А ЯНЫ ЗНОЎ ПРА “САВЕЦКІ ПАТРЫЯТЫЗМ”

Калі Валерыя Навадворская крытыкуе апошні напоўфальшывы-напоўпраўдзівы опус расейскага тэлебачаньня пра вайну 1941-45 гг., яна абапіраецца на творы нашых Алеся Адамовіча і Васіля Быкава. Яны (дарэчы, першымі ва ўсім сьвеце) сказалі праўду пра трагедыю народаў сталінска-гітлерскага канфлікту, жудаснага спаборніцтва паміж монстрамі — хто больш зьнішчыць людзей і культуры. Навадворская крытыкуе стваральніка фільма ў кантэксьце, у якім паўтараецца слова “Расея”. Але мы ведаем, што ва ўсіх баях і на ўсіх франтах той вайны ваявалі і гінулі сотні тысячаў беларусаў. У тым ліку і ў шэрэгах 2-й ударнай арміі.

Нельга, аднак, пагадзіцца з Навадворскай, што “Волхаўскі фронт — гэта вельмі страшны фронт”. А што, іншыя франты і партызаншчына не былі вельмі страшнымі? Ня страшным быў загад сталінскага генштаба, які прыступаў да “вызваленьня” Беларусі — ?: “Предписывается на территориях БССР, освобождённых от немецко-фашистских захватчиков, формировать из мужского населения призывного возраста ударные отряды и посылать их в бой. Снабжение обмундированием и вооружением не предписывается...” Нашых дзядоў і бацькоў, няўзброеных і ненавучаных, зганялі ў натоўпы і адразу гналі ў лабавыя атакі на нямецкія кулямёты. Нямногія беларусы, што засталіся ў жывых пасьля гэтых “геніальных апэрацый”, расказалі нашчадкам пра гэтую здраду, дакладней, генацыд “освободітелей”.

І самае галоўнае пытаньне, якое задае Навадворская: навошта НТВ зноў носіцца з фэномэнам “савецкага патрытызму”? Адказ даецца вельмі адназначны: гэбоўская хунта ў Маскве і падпарадкаваныя ёй хунтачкі ў іншых месцах вельмі б хацелі, каб народы зноў ваявалі і паміралі за іх, былі ім вернымі. Каб за іх “ішлі ў зямлянкі”... Але не дачакаюцца маньякі вернасьці іхнаму крымінальнаму клану і самаахвярнасьці з боку новага пакаленьня народаў.

Мы публікуем фрагмэнт артыкула В. Навадворскай з расейскага інтэрнэт-выданьня Грані.Ру.


Здраджаная краіна

НТВ вырашыла заняцца аднаўленьнем гістарычнай праўды. Як заўсёды, пад соўсам з гістарычнай хлусьні. І ў гэтым прыняў самы актыўны ўдзел малады і сымпатычны Аляксей Півавараў, навінкавец з выпуска а 23:15. Ён накруціў фільм пра “здраджаную армію”. Маецца на ўвазе 2-я ўдарная армія Андрэя Андрэявіча Уласава.

Трэба аддаць належнае Аляксею Півавараву: нейкую праўду ён сказаў. Зразумела, далёка яму да Салжаніцына, Уладзімава (“Генэрал і ягоная армія”) або хаця б падцэнзурных “Блакаднай кнігі” Граніна і Адамовіча, пранізьлівых “Сьцюжы”, “Мёртвым не баліць”, “Круглянскага моста” і “Пасткі” Васіля Быкава і адкрыцьцяў Вячаслава Кандрацьева. Але цяперашняе НТВ — гэта вам не “Юность” і не “Новый мір” часоў адлігі. Навошта спатрэбілася Півавараву лезьці ў гэтую сумніўную справу і лішні раз таптацца на праху пакаранага сьмерцю генэрала? Пакаранага за здраду? Не, Сталіну нельга было здрадзіць. Тыран і маньяк ня маюць права на вернасьць. Дык можа Уласаў здрадзіў СССР? Не, СССР быў канцлягерам. Нельга здрадзіць канцлягеру. Дык каму здрадзіў генэрал Уласаў і каму здрадзіла РОА? І ці здрадзілі яны наагул?

“Здраджаная армія” — гэта і ёсьць тая самая 2-я ўдарная. Яе здрадзіў Сталін. А ў Піваварава выйшла, што яе здрадзіў Уласаў. Калі Півавараву ня было дзе сказаць праўду, сказаў бы яе ў Інтэрнэце. Брашуру б напісаў. Усё-ткі не агітка. Ня веру, што ў энтэвэшніка была мэта зьняць “кляймо здраднікаў” з 2-й ударнай арміі. Армія, дарэчы, загінула, памарозілася, памерла з голаду, патрапіла ў абкружэньне, а потым у зубы да смершаўцаў — так што з рэабілітацыяй юны Півавараў відавочна спазьніўся. Амаль нікога ў жывых не засталося. Вось яшчэ ў 1956-м, нават у 1966-м гэта мела сэнс. Людзі б ільготы атрымалі, узнагароды. Праўда, тады не было НТВ...

А сёньня дыктару “Сегодня” гэта навошта? Каб мы пайшлі ваяваць за скрадзеныя намі ў Японіі выспы і не здаліся японскаму імпэратару каля першага сушы-бара? Альбо нам суюць за каўнер гэты ілжывы патрыятызм у спадзяваньні ўсё-ткі дайсьці да Тбілісі, калі з першага заходу, у 2008 года, не ўдалося? Навошта яшчэ патрэбны патрыятызм генэралам, якія распілоўваюць бюджэт, і чэкісцкай хунце, якая ўжо ня можа ўтрымаць Каўказ, нават кідаючы безьліч грошай сатрапу Кадыраву, але ўпарта чапляецца за чужыя Прыднястроўе, Абхазію, Паўднёвую Асэцію і за чатыры японскія скалы ў акіяне?

Аляксей Півавараў прызнаў, што ў абкружанай арміі зьнішчалі параненых, каб яны “не дасталіся ворагу”. Што тых, хто выходзіў з абкружэньня, часта саджалі за здраду, што Сталін аддаў зьверскі загад весьці ўсё цывільнае насельніцтва на прарыў, выганяючы яго з дамоў, а дамы спальваючы. Дзе тут матывы для вернасьці?

Гітлер быў новым, нядаўнім ворагам Расеі, а Сталін — ворагам са стажам, вельмі эфэктыўным ворагам. І тое зло, якое ён зрабіў Расеі за 20 гадоў, было настолькі значным, што Гітлер ніяк ня мог пасьпець зраўняцца зь ім за нейкія тры з паловай гады. Армію кінулі, здрадзілі, наканавалі на пагібель, і яна мела поўнае права не змагацца далей за бальшавікоў. (...)

Волхаўскі фронт — гэта вельмі страшны фронт. Трэба было здаваць Ленінград, як французы здалі Парыж. 900 тысячаў парыжан не памерлі з голаду. Сталіну было пляваць на трупы. Ён згнаіў у ГУЛАГу дзесяткі такіх Ленінградаў. Дык у чым жа вінаватыя ўласаўцы?

Валерыя Навадворская

Крыніца: http://www.grani.ru/opinion/novodvorskaya/m.186760.html

Пераклад з расейскай В. Буйвала