1991: ХРОНІКА НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ

25 жніўня 1991 году Беларусь стала незалежнай. Гэтаму папярэднічалі стагодзьдзі змаганьня пакаленьняў беларусаў за свабоду сваёй Бацькаўшчыны.

У новым годзе Радыё Свабода мяркуе прапанаваць цыкль праграм з расповедам пра тых асобаў, тыя працэсы і падзеі, якія прычыніліся да абвяшчэньня незалежнасьці, з аналізам зробленага за дваццаць гадоў у культуры, эканоміцы, міжнародных дачыненьнях і іншых сфэрах. Сёньня мы нагадваем некаторыя асноўныя падзеі 1991 году, калі Беларусь зьявілася на мапе Эўропы ў якасьці незалежнай дзяржавы.

1 студзеня. Паводле ўказу прэзыдэнта СССР Міхаіла Гарбачова пачынае дзейнічаць 5-адсоткавы падатак з продажу (фактычна ўсе кошты і паслугі падаражэлі на 5 адсоткаў).

Мітынг каля парлямэнту Літвы, 14 студзеня 1991 г.

13 студзеня. Савецкія ўзброеныя сілы і падразьдзяленьні КДБ штурмуюць тэлевізійны цэнтар у Вільні. У гэты ж дзень Апазыцыя БНФ прымае заяву ў падтрымку незалежнасьці Літвы. З асуджэньнем дзеяньняў Крамля выступае Васіль Быкаў. На патрабаваньне дэпутатаў Апазыцыі БНФ Вярхоўны Савет абмяркоўвае сытуацыю ў Літве. У Вільню накіроўваюцца дзьве дэлегацыі дэпутатаў — ад Вярхоўнага Савету і ад парлямэнцкай апазыцыі.

Вярхоўны Савет БССР асуджае прымяненьне сілы супраць мірнага насельніцтва Літвы.

20 студзеня. У выніку дзеяньняў савецкіх войскаў у Рызе забітыя некалькі мірных жыхароў. 84 дэпутаты Вярхоўнага Савету БССР выказваюць падтрымку парлямэнтам балтыйскіх краін і просяць накіраваць афіцыйных прадстаўнікоў Рады Бясьпекі ААН у Латвію і Літву.

22 студзеня. Прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў падпісвае ўказ аб ліквідацыі 50- і 100-рублёвых купюраў. На абмен (ня больш як 1000 рублёў на чалавека) даецца тры дні. Рашэньне не было ўзгоднена з парлямэнтамі і ўрадамі саюзных рэспублік і прывяло да рэзкага зьбядненьня значнай часткі насельніцтва.

Сэсія Вярхоўнага Савету. Выступае старшыня Апазыцыі БНФ Зянон Пазьняк.

23 лютага. У Беларусь прыбывае прэзыдэнт СССР і Генэральны сакратар ЦК КПСС Міхаіл Гарбачоў. Ён наведвае Вярхоўны Савет, аднак адмаўляецца адказаць на пытаньні дэпутатаў пра дапамогу ў ліквідацыі чарнобыльскай катастрофы. У АН БССР Гарбачоў выступае з прамовай, у якой заяўляе пра неабходнасьць захаваньня СССР і вернасьць ленінскай ідэалёгіі. Гарбачоў наведвае зоны, пацярпелыя ў выніку аварыі на ЧАЭС.

Артыкул пра знаходжаньне ў Менску М. Гарбачова, газэта Витебский курьер

17 сакавіка. У СССР (за выключэньнем Армэніі, Грузіі, Латвіі, Літвы, Малдовы і Эстоніі) адбываецца ініцыяваны Міхаілам Гарбачовым рэфэрэндум аб захаваньні СССР. Паводле афіцыйных дадзеных, 82,7 адсотка ўдзельнікаў галасаваньня выказваюцца станоўча. Апазыцыя БНФ канстатуе парушэньне заканадаўства аб рэфэрэндуме і зьвяртае ўвагу, што праціўнікі захаваньня СССР ня мелі магчымасьці агітаваць у СМІ.

