ЧУЖОЕ І ФАЛЬШЫВАЕ СЬВЯТКАВАНЬНЕ

Набліжаецца 20-гадовы юбілей аднаўленьня дзяржаўнай незалежнасьці нашай краіны. У тым жа 1991 годзе пачалося і фармаваньне важнейшай дзяржаўнай структуры — Беларускай Арміі, сучаснай арміі сучаснай дзяржавы. Але за намі — стагоддзі подзьвігаў і перамогаў, славутых абаронаў і экспэдыцый беларускага войска, якое выратавала ад маскоўскага Патопу ня толькі нашу Айчыну, але і ўсю эўрапейскую цывілізацыю (і гэта толькі адзін з нашых нацыянальных подзьвігаў, быць можа галоўны).

У грамадзтвах, якія жывуць нармальным нацыянальным і дзяржаўным жыцьцём, грамадзяне і дзяржаўныя структуры памятаюць аб мінуўшчыне, ганарацца ёю, будуюць на нацыянальнай традыцыі сваю цяпершчыну і будучыню. Інакш у акупаваных краінах, дзе адбываецца працэс дэнацыяналізацыі грамадзтва, дзе акупанты-чужынцы наладжваюць зьнішчэньне нацыянальнай культуры і разгортваюць генацыд тытульнай нацыі, якая жыве на сваёй зямлі.

І праз дваццаць гадоў пасьля вызваленьня ад савецка-расейскай акупацыі мясцовы марыянэткавы рэжым працягвае афіцыйна адзначаць чужы “дзень савецкай арміі і флёту”, які даўно выкрэсьлены з календароў усіх народаў, што таксама вызваліліся з маскоўскага палону ў 1991 годзе. Чаму так? А таму, што ўнутранная акупацыя нашай краіны працягваецца. Яна толькі набыла адмысловыя прыкметы, якія характарызуюць тып акупацыі знутры. Гэта, калі нібыта у дзяржавы ёсьць свой “сьцяг і гэрб” (як вызначае гэта лукашыстоўская прапаганда), нават свой “гімн”, свой “урад” і “прэзыдэнт”, але ўсё гэта нацягнутае, навязанае, несапраўднае. Уся гэтая бутафорыя ёсьць інструмэнтам чужой, варожай беларусам палітыкі, формай здушэньня і ліквідацыі ўсяго беларускага і сьвятога — палітыкай Масквы.

Такой форме дзяржкіраваньня вельмі важна, каб сярод іншага захаваліся прыкметныя “дзяржсьвяты”, якія асацыяваліся б выключна з акупанцкай савецкай традыцыяй і ня мелі аніякай сувязі з нашай нацыянальнай гістарычнай традыцыяй. Такімі ёсьць амаль усе “дзяржсьвяты” рэжыму РБ. У самой Расеі ня ведаюць, як пазбавіцца ад чырвонай даты “23 лютага”. Даўно ўжо высьветлілася, што гэтая афіцыйная дата базуецца на фальшу і падмане. На дэмагагічным рашэньні зьнішчальніка народаў І. Сталіна.

18 лютага 1918 г. ня вытрымаўшы хамскіх і дурных паводзінаў крамлёўскага эмісара Льва Троцкага на мірных перамовах у Берасьці, немцы пачалі магутны наступ па ўсім Заходнім фронце. Ленінская Чырвоная гвардыя імкліва ўцякала па сумётах, па дарозе на Петраград немцы лёгка захапілі Пскоў і Нарву. Бальшавіцкі ЦК напалохаўся і пачаў пагаджацца на ўсе нямецкія ўльтыматумы. Калі б Ленін ня быў нямецкім агентам уплыву, немцы не цырымоніліся б. Ім нічога не каштавала захапіць Маскву і Піцер і разагнаць усіх бальшавікоў. Каб выратаваць сваю хунту, Ленін 23 лютага 1918 г. падпісаў дэкрэт аб фармаваньні “рабоча-сялянскай Чырвонай арміі” (“день рожденія Красной арміі”), якая фармавалася паводле прынцыпу прымусовай мабілізацыі, а не дабраахвотніцтва, якое прывяло да катастрафічных уцёкаў з інстытуту Чырвонай гвардыі. Па ўсіх чырвоных губэрніях бальшавікі распачалі масавую мабілізацыю ў сваю армію пад пагрозай расстрэлаў і расправай над сем'ямі людзей. Пазьней Сталін сваім указам зрабіў гэты дзень сьвяточным. Падчас вайны з іншымі немцамі савецкай прапагандзе спатрэбілася яшчэ раз рэанімаваць гэтую фальшыўку. Было абвешчана, што 23 лютага 1943 года зьдзейсьніў свой подзьвіг шэраговец Аляксандр Матросаў, які закрыў сабой амбразуру дота і загінуў. Тады ж апэратыўна накруцілі мастацкі фільм “о простом русском парне” Матросаве. У гарбачоўскія часы было, аднак, высьветлена, што выхаванец дзіцячага дому А. Матросаў быў на самой справе башкірскім юнаком Шакір'янам Мухамэдзянавым, і загінуў ён не 23, а 27 лютага. Вэтэраны-франтавікі патлумачылі, што ніхто ня кідаўся сам сабой на амбразуры. Жаўнеры спрабавалі кінуць гранату ў амбразуру або стрэліць у яе і гінулі ў такіх абставінах. Адным словам фальш і падман, дэмагогія і зьдзек з праўды.

Як жа адзначыў сёлета гэты “дзень” мясцовы рэжым? А як заўсёды. Начальнік рэжыму наведаў ваенную частку і сказаў, што “мы в землянкі пойдём, но не сдадімся!” Ён меў на ўвазе, што, калі спатрэбіцца, то ўвесь беларускі народ павінен старым дзедаўскім спосабам абараніць яго, — Лукашэнку, — і ягоны лукашызм ад ворагаў. Прычым, усім нам, як мы разумеем, пажадана памерці гераічнай сьмерцю. Напярэдадні начальнік рэжыму ўзнагароджваў сваіх герояў. Так, міністар унутраных справаў РБ А. Куляшоў атрымаў з рук узурпатара пагоны генэрал-лейтэнанта міліцыі. Куляшоў публічна прызнаўся, што ён кіраваў дзеяньнямі сілавых структураў у Крывавую нядзелю 19 сьнежня летась. На ўрачыстым сходзе ў “палацы рэспублікі” у сталіцы міністар абароны рэжыму Ю. Жадобін кляўся ў вернасьці дыктатару і казаў пра “паразу дэструкцыйных сілаў у краіне”. Вось такі рэжым і такія ягоныя “героі”.

Беларусы мусяць адвярнуцца ад чужой фальшыўкі, якая сталася адзнакай антыбеларускага рэжыму. У нас ёсьць наша нацыянальнае сьвята Беларускай Вайсковай Славы — 8 Верасьня, дзень вялікай Аршанскай перамогі над маскоўскім захопнікам.

Янка Базыль