МАГІЛЬНАЯ ЯМА ДЛЯ РЭЖЫМУ

Радыё Свабода паведаміла ўвечары 15 сакавіка: “14 сакавіка Аляксандр Лукашэнка ўхваліў праект міжурадавага пагадненьня з Расеяй аб супрацоўніцтве ў будаўніцтве на тэрыторыі Беларусі АЭС. Падпісаньне кантрактнага пагадненьня прызначана на травень. Не пазьней за чэрвень павінна быць падпісанае крэдытнае пагадненьне паміж міністэрствамі фінансаў Беларусі і Расеі. Мяркуецца, што будаўніцтва катлавану на сэйсмічнай пляцоўцы, дзе будзе ўзьведзена АЭС, пачнецца ўжо ў верасьні 2011 году”.

Ужо праз гадзіну на старонцы Свабоды зьявіўся трапны камэнтар ад беларуса, які разьбіраецца ў атамнай тэматыцы і ня толькі:

“Ёсць такое паняцце, як карма цэлай краіны. Таму для некаторых з дзяржаваў атам асабліва небяспечны. Нават у Бібліі ёсць папярэджанне пра Чарнобыль. Але і такое злавеснае папярэджанне, як чарнобыльская катастрофа, для нашых дурняў, інакш не скажаш, не зьяўляецца знакам бяды ад атама.

Тое ж самае і для Японіі былі Хірасіма і Нагасакі. Але не захацелі зьвярнуць увагу. Будавалі б прыліўныя гідрастанцыі, у іх жа столькі мора навокал. А мы — на торфе, бурых вуглях. А столькі рэк у нас. Не, лезуць пішчом у пекла. Мазгоў няма зусім”.

Тут трэба запярэчыць – мазгі ў бонзаў антыбеларускага рэжыму ёсьць. Але гэта антыбеларускія мазгі. І працуюць гэтыя мазгі супраць нас даволі актыўна. І логіка жалезная ёсьць у іхных дзеяньнях. І ня трэба зьдзіўляцца нічаму, што яны твораць.

Усё больш людзей разумеюць, што антыбеларускі, кіруемы Масквой рэжым ёсьць няшчасьцем для нашай Беларусі. Логіка рэжымшчыкаў – гэта задавальненьне ўласных патрэбаў і забесьпячэньне ўласнага камфорту коштам зьнішчэньня нашай Дзяржавы і паняволеньня нашага народу. Беларусь для цемры лукашыстаў і іхнага псіхічна хворага начальніка – палігон для злачынных экспэрымэнтаў, якія шчодра аплочваюцца маскоўскай імпэрыяй зла.

Увесь збачэнскі інтэлект гэтых дзеячаў і структураў накіраваны на выкананьне волі нашага спрадвечнага ворага-зьнішчальніка. Рабіць усё насуперак нашым нацыянальным інтарэсам – гэта ёсьць прафэсійная спэцыялізацыя лукашызма. Яны б ужо даўно растапталі, зганьбілі і спустошылі ўсё чалавечае і сьвятое ў Беларусі, калі б не было супраціву Беларускага Народнага Фронту начале з Зянонам Пазьняком, вакол якога гуртуюцца патрыёты. Лукашысты пад юдавым прыкрыцьцём падстаўной псэўдаапазыцыі ўжо даўно выканалі б задачу, пастаўленую перад імі Масквой. Але авангард беларускага грамадзтва супраціўляецца і разгортвае нацыянальную асьвету. Альтэрнатывай асьвеце ёсьць “русскоязычное” цемрашальства, варварства, цывілізацыйная адсталасьць на ўсход ад Смаленска.

І вось імпэрцы праз 25 гадоў пасьля Чарнобыля прышлі да нас з сваім “мірным атамам”. Прышлі ў адкрытую, з цынічнай усьмешачкай. Яны прапануюць нам атамную сьмерць. Яны ставяць подпісы разам з сваімі лукашысцкімі халуямі на атамнай дамове ў той самы дзень, калі адбываюцца выбухі на японскіх атамных станцыях. Яны любяць такія спэцэфэкты. Так жа сама яны падпісвалі пакты з Гітлерам у час, калі фашыстоўская цемра зьбірала войскі на межах эўрапейскіх краін і рыхтавалася да захопу і зьнішчэньня. Бог дае ўсяму чалавецтву знак – спыніцеся, пакіньце ў спакоі матэрыю і атам! А ім, — сатаністам, — “всё ніпочём”, яны сьмяюцца з Бога, цягнуць нашу Беларусь у атамны кашмар. Яны рыхтуюць нам працяг Чарнобылю, яшчэ больш страшны, чым першы постчарнобыльскі акт нашай нацыянальнай драмы.

Трэба спыніць гэтую цемру. Трэба згуртавацца ўсім народам на абарону жыцьця на нашай зямлі і будучыні нашых дзяцей. Трэба пагнаць сатаністаў з нашай сьвятой зямлі. Няхай шукаюць прытулак у Маскве.

У нас ёсьць час для выратаваньня. У верасьні сёлета сатаністы зьбіраюцца распачаць капаць катлаван для сваёй атамнай станцыі. Хай капаюць сабе магілу. Нам цяпер трэба арганізоўваць структуры грамадзтва, гуртавацца ў суполкі, наладжваць паралельнае рэжыму грамадзкае жыцьцё (беларускае, нацыянальнае па сутнасьці). Калі катлаван будзе гатовы, то трэба пахаваць у гэтай яме чалавеканенавісьніцкі і богапраціўны прамаскоўскі рэжым. Ён ня мае права на існаваньне на нашай зямлі.

Юрка Марозаў