2 красавіка. Прэм'ер-міністар СССР Валянцін Паўлаў падвышае цэны на асноўныя тавары і прадукты харчаваньня ў тры разы.

Удзельнікі страйку перад Домам ураду, 3 красавіка 1991 г.

3-25 красавіка. Рабочыя Электратэхнічнага заводу ў Менску перакрываюць трамвайны рух па вул. Даўгабродзкай, пратэстуючы супраць падвышэньня цэнаў. Іх падтрымліваюць рабочыя іншых заводаў. Дзясяткі тысяч чалавек сьцякаюцца да Дома ўраду, распачынаецца стыхійны мітынг. Ад эканамічных патрабаваньняў рабочыя пераходзяць да палітычных, сярод якіх — “неадкладна распачаць выкананьне Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце”. “прыпыніць выплаты з рэспубліканскага ў саюзны бюджэт”, “не падпісваць саюзную дамову да прыняцьця Канстытуцыі сувэрэннай Беларусі”, “неадкладна нацыяналізаваць маёмасьць КПБ-КПСС”. Распачынаецца ўсебеларускі страйк, які доўжыцца некалькі тыдняў. Ад імя кіраўніцтва перамовы з страйкамам вядзе першы намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету С. Шушкевіч (старшыня ВС М. Дземянцей хварэе). Кіраўніцтва ВС і Саўміну адмаўляецца задаволіць патрабаваньні страйкоўцаў. Рабочыя ў Воршы перакрываюць чыгуначны рух. Прапанова дэпутатаў Апазыцыі БНФ неадкладна склікаць нечарговую сэсію ВС у справе разгляду патрабаваньняў страйкоўцаў Прэзыдыюмам ВС не прымаецца.

27 красавіка. У Доме літаратара БНФ праводзіць “Народны трыбунал” у справе аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Канстатуецца, што камуністычныя ўлады нясуць адказнасьць за ўтойваньне інфармацыі пра аварыю і непрыняцьце належных захадаў, каб ліквідаваць яе наступствы.

5 траўня. Дырэктары, кіраўнікі прафкамаў і старшыні страйкамаў пяці найбуйнейшых прамысловых прадпрыемстваў Віцебску зьвяртаюцца ў Вярхоўны Савет з патрабаваньнем “надаць Дэклярацыі аб сувэрэнітэце канстытуцыйны характар”.

У залі пасяджэньняў ВС. У цэнтры — дэпутаты Валянцін Голубеў і Сяргей Папкоў

21 траўня. Пачынаецца чацьвёртая сэсія Вярхоўнага Савету БССР 12 скліканьня. Большасьць дэпутатаў адмаўляецца ўключыць у парадак дня сэсіі прапанаваныя Апазыцыяй БНФ пункты пра наданьне Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце канстытуцыйнага статусу, пра кааліцыйны ўрад народнага даверу і пра патрабаваньні, вылучаныя ўдзельнікамі красавіцкіх страйкаў.

12 чэрвеня. Вярхоўны Савет БССР галасуе за падпісаньне прапанаванай М. Гарбачовым Саюзнай дамовы. Дэпутаты Апазыцыі БНФ выказваюцца супраць.

Авальная заля, выступае старшыня часовай камісіі Г. Вячэрскі

Вярхоўны Савет абмяркоўвае справаздачу Часовай Камісіі ВС аб ацэнцы дзеяньняў службовых і іншых адказных асобаў у сувязі зь ліквідацыяй наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

5 ліпеня. Канцлер Нямеччыны Гельмут Коль — Міхаілу Гарбачову: “Важна пазьбягаць дзеяньняў, якія б стваралі на Захадзе адчуваньне таго, што СССР вось-вось разваліцца на канглямэрат асобных рэспублік”.

30 ліпеня. Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш — Міхаілу Гарбачову: “Ні ў якім разе не зьбіраюся падтрымліваць сэпаратызм”.

