“МІФ ПРА ПУЦІНА ЯК АНТЫ-ЕЛЬЦЫНА”

У Расеі набліжаецца разьвязка канфлікту паміж дзьвюма групоўкамі, якія адчайна хапаюцца за ўладу ў імпэрыі. Расейскі аналітык з Амэрыкі Андрэй Піянткоўскі ва ўласьцівай яму рэзкай манеры характарызуе новы этап гэтага канфлікту, робіць літаратурныя параўнаньні з школьнай праграмы. Але за шурпатай лексікай аўтара выразна чытаецца галоўная думка, якой ён кіраваўся, пішучы тэкст. Калектыўны Медведев і калектыўны Пуцін — гэта адно і тое ж, адзін ганг, адна банда, адна ўзурпацыя. Усё астатняе — гэта дэталі, што не мяняюць сутнасьці крамлёўскага праекту ўтрыманьня на плаву Імпэрыі і захаваньня нарабаваных капіталаў.

Мы таксама добра памятаем, як мяняліся крамлёўскія дэкарацыі і саліруючыя акцёры з масоўкай. Маразм Леаніда Ільіча зьмяніўся “гэбоўскім лібэралізмам” Андропава. Потым настаў сёньняшні юбіляр Гарбачоў з “перастройкай”. Яго пад развал “нерушымага саюза” замяніў сабой “дэмакрат”-Ельцын. А яго ў сваю чаргу пасунуў убок “малады і энэргічны” Пуцін, пры якім Лубянка шыхтом і з песьнямі перайшлі ў Крэмль ды вырашыла застацца там назаўжды. Потым узьнік Медведев... Але няглядзечы на ўсе рэжысёрскія эфэкты, на сцэнічныя маналогі салістаў, нязьменным заставалася адно — непарушнасьць крымінальнай кодлы, якая прадстаўлялася і прадстаўляецца ў сьвеце саліднай тэатральнай трупай. У 2012 годзе ўвесь сьвет будзе сачыць, як на крамлёўскай сцэне разгорнецца чарговы электаральны спэктакль, крывавая рэпэтыцыя якога адбылася нядаўна ў нашай Беларусі.

Публікуем артыкул А. Піянткоўскага, зьмешчаны ў расейскім інтэрнэт-выданьні Грані.Ру.

Абарона Пуціна

Калектыўны Медведев (ня блытаць з фізычным) вядзе ўсё больш дзёрзкую атаку на Пуціна. Хто толькі з гэтай каманды не адзначыўся публічна, угаворваючы Пуціна не ісьці ў прэзыдэнты або прадказваючы, што Пуцін ня пойдзе на новы тэрмін: юргенсы, дварковічы, рамчуковы, гозманы, цімаковы і інш., і інш.

Выкрыцьці пра палацы Пуціна, пра абшчакі ягоных сябрукоў-мільярдэраў ужо вось-вось абрынуцца з Інтэрнэту на экраны дзяржаўных каналаў з багаслаўленьня таго ж калмедведева. Фатаграфіі з хлопчыкам Мікіткай раптам замільгалі на блогах “Эхо Москвы” у зусім нечаканым кантэксьце.

А Пуцін стаічна маўчыць. Гарэ сабе на галерах як выкляты і маўчыць. Ён што, збаяўся. Раскаяўся пад градам абвінавачваньняў, вырашыў сысьці ў кляштар? Ну дык яго імгненна пастрыгуць у Ляфортаўскі.

Альфа-дог не зламаўся. Ён проста чакае, таму што ўся гэтая крамлёўская партыя бабла, паўраганіўшая і ў 90-я, і ў нулявыя, змагаецца зь ім сёньня пад сьцягам вяртаньня да ельцынска-гайдараўскіх нормаў грамадзкага жыцьця, якія растаптаў чэкісцкі ўзурпатар ці то ў 2000-м, ці то ў 2004 годзе.

А такі сьцяг стопрацэнтна працуе на надзвычай выгадны для Пуціна міф, які зьяўляецца яго асноўным і адзіным палітычным капіталам. Міф пра Пуціна як анты-Ельцына, які паўстаў супраць юдзейскіх алігархаў, што абрабавалі народ, і які падняў Расею з каленяў.

Пуцін па-майстэрску трымае паўзу, каб у абраны ім момант адным ударам зьбіць сваіх праціўнікаў з ног, зьвярнуўшыся да нацыі з пытаньнем:

“Вы за мяне, браты і сёстры, або за антыпартыйную групу Валошына-Чубайса-Усманава і далучанага да іх кар'ерыста і двурушніка Абрамовіча, якія ўкараніліся ў атачэньне невыбачальна даверлівага Дзімітрыя Анатольевіча?”

Для большай пераканаўчасьці ён можа кінуць кагосьці аднаго зь іх (ён быў заўсёды эканомным у сродках) на працэсуальна заточаныя калы справядлівага народнага гневу.

І значная частка братоў і сёстраў, няхай і без былога імпэту, а хутчэй са стомленнай наканаванасьцю, але ўсё-ткі адкажуць яму:

“Тыя, што ідуць у ж..., вітаюць цябе, Цэзар!”

Пуцінскі міф Збаўцы Айчыны можа разьбіць толькі праўда пра Пуціна — дробнага піцерскага жуліка ельцынскіх часоў, якога пасадзіла ў прэзыдэнцкае крэсла група самых адборных мярзотнікаў, каб ён ахоўваў іхныя заваёвы іхнай “лібэральнай рэвалюцыі”. Цаной праекта стала крывавая вайна на Каўказе, канца якой ня бачна.

Пуцін павёў сябе ва ўладзе па паняцьцях і ў прынцыпе выканаў усе свае абяцаньні.

А чаго ж іншага вы чакалі, панове ельцынскія іваны карамазавы? Гэта ж вы навучылі сваім прыкладам пуцінскіх смердзяковых, што ўсё дазволена-с. Вы галоўныя забойцы і ёсьць, а яны па слову вашаму гэтую справу і зьдзейсьнілі.

На гэтую праўду калектыўны Медведев-2011 арганічна няздольны з тае простай прычыны, што менавіта ён і быў калектыўным Пуціным-1999.

Андрэй Піянткоўскі

Крыніца: http://www.grani.ru/opinion/piontkovsky/m.186695.html

Пераклад з расейскай В. Буйвала