ПАВЕДАМЛЕНЬНЕ

Адчыняем інфармацыйную старонку “Рух за новыя выбары без Лукашэнкі”. Адрас Старонкі: http://www.bel-ruh.org/ Ідэя Руху была прадумана яшчэ ў часы падрыхтоўкі байкоту выбараў 2010 года як кансалідацыйнае запатрабаваньне грамадзтва і шлях да мірнай перамены ўлады.

Рэжым скарыстаў супраць байкоту тактыку псэўдадэмакратыі і псэўдаапазыцыі і, трэба сказаць, адчувальна заблытаў розумы выбаршчыкаў. Шмат хто з тых, хто не зьбіраўся, пайшоў на выбары.

Выкарыстаўшы выбаршчыкаў і спарынг-кандыдатаў, рэжым аб'явіў пра сваю перамогу на выбарах і жорстка зьбіў, зьняважыў пратэстны народ на плошчы, а спарынг-кандыдатаў, якія адпрацавалі свой рэсурс, таксама жорстка зьбіў, скалечыў за крытыку і кінуў у турму, рыхтуючы прадмет гандлю з Эўропай. Усё ў паранойным стылі дзікай палітыкі рэжыму.

Канцэпцыя Руху была агучана ў ходзе выбарчай кампаніі. З усіх спарынг-кандыдатаў яе станоўча ўспрыняў адзін Ўладзімер Някляеў, які, трэба думаць, зразумеў канструктыўны характар і магчымасьці грамадзкага разьвіцьця такога руху.

Не спадзеючыся на плошчу (бачачы яе неарганізаванасьць), актывісты “Народнай Партыі” (КХП — БНФ) 18-га сьнежня 2010 года на перадвыбарчай грамадзкай зборцы ў Менску публічна аб'явілі аб пачатку Руху. 22 сьнежня на Старонцызьявіўся выклад сутнасьці і задачаў гэтай ініцыятывы (“Да сяброў “Руху за новыя выбары без Лукашэнкі”). Гэты тэкст зьмяшчаем таксама тут.

Істотна, што гэтая ініцыятыва, якая ставіць адну агульную задачу, магла б аб'яднаць да працы практычна ўсіх беларусаў, нязгодных з антынародным рэжымам. Беларусы на ўсім сьвеце могуць падключацца да працы па стварэньні Руху, да змаганьня за новую, сьветлую Беларусь бяз цемры, хамства і зьневажэньня.

Зянон Пазьняк