14 жніўня. Маскоўская газэта “Известия” паведамляе, што падпісаньне Саюзнай дамовы заплянавана на 20 жніўня ў Маскве. Дэпутаты Апазыцыі БНФ зьмяшчаюць у друку адкрыты ліст на імя М. Дземянцея, дзе адзначаецца, што зьменены тэкст не разглядаўся Вярхоўным Саветам. “Вы імкняцеся заключыць дагавор пра лёс Беларусі без праходжаньня ўсіх неабходных у такіх выпадках экспэртызаў, абмеркаваньняў і рашэньняў... Фактычна размова ідзе пра падпісаньне новага, каляніяльнага для Беларусі дагавору”.

Праект заявы дэпутатаў Апазыцыі БНФ, 19 жніўня 1991 г. (архіў С. Навумчыка)

Мітынг 19 жніўня 1991 г. Выступае дэпутат Аляксандар Сасноў

19 жніўня. У Маскве “Дзяржаўны камітэт па надзвычайным становішчы”(“ГКЧП”) заяўляе, што прэзыдэнт СССР М. Гарбачоў ня здольны выконваць свае абавязкі па стану здароўя. Кіраўніцтва ЦК КПБ на чале зь першым сакратаром А. Малафеевым выказвае падтрымку ГКЧП. Шасьцёра дэпутатаў Апазыцыі БНФ ідуць да М. Дземянцея і патрабуюць зьвязаць іх з Гарбачовым. Дземянцей адмаўляецца і заяўляе, што “Гарбачоў псыхалягічна вычарпаў сябе”. Дэпутаты Апазыцыі заяўляюць аб неканстытуцыйнасьці ГКПЧ і ацэньваюць яго ўтварэньне як спробу захаваць савецкую імпэрыю шляхам усталяваньня ваеннай дыктатуры. Дэпутаты Апазыцыі заклікаюць грамадзянаў, а таксама старшыню Савету міністраў В. Кебіча, старшыню КДБ Э. Шыркоўскага і міністра ўнутраных спраў У. Ягорава не выконваць пастановы ГКЧП і патрабуюць склікаць нечарговую сэсію Вярхоўнага Савету. 31 дэпутат Менскага гарсавету накіроўвае М. Гарбачову ў Маскву тэлеграму падтрымкі. У Маскве прэзыдэнт РФ Б. Ельцын заяўляе пра неканстытуцыйнасьць ГКЧП. Вакол будынку Вярхоўнага Савету РСФСР (“Белага дому”) зьбіраюцца тысячы людзей. Увечары БНФ праводзіць мітынг перад Домам ураду, удзельнічае некалькі сотняў чалавек.

Здымак з газэты Свабода

20 жніўня. Да патрабаваньня дэпутатаў Апазыцыі БНФ склікаць нечарговую сэсію ВС далучаюцца іншыя дэпутаты, аднак на 13 гадзін 20 хвілін сабрана толькі 33 подпісы (для скліканьня сэсіі патрэбна 120). Пакой 363 Дома ўраду, дзе зьбіраюцца дэпутаты Апазыцыі, пераўтвараецца ў штаб супраціўленьня путчу, сюды прыходзяць дэпутаты мясцовых саветаў, дэмакратычныя актывісты, паступаюць тэлеграмы з розных рэгіёнаў Беларусі. Трымаецца сталая сувязь з сакратарыятам прэзыдэнта РСФСР Б. Ельцына. Увечары на плошчы перад Домам ураду БНФ зьбірае на мітынг некалькі тысяч чалавек.

21 жніўня. Колькасьць дэпутатаў ВС, якія патрабуюць скліканьня надзвычайнай сэсіі, павялічваецца да 82-х (сярод іх — С. Шушкевіч, А. Лукашэнка). На плошчы перад Домам ураду БНФ праводзіць мітынг. Увечары паведамляецца, што путч праваліўся, Гарбачоў вяртаецца ў Маскву.

