ВЫСТАВА АЛЕГА АБЛАЖЭЯ Ў НЬЮ-ЁРКУ

Партрэт мастака з ружамі (фота)

16-га студзеня ў Нью-Ёрку адчынілася выстава беларускага мастака Алега Аблажэя. Вернісаж адбыўся ў выдатнай грамадзкай залі Беларускай царквы сьвятога Кірылы Тураўскага на Атлянтык эвеню, 401. Арганізавалі выставу энтузіясты царкоўнай парафіі і Бруклінскага аддзелу БАЗА. У экспазыцыі каля паўсотні твораў. Гэта малюнкі сангінай, акрылам, алоўкам, пастэльлю, чарнілам; тут акварэлі, ілюстрацыі да кніг, партрэты з натуры. Асабліва шмат твораў, аб'яднаных тэматыкай “вечна жаноцкае” — вобразы жаночага хараства, якія ўразілі ўсіх сваёй дасканаласьцю прыгожых абліччаў, фантастычнасьцю адзеньня, сьветлай эстэтыкай, чысьцінёй і высокародзтвам. Як казалі прысутныя, ад іх вее ўзвышанасьцю і шляхецтвам Вялікага Княства.

Адбылося жывое і зацікаўленае абмеркаваньне твораў. Выступалі Ўладзімер Цяліца, Расьціслаў Гарошка, Зянон Пазьняк, Сяргей Капытка, Галіна Пазьняк, Валянціна Трыгубовіч, Ганна Сурмач, Валеры Дворнік. Алег Аблажэй расказаў пра свой погляд на мастацтва, якога ён прытрымліваецца, шануючы высокія прынцыпы эстэтыкі і беларускай мастацкай традыцыі. Побач з творамі ён зьмясьціў тэксты сваіх вершаў, якія спадабаліся нью-ёрскім беларусам глыбінёй думкі і хараством слова.

Алег Аблажэй вядомы як мастак высокай клясы, жыве ў Вільні. Мастацкае асяроддзе Вільні, якое цяпер грунтоўна спаўзае ў антыэстэтычны маразм (зрабілася правінцыяй эўрамаразму ў мастацтве), не спрыяе сьветлай і сур'ёзнай творчасьці. Тым больш, беларусам Нью-Ёрка прыемна было ўбачыць сьвежы подых сапраўднай мастацкай красы, блізкай ім па духу, тэматыцы і ўяўленьнях.

Зянон ПАЗЬНЯК

Адпачынак на сафе

Танец

Дзяўчаты ў летнім садзе

Партрэт дзяўчыны

Сюжэт зь легенды

Казка

Апошні аўтобус

Зіма ў Вільні