ЗАМЕЖНЫ ДРУК (01.02.2011)

“Армія будзе ахоўваць народ”

1 лютага 2011 г. Нідэрляндская газэта “De Volkskrant” паведаміла, што на цэнтральнай плошчы Каіра сабраліся звыш мільёна чалавек. Яны патрабуюць адстаўкі прэзыдэнта Мубарака і дэмакратыі ў краіне.

Наш камэнтар: Мубарак даў у тыл, напалохаўшыся масавага народнага пратэсту і салідарнасьці эгіпцян. Запрапанаваў, што пасядзіць на троне да канца свайго прэзыдэнцкага тэрміну (да верасьня сёлета), а потым сыйдзе. Але народ яго слухаць ня хоча. Людзі крычаць: “Прэч, фараон!” Разам з народам нацыянальная армія (якая, дарэчы, заўсёды лічылася апірышчам дыктатара). Прадстаўнік арміі выступіў па тэлебачаньні і заявіў: “Народ мае права на выяўленьне сваіх патрабаваньняў. Армія будзе ахоўваць народ і нацыянальную маёмасьць. Армія ня будзе дзейнічаць супраць нашага вялікага народу”.

Алесь Хадасевіч


Характэрныя перамены

1 лютага 2011 г. бэльгійская газэта “Le Soir” пісала пра зварот амбасадара Туніса ў Бэльгіі Абдэсалема Гэціра да народу Туніса. Амбасадар агучыў наступнае: “Жыве вольны Туніс назаўжды! Сьветлая памяць нашым пакутнікам...” Ужо шэраг дзён тунісцы, што пражываюць у Бэльгіі, праводзяць шматлюднае пікетаваньне перад амбасадай Туніса ў Брусэлі, патрабуючы адстаўкі Гэціра, бо ён працаваў пад рэжымам Бэн Алі.

Наш камэнтар: У верасьні 1991 года, адразу пасьля правалу крамлёўска-гэбоўскага жнівеньскага путчу і аднаўленьня незалежнасьці Беларусі ў Менск з Лёндану прыехаў з грузам гуманітарнай дапамогі айцец Аляксандр Надсан. Фронтаўцы сьмяяліся да сьлез, калі ён з уласьцівым яму артыстызмам распавядаў пра афармленьне візы ў Лёндане. Чыноўнікі ўчорашняй БССР (учорашнія ненавісьнікі “Пагоні”, БНФ і ўсяго беларускага) начапілі на сябе вялікія выявы “Пагоні”, раптам “успомнілі” беларускую мову і віталі яго: “Ведаеце, э-э, жыве Беларусь...”

Правіла кожнай рэвалюцыі: вызваленая дзяржава павінна адразу ж вызваляцца ад крывадушных прыслужнікаў дыктатуры ў дыпляматычных прадстаўніцтвах.

Юрка Марозаў


Усталявалі помнік Ельцыну

1 лютага 2011 г. партугальская газэта “Diario de Noticias” напісала пра неадназначныя сьвяткаваньні 80-х угодкаў Барыса Ельцына ў Расеі. Адны прыгадваюць у Расеі хаос у краіне пры гэтым прэзыдэнце і ягоную любоў да алкаголю, іншыя ўсхваляюць рэформы, якія выратавалі краіну. Зь вялікай помпай у Екацерынбурзе адсланілі пмнік Ельцыну. Выступаў прэзыдэнт Медведев. Адбылося ўрачыстае юбілейнае паседжаньне ў Вялікім тэатры ў Маскве.

Наш камэнтар: Расейскія тэлеканалы паказалі гэты апафеоз заўпакойнага ельцынізма. На марозе ў Екацерынбурзе сабралася кучка начальства розных узроўняў (зразумела, што масоўкі дадалі гэбэшнікі). Медведев выйшаў наперад і настальгічна ўспамінаў Ельцына, які “усталяваў дэмакратыю ў Расеі”. Народ (які паводле крамлёўскай легенды “очень любіт Ельцына”) на цырымонію не дапусьцілі. Начальства трымаецца падалей ад простых людзей, якія могуць гукнуць і нават кінуць нешта ў іхны бок. Потым сарвалі мешкавіну з манумэнта... і — шэдэўр таталітарызму!

Шматмэтровы Ельцын матэрыялізуецца з мармуровай пліты, схоплены момант пераходу барэльефа ў аб'ёмную скульптуру, прычым усё зьверху ўніз. Мангалоідныя рысы галавы Ельцына чытаюцца рэльефам, а штаніны вельмі пуката ўрастаюць у штучны пагорак-пастамэнт. На помніку крыкліва вялікім залатым шрыфтом адно слова — Ельцин. Людзі заўважылі, што так падпісвалі помнікі кумірам — Ленін, Сталін... Ідзе стварэньне чарговага міфа “демократіческой Россіі...”

