АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ (16.I.2011)

“Яны нічаму не навучыліся”

16 студзеня 2011 г. Летувіская газэта “Lietuvos Rytas” напісала: “Калі на рэпрэсіі ў Беларусі ня будзе адказу з боку Захаду, гэта будзе сігналам для ўладаў Ураіны і Расеі, якія асабліва ўважліва сочаць за цяперашнімі падзеямі. — заявіў Том Валасэк, дырэктар Эўрапейскага цэнтру рэформаў замежнай і абарончай палітыкі, што месьціцца ў Лёндане”. Валасэк патлумачыў, што калі ня будзе адэкватнай рэацыі на рэпрэсіі ў Беларусі, то “яны будуць рабіць тое ж”.

Наш камэнтар: Трэба прызнаць, гэта ёсьць рэдкая для заходніх людзей схільнасьць мысьліць і абагульняць. Сапраўды, імпэрскі рэжым Масквы ў каторы раз карыстаецца лабараторным экспэрымэнтам над нашымі людзьмі, каб пазьней разгарнуць правераныя спосабы на расейскіх прасторах. Гатовы насьлядоўваць рэжымных гвалтаўнікоў з Менску і прамаскоўскі рэжым Януковіча.

І патрабаваньне рэакцыі (“адказу”) з боку Захаду таксама адэкватнае. Толькі вось якім будзе гэты “адказ”? Можа яны зноў будуць гуляцца з пустышкамі кшталту Мілінкевіча, надзьмуваць перад сваім грамадзтвам прамаскоўскую псэўдаапазыцыю, “заваёўваць” Лукашэнку камплімэнтамі наконт “прагрэсу” і дзяліць з Масквой уплывы ў Беларусі? Гэта ўсё мы ўжо бачылі. У выніку гэтай тупой палітыкі Эўразьвяз стаў пасьмешышчам перад усім сьветам 19 сьнежня 2010 г.

Бачна, што яны нічаму не навучыліся. У Брусэлі зноў дае гастролі Мілінкевіч (пра якога забыліся ўсе ў Беларусі). Пра падзеі ў Беларусі распавядае ў эўрапейскіх сталіцах групка з “былых камуністаў” Калякіна і маразматыка Шушкевіча (які перад гэтым заклікаў увесьці ў Беларусь расейскія войскі). Беларускія студэнты, што прыехалі з Чэхіі ў Менск на вакацыі, распавядаюць, як мізэрна выглядаюць і якую лухту распавядаюць эўрапейцам на публічных сустрэчах гэтыя “былыя”. Падобна, што заходні істэблішмэнт пайшоў па той жа крывой дарожцы імітацыі барацьбы за дэмакратыю ў Беларусі, якая нядаўна завяла яго ў лукашыстоўскую яму.

Гледзячы на гэты абсурд, беларусы не павінны адчайвацца. Вызваленьне Бацькаўшчыны — гэта наша нацыянальная справа, і нам яе рабіць.

Юрка Марозаў


Цемра ня вечная

16 студзеня 2011 г. Ангельская газэта “Independent” напісала, што дыктатарскія рэжымы ўсяго рэгіёну вельмі напалохаліся народнага выступу ў Тунісе. Залемантаваў у Лівіі Муамар Кадафі. Многім гэты ўздым нагадвае 1989 год, калі прайшла хваля народных перамогаў на камуністычнымі рэжымамі ва Усходняй Эўропе.

Наш камэнтар: Дыктатары нездарма баяцца. Ужо пачаліся масавыя народныя выступы ў Іарданіі. Паўсюль у арабскіх краінах адбываюцца масавыя акцыі салідарнасьці з туніскімі змагарамі.

Гэта ёсьць вядомы закон: перамога аднаго народа ў рэгіёне дае ланцуговую рэакцыю і валяцца суседнія антынародныя рэжымы. Так і наша Беларусь ня будзе існаваць вечна пад маскоўскай тыраніяй. Нашы суседзі ўжо 20 гадоў жывуць ў незалежнасьці і свабодзе. І дамагліся яны гэтага шляхам нацыянальнай салідарнасьці.

Алесь Хадасевіч


Перакулім брусэльскі тупізм

16 студзеня 2011 г. Нямецкая газэта “Frankfurter Allgemeine Zeitung” паведаміла з Туніса: “Пратэстуючыя на вуліцах Туніса — не барадатыя і без хустак на галовах. Гэта ніякія не ісламісты”. Бачна, што гэта людзі сярэдняй клясы, шмат маладых. Яны пратэстуюць супраць беспрацоўя і высокіх цэнаў. На фота ў газэце: над масай людзей — транспарант “Свабода!”

Наш камэнтар: Палітыкі Эўразьвязу зганьбіліся са сваёй хітрамудрай палітыкай ня толькі ў Беларусі. На працягу дзесяцігоддзяў яны падтрымлівалі антынародны рэжым у Тунісе, прыкрываючыся фальшывым аргумантам, што гэта ёсьць гарантыя ад ісламістаў-фанатыкаў. І вось туніскі народ перакуліў гэтую крывадушную і выгадніцкую мадэль чужынцаў. Перакуляць брусэльскую “мадэль” і беларусы.

