“Я НАВАТ ДЗЕСЯЦІ ГАДОЎ ЁЙ НЕ ДАЮ”

Дыягназ маскоўскага пісьменьніка Уладзімера Сарокіна — не арыгінальнічаньне моднага творцы. Ёсьць расейцы, здольныя думаць і аналізаваць, якія з жахам назіраюць за працэсамі, што разгарнуліся на прасторах іхняй радзімы. І яны спрабуюць данесьці да грамадзтва сваю трывогу. Але іх хутчэй паслухаюць уважліва ў аддаленай ад Масквы Іспаніі, чым у самой Маскве. На іхныя словы праўды лубянскі рэжым рэагуе хутка і адназначна — ніякіх дыскусіяў. Сярод рэакцыяў улады на антыўтопіі Сарокіна найбольш “выхаваўчая” адбылася з удзелам тусоўшчыкаў маладзёвай лубянскай арганізацыі “Наші”, якія публічна нішчылі кнігі пісьменьніка. Зьвяртае на сябе ўвагу таксама факт, што на Захад сталі запрашаць людзей “з Усходу”, якія кажуць праўду пра небясьпечны для чалавецтва маскоўска-імпэрскі труп. Раней, як памятаем, іх ніхто і слухаць не хацеў. Падобна, што заходнікі “накушаліся” ужо “перастройкі” і “гласнасьці”. У галовах назіраецца некаторае бражэньне.

Артыкул быў апублікаваны ў іспанскай газэце “ABC” 14 лютага 2011 г.

Пісьменьнік Уладзімер Сарокін параўноўвае Расею з апошнім дыназаўрам

Неадназначны і спрэчны расейскі пісьменьнік-постмадэрніст Уладзімер Сарокін, чый раман “Лёд” у студзені выйшаў у сьвет на іспанскай мове ў выдавецтве “Alfaguara”, параўноўвае сёньняшнюю Расею з апошнім гістарычным дыназаўрам і сьцьвярджае, што жыць яму засталося няшмат.

“Расея — гэта гіганцкі тыраназаўр са сьцертымі клыкамі . Яна ледзь перасоўваецца, кожны рух даецца ёй зь цяжкасьцю. Я б сказаў, што гэта паміраючая жывёліна”, — выказаў у гаворцы з карэспандэнтам агенцыі Efe свой палеанталагічны дыягназ 55-гадовы Уладзімер Сарокін, якога ўжо лічаць класікам расейскай літаратуры.

Як мяркуе пісьменьнік, які зьяўляецца адной са знакавых постацяў расейскага канцэптуалізма, усё, што перажыла Расея ад пачатку ХХ стагоддзя, уяўляе сабой “этапы распаду Імпэрыі”.

“Распад распачаўся ў лютым 1917 года. Потым расейская імпэрыя, якая знаходзілася ў непрытомным стане, з дапамогай неверагодных намаганьняў спарадзіла бальшавікоў, якія пачварным чынам адрадзілі гэтую Імпэрыю”, — сьцьвярджае Сарокін, нетаропка і з інтэрваламі вымаўляючы адну за адной зьнішчальныя фразы.

На ягоную думку, Савецкі Саюз уяўляў сабой “нешта накшталт штучна адроджанага трупа расейскай імпэрыі”.

“Гэта быў пачварны экспэрымэнт, які на пачатку праходзіў пасьпяхова за кошт каласальных ахвяраў, страха, ізаляцыі. Потым, натуральным чынам, труп пачаў раскладацца”, — працягвае літаратар.

Як лічыць Сарокін, апошні пэрыяд расейскай гісторыі — прэзыдэнцтва Уладзімера Пуціна і Дзімітрыя Медведева — уяўляе сабой “апошні этап жыцьця імпэрскага трупа”.

“Што адбудзецца? Абрынецца яна цяпер альбо будзе падаць, як пры запаволеных здымках, на працягу некалькіх гадоў? Невядома”, — дадае аўтар з ненатуральнай усьмешкай, поўнай фаталізма. “Расея, — кажа ён, — краіна непрадказальная, загадкавая”, хаця яе народ “ня мае ані найменшай волі для таго, каб наладзіць сваё жыцьцё і палітычную абстаноўку”.

“Так больш працягвацца ня можа. Я нават дзесяці гадоў ёй не даю”, — выносіць свой прысуд аўтар антыўтопіі “Дзень апрычніка”.

Пераклад з іспанскай В. Буйвала