ЗМАГАЦЦА САЛІДАРНА, СЬМЕЛА І РАЗУМНА

Мы атрымліваем лісты і звароты з розных канцоў Беларусі. Людзі розных пакаленьняў глыбака перажываюць тое, што адбылося ў нашай краіне ў апошнія тыдні: перадвыбарчы фарс з актыўным удзелам падстаўной псэўдаапазыцыі, нахабная фальсіфікацыя на “выбарах” дыктатуры, зьверская расправа паліцэйшчыны і гэбоўшчыны над мірнай дэманстрацыяй ў Менску і хваля рэпрэсіяў пасьля 19 сьнежня.

Ва ўсіх ёсьць адчуваньне, што гэтыя дні і тыдні па сваёй значнасьці роўныя месяцам і нават гадам існаваньня народу і дзяржавы. Для абсалютнай бальшыні беларусаў стала канчаткова відавочным: краіна захоплена чужым, нецывілізаваным, дзікім рэжымам, які служыць не нацыянальным інтарэсам Беларусі, а ненавідзіць усё беларускае, плянамерна і жорстка зьнішчае асновы нашага чалавечага і нацыянальнага існаваньня. Калі не супраціўляцца гэтаму акупацыйнаму рэжыму, то ён выканае свае намеры і атрымае сваю ўзнагароду з Масквы, якая кіруе гэтымі працэсамі.

Гістарычны досьвед, аднак, паказаў, якая ўдзячнасьць імпэрыялістычнай Масквы для здраднікаў свайго народу, для васалаў Крамля: іх ліквідуюць пасьля выкананьня задачы (1937 год быў кульмінацыяй гэтай маскоўскай падзякі, калі НКВД ліквідавала верныя ёй бальшавіцкія і гэбоўскія эліты ў розных савецкіх рэспубліках). Гэты жудасны сцэнар не павінен паўтарыцца.

У лісьце вучня аднаго з ліцэяў горада Гомеля ёсьць адэкватная, вельмі слушная выснова: “Разьлічана, што людзей ахутае страх і яны замаўчаць”. Сапраўды, менавіта гэта ёсьць адна з мэтаў цяперашніх рэпрэсіяў акупацыйнай улады. Беларуская моладзь задаецца пытаньнем: як змагацца за свабоду? Аўтар ліста піша: “Мы ведаем, што Свабоды без крыві не здабыць, таму гатовыя ахвяраваць”.

Як пісаў 150 гадоў таму Аляксандр Герцэн (які ненавідзеў маскоўскую імпэрыю), “маладосьць заўжды самаахвярная”. Але рэвалюцыянэры 19-га стагоддзя сваім прыкладам даюць нам вельмі важную лекцыю. Іхнае змаганьне супраць імпэрыі, за дэмакратыю і свабоду было рацыянальным. Яны імкнуліся пазьбегнуць лішніх ахвяраў і марных намаганьняў. Яны лічылі эмоцыі хісткім матэр'ялам для барацьбы. Рэвалюцыйныя дзеяньні павінны засноўвацца на аналізе сытуацыі, выверанай і прадуманай тактыцы і стратэгіі. Працэс вызваленьня ад зла павінен разьвівацца крок за крокам. І яшчэ адзін вельмі важны досьвед класычнай рэвалюцыйнай барацьбы — нельга хадзіць за правакатарамі і папамі-гапонамі.

Напярэдадні 19 сьнежня некаторыя з псэўдаапазыцыі заяўлялі, што да адраджэньня дэмакратычнай Беларусі “засталося некалькі дзён”, маючы на ўвазе сваю перамогу над Лукашэнкам на фальшывым псэўдавыбарчым шоў. На вялікі жаль, многія, асабліва маладыя людзі паверылі гэтым беспадстаўным заявам і пайшлі за гэтымі гукальшчыкамі. А гукальшчыкі завялі іх пад удар рэпрэсіўных сілаў дыктатуры. Цяпер многім зразумела: трэба было масава падтрымаць Народны Байкот псэўдавыбараў і не хадзіць за папамі-гапонамі. І зразумець гэта цяпер зусім ня позна. У беларускай моладзі ёсьць цяпер вельмі важны і грунтоўны досьвед.

Аўтар ліста разважае: “Перамога — гэта ня Рым, да якога ўсе дарогі вядуць, да перамогі вядзе толькі адна дарога...” Гісторыя рэвалюцыйных змаганьняў паказвае, аднак, што на самой справе ёсьць не адна, а значна больш шляхоў да вызваленьня ад прыгнёту. У дэмакратычных краінах гэта можа быць нават рэфэрэндум. Так было, напрыклад, у Нарвэгіі, дзе ў 1905 годзе ўсе выбаршчыкі (па-за выключэньнем 183 асобаў на ўсю краіну) прагаласавалі за аддзяленьне ад вуніі са Швэцыяй і за незалежнасьць сваёй краіны. Да краху прагнілых каланіяльных рэжымаў прыводзілі агульнацыянальныя страйкі і дэманстрацыі (так вызвалілася безьліч народаў). Узброеная барацьба зьяўляецца крайнім і, што вельмі важна, не самым эфэктыўным мэтадам змаганьня. Гэты мэтад не стаіць на парадку дня беларускага нацыянальнага змаганьня. У нас ёсьць мірныя сродкі барацьбы.

Той, хто хоча і гатовы змагацца за Беларусь, мае магчымасьць рабіць гэта, баронячы сваю родную мову і культуру. Змагацца — гэта значыць паўсюль размаўляць па-беларуску, тлумачыць людзям веліч і каштоўнасьць нашай гісторыі і культуры. Такі чалавек адразу адчуе сябе змагаром, сустрэнецца з нянавісьцю і супрацівам акупантаў і раўнадушных суайчыньнікаў, але і з падтрымкай разумных і сьветлых людзей. Гэта будзе сапраўдны бой за сваё, за роднае.

Другім узроўнем нацыянальнага змаганьня ёсьць салідарызацыя ўсяго нашага грамадзтва, а перш за ўсё яго нацыянальна сьведамага авангарда, стварэньне магутнай беларускай інфраструктуры, якая будзе супрацьстаяць акупанцкай навале. Гэтыя магчымасьці дае Рух за новыя выбары без Лукашэнкі, дзе ўсё гуртуецца на жаданьні людзей мірным спосабам згуртаваць нацыю і разам супрацьпаставіцца чужынскай дыктатуры. І тады мы разам напішам сьветлую старонку нашай гісторыі.

Янка Базыль