ГУКАЛЬШЧЫКІ ФАЛЬШУ

Беларускае грамадзтва са зьдзіўленьнем заўважае, як псэўдаапазыцыйныя палітычныя дзеячы ратуюць зьдзьмуты аўтарытэт антыбеларускага рэжыму.

11 лютага мы пазнаёміліся з выступам на Радыё Свабода Аляксандра Ярашука. Гэтая асоба ў пэўным сэнсе знакавая. Зь ягоным прыходам на пасаду старшыні Беларускага кангрэсу дэмпрафсаюзаў адбыўся поўны разгром дэмакратычных прафсаюзаў, якія дзейнічалі ў піку рэжыму з 1991 года. Цяпер тое, што існуе пад ягоным кіраўніцтвам, — мізэрны цень былой арганізацыі беларускіх працоўных, фантом, падпарадкаваны службам рэжыму.

Людзі памятаюць, як гэты савецкі намэнклятуршчык яшчэ да ўвядзеньня яго ў Кангрэс дэмпрафсаюзаў заклікаў са старонак газэты “Нар. Воля” хутчэй злучаць Беларусь з Расеяй. Цяпер працытуем ягоны выступ на Радыё Свабода: “Лічу шкоднымі для справы сьцьвярджэньні, што Лукашэнка выбары ня выйграў. Мая асабістая думка, што ён атрымаў падтрымку 53-55 адсоткаў ад усіх, хто прыняў удзел у выбарах, ня вельмі адрозьніваецца ад лічбы НІСЭПІ ў 58 адсоткаў. Шкодна будаваць ілюзіі наконт перамогі, якой не было”.

Прынята, што публічны дзеяч, які робіць такія важныя высновы, паведамляе пра крыніцы сваіх высноваў і “асабістай думкі”. А. Ярашук ні на што ў сваіх падсумаваньнях не абапіраецца. “Яму так падалося, у яго думка такая...”

Псэўдадзеячы вымушаны прызнаць, што рэжым і рэжымны начальнік падманулі народ з 80% “элегантнай перамогі” на выбарчым фарсе. Але перад імі задача пераканаць грамадзтва, што “перамога” усё ж адбылася, хаця і не такая “элегантная”. Вось яны і высільваюцца, “нацягваюць” крымінальнаму рэжыму хаця б крыху легітымнасьці, хаця б 51-55%.

Цытуем далей выступ А. Ярашука: “КДБ зь яго несумненным уплывам ня робіць дзесятай долі той шкоды, якую сама сабе ў асобе сваіх лідэраў наносіць апазыцыя. Таму я заўсёды іранічна ставіўся да дэманізацыі спэцслужбаў у дэмакратычным руху”. Трэба ставіцца да гэтых разважаньняў А. Ярашука з рэспэктам. Ужо ж ён то ведае праблему “знутры”, ён — загартаваны кадр. Можна толькі задаць рытарычнае пытаньне на тэму арганізацыі з тэрарыстычнымі традыцыямі: ці можна сапраўды дэманізаваць дэмана?

Правераныя кадры, — папы-гапоны і попікі-гапончыкі мінулага выбарчага фарсу, — актыўна загукалі пра Дзень Волі, які зьбіраюцца (ва ўласьцівай ім манеры) адзначыць 25 сакавіка сёлета. Утвораны два “аргкамітэты” акцыі, праведзены “перамовы”, арганізаваны дзьве прэс-канфэрэнцыі. “Малады Фронт” заявіў, што будзе весьці людзей адным маршрутам. Другі аргкамітэт з больш сталых таварышаў заявіў, што пойдзе іншым шляхам.

Што да другога камітэта, то зьвяртае на сябе ўвагу асоба галоўнага гаварыльшчыка ад імя камітэта. Гэта раскрыты правакатар Андрэй Дзімітрыеў, зь якім наша грамадзтва ўжо разабралася. У час “выбарчай кампаніі” гэты кіраўнік штабу Ул. Някляева публічна выступіў на баку рэжыму, які па-зьверску расправіўся з паэтам-кандыдатам. Агент быў, як кажуць, “спалены”. Яго трэба было б накіроўваць на нейкую “іншую работу”. Але яны лічаць наш народ такім недалёкім, што зьбіраюцца ачоліць акцыю на Дзень Волі сваім спаленым агентам. Няўжо нехта клюне на гэтую прымітыўную правакацыю і пойдзе маніфэставаць пад камандай агентуры?

Спадзяемся, што драматычныя падзеі і цынічныя здрады народнага даверу шмат чаму навучылі нашых змагарных людзей і ўсё грамадзтва.

Янка Базыль