Алесь Хадасевіч


Недадушаны гад

16 студзеня 2011 г. Нарвэжская газэта “Dagbladet” паведаміла, што ў Тунісе ўсё яшчэ працягваюцца беспарадкі, адбываюцца перастрэлкі, падпалы і рабункі. Камандзёры арміі заявілі, што ў гарадах дзейнічаюць групы “прыхільнікаў Бэн Алі”, якія нападаюць на людзей, паляць і рабуюць. У некаторых месцах грамадзяне захопліваюць гэтых бандытаў і перадаюць іх у рукі арміі і паліцыі. Паўсюдна людзі ствараюць мясцовыя атрады самаабароны і салідарна абараняюць ад бандытаў свае кварталы.

Наш камэнтар: У тэлерэпартажах з Туніса журналісты і грамадзяне проста кажуць, што бандыты — гэта спэцслужбы рэжыму Бэн Алі, якія спрабуюць пасеяць страх і дэзарганізаваць грамадзтва. Людзі незадаволеныя таксама тым, што ў кіраўніцтве краіны застаюцца асобы, якія яшчэ заўчора былі разам з дыктатарам. Людзі патрабуюць хутчэйшых дэмакратычных выбараў.

Падзеі ў Тунісе дэманструюць унівэрсальныя законы рэвалюцыйных дзеяньняў. Грамадзтва павінна самаарганізоўвацца ў такія моманты і абараняць сябе. Галоўнай задачай павінна быць ліквідацыя спэцслужбаў антынароднай дыктатуры і адхіленьне ад улады ўчорашніх бонзаў рэжыму. Без гэтага ўсё вернецца на старыя дарожкі прыгнёту. Беларусы ўжо маюць свой адмоўны досьвед з недадушанай гадзінай у 1991-94 гадах.

Алесь Хадасевіч


Кантраст

16 студзеня 2011 г. Латвійская газэта “Diena” апісала, як адзначалі ў Летуве 20-я ўгодкі падзеяў 13 студзеня 1991 года. У Вільні сабраліся тадышнія абаронцы свабоды. Яны зьвярнуліся да народу з заклікам захоўваць гістарычную памяць і не забывацца пра агульную і асабістую адказнасьць за лёс Летувы. Перад будынкам парляманту было распалена вялікае вогнішча, як у тыя барыкадныя дні. Настаўнікі прыводзілі туды школьнікаў, бацькі і дзяды дзяцей і ўнукаў. Нацыянальнае тэлебачаньне паказвала праграмы, прысьвечаныя падзеям 1991 г. Адбылася ўрачыстае паседжаньне парляманту. Па ўсёй Летуве адбыліся памінальныя цырымоніі на магілах герояў. Білі званы ва ўсіх храмах краіны.

Наш камэнтар: Які кантраст з цёмнай ноччу, якая запанавала над Беларусяй!

Юрка Марозаў


“Вось дзе маразм!”

16 студзеня 2011 г. Румынская газэта “Evenimentul Zilei” напісала, што выканаўца паўнамоцтваў прэзыдэнта Малдовы Міхай Гімпу ўнёс у парляманце прапанову аб выкарыстаньні ў парляманце толькі дзяржаўнай румынскай мовы. Кіраўнік камуністаў Варонін у сваім выступе на гэта запатрабаваў, каб усе, хто становіцца дэпутатам, праходзілі мэдабследваньне. Камуністы ў малдаўскім парляманце выступаюць амаль заўсёды па-расейску.

Наш камэнтар: Адна парода — бальшавікі. Яны заўсёды называюць ненармальнымі тых, хто нармальны, бо на сваёй зямлі, у нацыянальным парляманце гаворыць на сваёй роднай мове. У іх, як вядома, “нет отечества, кроме Москвы”. Якімі былі, такімі і засталіся. Вось дзе маразм.

Алесь Хадасевіч


Падзея “сусьветнага” значэнья

16 студзеня 2011 г. Швэдская газэта “Dagens Nyheter” апублікавала артыкул пад тытулам “Расейскія апазыцыйныя лідэры Барыс Нямцоў і Эдуард Лімонаў адпушчаныя на волю”. Згаданых асобаў пасадзілі на суткі падчас маніфэстацыі ў навагоднюю ноч.

Наш камэнтар: Гэтае паведамленьне (часам зь вялікімі “аналітычнымі камэнтарамі”) апублікавалі ўсе СМІ сьвету. Якая падзея! Больш няма пра што паведамляць з Расеі. Кактэйль з дэмнамэнклятуршчыка Нямцова і лубянскага правакатара Лімонава падаецца як “змаганьне дэмсілаў у Расеі”. Беларусы значна лепш ведаюць гэтых асобаў і “рускую дэмакратыю”. Нямцоў з Хакамадай усё езьдзілі ў Менск на псэўдаапазыцыйныя акцыі да вінцучкоў, а Лімонава беларусы вялікай грамадой аднойчы проста пагналі са сваёй сталіцы (больш ён тут не паказваўся). Але заходнім людзям журналісты працягваюць прапаноўваць гэтую маскоўскую жуйку.

Юрка Марозаў