Заяўка дэпутатаў Апазыцыі БНФ, 23 жніўня 1991 г.

22 жніўня. Прэзыдыюм ВС вымушаны склікаць нечарговую сэсію, якую мяркуе правесьці на працягу аднаго дня, 24 жніўня. Дэпутатам прапануецца прыняць толькі дзьве пастановы — “Аб бягучым моманце” і “Аб Саюзнай дамове”. Дэпутаты Апазыцыі БНФ вылучаюць свае прапановы, сярод якіх — наданьне Дэклярацыі аб сувэрэнітэце канстытуцыйнага статусу.

23 жніўня. У ноч з 22 на 23 жніўня дэпутаты БНФ на чале з З. Пазьняком рыхтуюць пятнаццаць заканадаўчых пастаноў дзеля абвяшчэньня і ўмацаваньня незалежнасьці Беларусі. Прапановы перадаюцца ў сакратарыят Вярхоўнага Савету. Дэпутаты Апазыцыі БНФ дамагаюцца выступу ў прамым эфіры беларускага тэлебачаньня. Яны заклікаюць людзей прыйсьці раніцай 24 жніўня да Дома ўраду, каб падтрымаць патрабаваньне аб абвяшчэньні незалежнасьці Беларусі і забароне КПБ-КПСС.

Людзі перад Домам ураду, 24 жніўня 1991 г.

Валянцін Голубеў, Зянон Пазьняк і Вольга Галубовіч, 24 жніўня 1991 г.

24 жніўня. На плошчы перад Домам ураду зьбіраюцца дзясяткі тысяч грамадзян. У 9.30 пачынаецца нечарговая сэсія Вярхоўнага Савету. У Авальную залю ўносіцца бел-чырвона-белы сьцяг. З. Пазьняк уздымае пытаньне аб адказнасьці старшыні ВС М. Дземянцея і членаў Прэзыдыюму ВС, якія падтрымалі путч, і прапануе, каб сэсію вёў першы намесьнік старшыні С. Шушкевіч. Дэпутаты зганяюць з трыбуны першага сакратара ЦК КПБ А. Малафеева, які падтрымаў путч. Пытаньне аб наданьні Дэклярацыі аб сувэрэнітэце канстытуцыйнай сілы ўключаецца ў парадак дня сэсіі.

Дэпутаты зганяюць з трыбуны 1-га сакратара ЦК КПБ Малафеева

25 жніўня. На плошчы перад Домам ураду ізноў на заклік дэпутатаў Апазыцыі БНФ — дзясяткі тысяч людзей. На сэсіі ВС прымаецца рашэньне прыпыніць дзейнасьць КПБ-КПСС. Ствараецца Часовая камісія ВС на чале з дэпутатам Ігарам Пырхам па ацэнцы дзейнасьці членаў ГКЧП і тых грамадзка-палітычных утварэньняў, органаў дзяржаўнай улады і кіраваньня, службовых асобаў і грамадзянаў, якія іх падтрымалі. Мікалай Дземянцей падае ў адстаўку, выканаўцам абавязкаў старшыні робіцца Станіслаў Шушкевіч. Дэпутат А. Лукашэнка выступае супраць наданьня Дэклярацыі аб сувэрэнітэце канстытуцыйнага статусу і папярэджвае, што ў выпадку абвяшчэньня незалежнасьці “Беларусь можа апынуцца ў эканамічнай і палітычнай ізаляцыі ад Расеі і іншых рэспублік”. Слова бярэ З. Пазьняк, які засьцерагае дэпутатаў ад празьмернай эйфарыі адносна Ельцына — “я сумняюся ў дэмакратычным характары будучай Расеі”, абвінавачвае Маскву ў нафтавым шантажы і заяўляе, што “калі мы ня будзем мець дзяржаўнай незалежнасьці, мы ня зможам супрацьстаяць гэтай палітыцы. А яна будзе, і будзе абавязкова”. Пасьля выступу Пазьняка пытаньне аб канстытуцыйнасьці Дэклярацыі ставіцца на галасаваньне.