Алесь Хадасевіч


Паніка ў Маскве

1 лютага 2011 г. славацкая газэта “Novy Cas” паведаміла, што пасьля тэракта ў аэрапорце Дамадзедава ў Маскве назіраецца сапраўдная эпідэмія тэелефанаваньняў з фальшывай інфармацыяй пра закладзеныя бомбы. Паведамлялі пра бомбы на Кіеўскім вакзале, у адной з галерэй, у вялікіх крамах. Паліцыя злавіла сем з тых, хто званіў. Бомбаў не знайшлі. Тэлефануюць ня толькі псіхапаты. Людзі прыслухоўваюцца да размоваў у натоўпе і ў іх узьнікаюць падазрэньні, што рыхтуецца тэракт. Адзін са званільшчыкаў нават назваў паліцыі сваё імя і прозьвішча. Яго цяпер дапытваюць.

Наш камэнтар: Многія замежныя СМІ так і пішуць пра “паніку ў Маскве”. Жудасны горад калоціцца ў сутаргах, не дапамагае ні шалёнае багацьце, ні арда паліцэйшчыны і гэбэ.

Дарэчы, стала вядома, што непасрэдна перад выбухам у аэрапорце Дамадзедава некалькі міжнародных рэйсаў (якія павінны былі рабіць пасадку у Дамадзедаве) чамусьці былі накіраваныя на пасадку ў Шарамецева. Зноў падазроны почырк?

Юрка Марозаў


Выдалілі дыплямата

1 лютага 2011 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” напісала пра выкраданьне пашпартоў у Ірляндыі для патрэбаў расейскіх шпіёнаў, якія дзейнічалі ў ЗША. Ірляндскія ўлады выдалілі з краіны ў сувязі з гэтым аднаго расейскага дыплямата. Адзін з ірляндскіх скрадзеных пашпартоў атрымала і вядомая шпіёнка Ганна Чапман.

Наш камэнтар: Яшчэ адзін правал лубянскіх шцірліцаў, якія расперазана куражацца ў бездапаможных заходніх дэмакратыях.

Алесь Хадасевіч


Чуткі

1 лютага 2011 г. польская газэта “Rzeczpospolita” напісала, што паводле расейскай газэты “Коммерсант-Деньгі” Ул. Пуцін валодае 26 люксусовымі рэзыдэнцыямі.

Наш камэнтар: Гэтая інфармацыя даволі даўно цыркулюе ў расейскіх і замежных СМІ. Ёсьць фотаматэр'ялы і сьведчаньні людзей. А лубянскі падпалкоўнік ўсё строіць з сябе дэмакратычнага і простага “дзядзю Валодзю”.

Алесь Хадасевіч


Цемра русіфікацыі

1 лютага 2011 г. дацкая газэта “Berlingske Tidende” апублікавала артыкул псіхолага Сёрэна Мёлера пад тытулам “Сказалі “А”. Навуковец апісвае мэханізмы чалавечай памяці, якая вяртае нас да даўніх часоў і вызначае пачаткі інтэлектуальнага разьвіцьця асобы. На здымку ў газэце — клас дацкай пачатковай школы з пачатку мінулага стагоддзя. Дзеці сядзяць шэрагамі разам з настаўнікам.

Наш камэнтар: Здымак у дацкай газэце па стылю і вобразнасьці ідэнтычны безьлічы беларускіх школьных здымкаў пачатку мінулага стагоддзя. Дзяўчынкі і хлопчыкі сур'ёзна глядзяць у аб'ектыў і чакаюць, пакуль вылеціць абяцаная птушка... Шчымлівы групавы партрэт нашых прабабак і прадзедаў.

Навуковец разважае пра памяць, мову, навучаньне. Дацкія дзеткі ўсіх пакаленьняў вучыліся на роднай мове, на грунце роднай культуры, у любові да ўсяго сьвятога і роднага.

Душы нашых беларускіх дзяцей шэрагу пакаленьняў пад савецкай акупацыяй акупанты вучылі па-свойму, у нянавісьці да роднага, у зьнявазе сьвятога. Адным словам, — усё наадварот. Акупацыя працягваецца. Цяпер ўжо ўнутранная. Цемра нявечаць душы дзяцей русіфікацыяй. Гэтае акупанцкае “наадварот” трэба ліквідаваць як мага хутчэй. Трэба ратаваць нашыя пакаленьні.

Юрка Марозаў