ЯШЧЭ РАЗ ПРА “РАСЕЙСКІ ЦУД”

Ва ўсім сьвеце і ў самой Расеі людзі зьдзіўляюцца, як яшчэ можа стаяць і не падае тое, што называецца расейскай эканомікай, расейскай гаспадаркай і расейскай імпэрыяй у цэлым. Сапраўды, нейкі “цуд”. Людзі духоўнага і рэлігійнага жыцьця кажуць, што Бог дае расейскаму народу час і магчымасьць убачыць і асэнсаваць тое, што зь ім адбываецца. Але мы пераконваемся, што “православнейшія” нічога ня бачаць і высноваў ня робяць. У сваёй абсалютнай бальшыні яны “горды за Отечество”, “верны свяшченным рубежам” і як там яшчэ сфармулявана для таямнічай рускай душы фармулёўшчыкамі ад эвалюцыі на 1/6 зямной сушы. Зрэдку гучаць цьвярозыя галасы пасярод гэтай спустошанай і вартай жалю пустыні. Але ад іх адмахваюцца, іх ня хочуць слухаць. Імклівы час мінае і здаецца, што ўсё бліжэй разьвязка...

Прапануем вашай увазе артыкул Віталія Портнікава з расейскага інтэрнэт-выданьня Грані.Ру.

Імклівы час

Прадстаўнікі Сьледчага камітэту Расейскай Фэдэрацыі прышлі з ператрусам у офіс кампаніі “Інтеко”, якая належыць жонцы былога мэра расейскай сталіцы Алене Батурынай. Сэнсацыйным гэтае паведамленьне назваць цяжка. Цікавей падумаць над тым, чаму сьледчыя не прыходзілі раней: відавочна, што запас трываласьці ў Юрыя Лужкова і Алены Батурынай аказаўся дастаткова вялікім. Але і ён вычарпаны. Прыход сьледчых — гэта толькі першая ластаўка: цяпер абвінавачваньні будуць зьяўляцца штодня, а Юры Лужкоў і Алена Батурына — калі іх не падвядзе розум — пачнуць камэнтаваць іх з эмігранцкай далечыні. Або з залі суда — калі розум падвядзе.

Зразумела, ня толькі даклады апазыцыянераў дазвалялі рабіць меркаваньні аб карупцыйным складніку бізнэса жонкі начальніка горада. Кожны, хто хаця б раз у жыцьці праязджаў з “мігалкай” па маскоўскіх вуліцах або хаця б проста па іх шпацыраваў, разумее, што ў зямлю расейскай сталіцы закапаныя мільярды. Але мы ўсе цудоўна разумеем, чаму раней сьледчых не было, а цяпер яны ёсьць. І кожны чалавек, які займаецца маскоўскім (альбо любым іншым) будаўніцтвам, гэта таксама разумее. Пакуль ёсьць магчымасьці, да цябе ніхто ня прыйдзе. А калі гэтыя магчымасьці выпарацца, нішто не абароніць цябе ад суровага, але справядлівага правасуддзя. Да цябе прыдуць, нават калі ты тройчы “Інтеко”.

А гэта вызначае сам характар расейскага разьвіцьця — эканомікі аднаго дня, нястрымнай нажывы без ценю думак пра яе наступствы. І на самой справе: як можна думаць пра нейкую сур'ёзную пэрспэктыву, калі твой бізнэс залежыць выключна ад сувязяў з чынавенствам? Калі ты жонка, муж, сват, брат, даеш хабар, то квітненьне табе забясьпечана. Калі ты хочаш займацца бізнэсам з вуліцы, ты наўрад ці дойдзеш нават да парога, за якім знаходзяцца скрадзеныя мільёны.

Бяда толькі ў тым, што чыноўнік, што клапоціцца аб табе, ня вечны, нават калі яму ўдаецца кіраваць дзесяцігоддзямі. Гэта як у савецкі час — колькі ў Палітбюро не сядзі, а пры выйсьці на пэрсанальную пэнсію дачу ўсяроўна забяруць і катэгорыю спэцразьмеркавальніка зьменяць, даруй. А сваякам тваім ужо дакладна адмысловых ільготаў не прадугледжана — не заслужылі-с.

Цяпер адбіраюць бізнэс. Менавіта таму галоўнай мэтай тых, хто зарабляе, зьяўляецца тэрміновае ўзбагачэньне, перавод грошай у афшоры і на замежныя рахункі, адпраўка дзяцей у Лёндан з наступнай уласнай эвакуацыяй з паляны — калі пэрыяд росквіту скончыцца і трэба будзе саступаць яе новым сваякам. Так што расейскі эканамічны цуд складаецца на самой справе не ў марнаваньні нафтавых грошай, не ў мадэрнізацыі і стабілізацыі, а ў тым, што пры такіх варварскіх адносінах улады і асацыяваных зь ёю бізнэсоўцаў да эканомікі краіна яшчэ не абрынулася канчаткова.

Віталі Портнікаў

Крыніца: http://www.grani.ru/opinion/portnikov/m.186374.html

Пераклад з расейскай В. Буйвала.