У 20 гадзін 08 хвілін таблё галасаваньня ў Авальнай залі высьвечвае лічбу: “за” — 253 дэпутаты (для станоўчага рашэньня патрабавалася 232 галасы). На плошчы перад Домам ураду адбываецца шматтысячны мітынг.

Артыкул у газэце Знамя юности пра парушэньне пастановы ВС аб прыпыненьні дзейнасьці КПБ-КПСС, жнівень 1991 г.

26 жніўня. Група дэпутатаў Аазыцыі БНФ наведвае будынак ЦК КПБ. Выяўляецца, што, нягледзычы на пастанову Вярхоўнага Савета аб прыпыненьні дзейнасьці КПБ-КПСС, у кабінэце першага сакратара ЦК працуюць Малафееў і іншыя функцыянэры кампартыі. Пасьля візыту дэпутатаў яны вымушаныя пакінуць будынак.

Газэта Звязда, 27 жніўня 1991 г.

27 жніўня. Газэта “Звязда” выходзіць з шапкай на першай паласе: “Беларусь — незалежная!”.

Зварот дэпутатаў Апазыцыі БНФ. Народная газэта, 30 жніўня 1991 г.

30 жніўня. “Народная газэта” друкуе зварот дэпутатаў Апазыцыі БНФ на чале з Пазьняком да былых членаў КПСС і ЛКСМБ. Дэпутаты заклікаюць іх да стваральных дзеяньняў і прапануюць уключацца “ў дэмакратычны працэс, у рух адраджэньня вольнай сувэрэннай Беларусі. У нашай культурнай, памяркоўнай, дэмакратычнай Бацькаўшчыне ніхто не павінен і ня будзе перасьледаваць чалавека толькі за членства ў камуністычнай партыі і камсамоле”.

3 верасьня. Польшча прызнае незалежнасьць БССР.

Гарсавет Менску прымае пастанову аб неабходнасьці вяртаньня беларускай сталіцы гістарычнай назвы “Менск”.

6 верасьня. Зьезд народных дэпутатаў СССР прызнае незалежнасьць Латвіі, Літвы і Эстоніі.

Ад мікрафону выступае дэпутат Ігар Гермянчук

15 верасьня. Распачынаецца нечарговая сэсія Вярхоўнага Савету. На патрабаваньне Апазыцыі БНФ у парадак дня ўключана пытаньне аб новай сымболіцы. У фае Дома ўраду для дэпутатаў зробленая выстава, прысьвечаная нацыянальным гістарычным сымбалям. На пасаду старшыні ВС прэтэндуюць Станіслаў Шушкевіч і Вячаслаў Кебіч.

19 верасьня. Вярхоўны Савет зацьвярджае бел-чырвона-белы сьцяг і герб “Пагоня” ў якасьці дзяржаўных сымбаляў, а таксама новую назву краіны — Рэспубліка Беларусь. Станіслава Шушкевіча абіраюць на старшыню Вярхоўнага Савету.

12-13 кастрычніка. На канфэрэнцыі БНФ “Незалежнасьць і Адраджэньне” абмяркоўваюцца мадэлі дзяржаўнага ўладкаваньня Беларусі і пацьвярджаецца непажаданасьць увядзеньня ў краіне пасады прэзыдэнта. Прапановы перадаюцца ў Вярхоўны Савет.

Вярхоўны Савет. Дэпутаты Аляксандар Шут і Мікалай Крыжаноўскі.

9 лістапада. Апазыцыя БНФ у Вярхоўным Савеце прымае заяву, у якой канстатуе, што Дэклярацыя аб сувэрэнітэце не выконваецца ў поўным аб'ёме. Адзначаецца, што краіна страчвае час, што замест стварэньня інстытутаў дзяржаўнасьці вышэйшае кіраўніцтва Беларусі (С. Шушкевіч і В. Кебіч) ўцягнулася ў ініцыяваны М. Гарбачовым “новаагароўскі працэс” дзеля стварэньня канфэдэрацыі. Апазыцыя БНФ пацьвярджае неабходнасьць увесьці ўласныя грошы, стварыць незалежнае ад Масквы войска.

