жыве камфотна. — кажа Мілінкевіч. (...)

— Можа няма свабоды, але ёсьць спакой. Ніхто не крадзе машыны, людзі ня гінуць у тэрактах, нашых сыноў не забіваюць на войнах. — тлумачыць гэты погляд Мілінкевіч. Прэзыдэнт расправіўся з мафіяй, пакараньні драконаўскія, уключна з пакараньнем сьмерцю. Гэта сярэдняму грамадзяніну падабаецца”.

Наш камэнтар: Як часам карысна чытаць старыя газэты!

Алесь Хадасевіч

Летувіская газэта “Lietuvos Rytas”

22 сьнежня 2010 г. Летувіская газэта “Lietuvos Rytas” паведаміла пра прэс-канфэрэнцыю, што адбылася ў Менску ў аўторак. На ёй выступіў лідэрас Беларускага Народнага Фронту Алексеюс Янукевічус і казаў пра кампанію пратэсту супраць чацьвертага абраньня на прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі. Прысутнічалі або выступалі таксама кандыдатас Костусевас, Віктарас Івашкевічус і Вячаславас Сіўчыкас.

Наш камэнтар: Бліскучая летувіская “аналітыка” у дзеяньні! На працягу гадоў яны ў Вільні насіліся з палітычнай пустышкай Вінцукасам Вячоркасам. Ён шмат каму падабаўся там сваёй гладкай манерай выкладаньня. Многія з летувіскага істэблішмэнту былі вельмі ўражаныя, калі гаваркога і гладкага Вінцукаса выдалілі з кіраўніцтва “бэнээфаса”. Цяпер яны засвойваюць “новы курс” лідэраса псэўда-БНФ Янукевічуса. Пра Народны Байкот, які падтрымала бальшыня беларускага электарату на заклік рэальнага Беларускага Народнага Фронту, у летувіскай “аналітыцы” так не прагучала аніслова. Вось гэта “кляса”!

Юрка Марозаў

Славацкая газэта “SME”

22 сьнежня 2010 г. Славацкая газэта “SME” паведаміла, што адзіным палітыкам Славакіі, які павіншаваў Лукашэнку з “перамогай на дэмакратычных выбарах”, ёсьць Ян Слота, старшыня шавіністычнай Славацкай Нацыянальнай партыі. Газэта не выказвае зьдзіўленьня гэтым фактам, бо і раней Слота і ягоная партыя вызначаліся прыязнымі адносінамі да розных дыктатараў.

Наш камэнтар: Праявы сэнтымэнту да антыбеларускага рэжыму людзі ў цывілізаваным сьвеце сустракаюць з абурэньнем.

Алесь Хадасевіч