ХЛУСЯЦЬ НАРОДУ

8 лютага настала чарга сп. Станіслава Багданкевіча з АГП распавядаць на Радыё Свабода пра падзеі і вынікі апошняй “выбарчай кампаніі”. Вядома, што банкіры — не рамантыкі і не лірыкі, яны выказваюцца дакладна і ўзважана. І вось, што сказаў на Свабодзе сп. Багданкевіч:

“У гэтай сытуацыі ў апазыцыі былі два шляхі: байкот “выбараў” або фармальны ўдзел у іх дзеля інфармацыйных мэтаў. Дэмакратычная апазыцыя абрала другі шлях. Яна дэ-факта ўдзельнічала ня ў “выбарах”, а грамадзка-палітычнай кампаніі, закліканай выкарыстоўваць існуючыя магчымасьці больш свабодных сустрэч з народам для выкрыцьця аўтарытарна-дыктатарскага рэжыму, які ўкараніўся ў краіне, для дэзамбаваньня пэўнай часткі насельніцтва”.

Сказана ярка і вобразна. Асабліва бліскуча прагучаў рэдкі тэрмін “дэзамбаваньне”.

Далей сп. Багданкевіч падкрэсьлівае слушнасьць рашэньня “дэмакратычнай апазыцыі” весьці людзей да Дому Урада. Потым, праўда, выскачылі нейкія правакатары і пачалі шыбы біць — “вынік злачыннага патураньня ўладаў”. З разважаньняў сп. Банкір робіць выснову, што трэба заснаваць Саюз дэмакратычных сілаў і вылучыць агульнанацыянальнага лідэра.

На ўсё гэта трэба нагадаць сп. Багданкевічу і іншым дзеячам з “дэмапазыцыі”, што значыць (у перакладзе з грэцкай мовы і паводле класічнай традыцыі) тэрмін “дэмакратычная” — гэта ёсьць вытворнае з слова “дэмакратыя” — “народаўладдзе”. А больш проста: дэмакратычная — значыць народная, якая служыць народу.

Добра ж “паслужыла” народу гэтая “дэмапазыцыя”. Народ называе такое “мядзьвежай паслугай”. “Апазыцыя” з сп. Багданкевічам на працягу некалькіх месяцаў перад выбарчым фарсам антынароднага рэжыму тлумачыла народу з розных трыбунаў, што трэба ісьці галасаваць, удзельнічаць у выбарах, кандыдаваць, агітаваць і г.д. Герольды ад гэтай “апазыцыі” высьмейвалі і абвяргалі ідэю Народнага Байкоту, улюлюкалі і крыўляліся. Гэта яны так казалі і рабілі публічна. А вось, аказваецца, ў сваіх думках і патаемных праектах “апазыцыя” мела зусім іншае: для яе гэта быў “фармальны ўдзел” у “выбарах”. Яны проста “удзельнічалі ў грамадзка-палітычнай кампаніі” і “выкарыстоўвалі існуючыя магчымасьці”. Для іх “выбары” і не былі выбарамі.

Псэўдаапазыцыя, такім чынам, хлусіла народу. Разам з рэжымам гэтыя структуркі спачатку замбіравалі сваёй маной многіх людзей, потым разам з гэбоўскімі правакатарамі павялі дзесяткі тысячаў людзей у паліцэйскі мяшок перад Домам Ураду. Матывы і дзеяньні гэтых псэўдаапазыцыйных асобаў будуць разглядацца на судовых паседжаньнях ў вызваленай ад акупацыі Беларусі ў справе Крывавай нядзелі 19 сьнежня 2010 г. і падзеяў вакол яе.

Дарэчы, з усяго паведамленага сабой на Радыё Свабода сп. Багданкевіч зрабіў кур'ёзныя высновы: наконт “Саюза дэмсілаў” і “адзінага кандыдата”. Дык жа ёсьць такі “саюз”. Ён вечна мяняе назовы, але апошнім разам ён выразна засьвяціўся падчас выбарчага фарсу ў выглядзе “каардынацыйнай рады дэмсілаў”. Ёсьць і “адзіны кандыдат” або “адзіны лідэр”. Праўда, перад вачыма грамадзтва і сьвету мільгаюць некалькі постацяў у гэтым амплуа: то Мілінкевіч, пра якога ўсе былі забыліся, то Калякін, які ўжо “не камуніст”, то яшчэ нехта.

Яны працягваюць хлусіць, фальшывіць, выкручвацца. Яны ідуць па сваёй крывой дарожцы і спадзяюцца ісьці па ёй вечна і беспакарана. Але дарожка хлусьні канчаецца...

Янка Базыль