25 лістапада. У Нова-Агарове пад Масквой зьбіраецца Дзяржсавет СССР, каб абмеркаваць праект саюзнай дамовы. “Я перакананы прыхільнік саюзнай дзяржавы”, — заяўляе на ім С. Шушкевіч.

1 сьнежня 1991 году. Ва Ўкраіне адбываецца рэфэрэндум аб падтрымцы “Акту абвяшчэньня незалежнасьці Ўкраіны”. 90,32 адсотка галасуюць “за”.

Авальная заля. Ля мікрафону — дэпутаты Лявонці Зданевіч, Зянон Пазьняк і Мікалай Крыжаноўскі

4 сьнежня. Большасьць дэпутатаў Вярхоўнага Савету, нягледзячы на пратэсты дэпутатаў Апазыцыі БНФ, падтрымліваюць пазыцыю старшыні ВС С. Шушкевіча і выказваюцца за падпісаньне саюзнай дамовы.

5 сьнежня. На запрашэньне дэпутатаў БНФ старшыня Вярхоўнага Савету С. Шушкевіч наведвае пасяджэньне Апазыцыі БНФ, дзе выказваецца за падпісаньне саюзнай дамовы і супраць стварэньня ўласнага войска: “У нас з вамі розныя погляды на свабоду і дэмакратыю. Наконт саюзнай дамовы — дазвольце мне не станавіцца пад вашыя штандары... Войска (у Беларусі) ніколі ня ўтворыцца”.

Леанід Краўчук, Станіслаў Шушкевіч і Барыс Ельцын, 9 сьнежня 1991 г.

8 сьнежня. У Беларусь прыбываюць прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын і прэзыдэнт Украіны Леанід Краўчук. Ельцын выступае перад дэпутатамі Вярхоўнага Савету. Увечары ў Віскулях Б. Ельцын, Л. Краўчук і С. Шушкевіч канстатуюць, што СССР спыняе існаваньне, і заяўляюць пра стварэньне Садружнасьці Незалежных Дзяржаў (СНД).

11 сьнежня. Вярхоўны Савет Беларусі ратыфікуе “белавескія пагадненьні”. Супраць галасуе адзін дэпутат — былы сакратар ЦК КПБ Валер Ціхіня.

21 сьнежня. У Алма-Аце зьбіраюцца кіраўнікі былых рэспублік СССР. У складзе беларускай дэлегацыі — С. Шушкевіч, В. Кебіч, П. Краўчанка. З. Пазьняк. Да СНД далучаюцца Азэрбайджан, Армэнія, Казахстан, Кіргізстан, Малдова. Таджыкістан, Туркмэністан, Узбэкістан. Станіслаў Шушкевіч бяз згоды іншых членаў беларускай дэлегацыі пагаджаецца з прапановай Ельцына прызнаць Расею правапераемніцай СССР у Радзе бясьпекі ААН і ўладальніцай ядзернай зброі, што, на думку міністра замежных спраў Пятра Краўчанкі, пазбаўляла Менск “галоўных козыраў на перамовах з Расеяй аб падзеле ўласнасьці былога Саюзу”.

23 сьнежня. Лідэр лібэральна-дэмакратычнай партыі Расеі Жырыноўскі спрабуе прайсьці ў Вярхоўны Савет Беларусі, але дэпутаты яго спускаюць зь лесьвіцы.

Гарбачоў зачытвае ў непасрэдным эфіры заяву аб адстаўцы, 25 сьнежня 1991 г.

25 сьнежня. Прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў падае ў адстаўку. ЗША прызнаюць незалежнасьць Армэніі, Беларусі, Казахстану, Расеі і Ўкраіны.

http://www.svaboda.org/content/article/2264416.html

Сяргей Навумчык