ЗАМЕЖНЫ ДРУК (29–31.03.2011)

“Вось як бывае!”

29 сакавіка 2011 г. італьянская газэта “Repubblica” апублікавала артыкул пад тытулам “Лібія, апошні пшык Італіі, выключанай з саміту вялікіх”. На відэаканфэрэнцыю з удзелам Абамы, Сарказі, Кэмэрона і Мэркэль не быў запрошаны прэм'ер Італіі. Вялікія вялі размову пра сумесныя дзеяньні супраць рэжыму Кадафі і пляны аднаўленьня дэмакратычнай Лібіі.

Наш камэнтар: Калі лібійскі народ маўчаў, то “вялікія” спаборнічалі між сабой на тэму, хто раней паклоніцца перад нафтавым дыктатарам Кадафі, хто раней запросіць яго, хто раней напросіцца да яго ў госьці. Як толькі народ падняўся на змаганьне супраць змрочнага тырана, пачалося новае спаборніцтва: хто першым акажа дапамогу паўстанцам, хто раней пашле войскі ім на дапамогу. Некаторых з “вялікіх” у гэтай штурханіне нават выпхнулі з чаргі. Вось як бывае!

Алесь Хадасевіч

Хочуць дапамагчы Лібіі

29 сакавіка 2011 г. французкая газэта “Le Monde” паведаміла, што ў Лёндане адбылася канфэрэнцыя вышэйшых прадстаўнікоў з 40 краін, якія разглядалі праграму і прынцыпы дапамогі лібійскім паўстанцам, а таксама праграму аднаўленьня Лібіі пасьля Кадафі. Войскі Кадафі разгарнулі чарговы контрнаступ і пацясьнілі войскі паўстанцаў ад Сірты, роднага горада дыктатара. У сувязі з гэтым заходнія кіраўнікі абмяркоўвалі рашэньне паслаць зброю паўстанцам.

Наш камэнтар: Калі народ мужна змагаецца супраць тыраніі, ён абавязкава знаходзіць хаўрусьнікаў. Для паўстанцаў зусім няважна, чым кіруюцца памагатыя: чалавечай салідарнасьцю, палітычнай мэтазгоднасьцю або яшчэ чым. Важней, што ідзе падтрымка, што змагарны народ не застаецца ў самоце.

Алесь Хадасевіч

Узмацнілі бамбардоўкі

29 сакавіка 2011 г. нямецкая газэта “Frankfurter Allgemeine Zeitung” паведаміла, што амэрыканская авіяцыя ўзмацніла бамбардоўкі аб'ектаў і войскаў Кадафі ў сувязі з наступам, які распачалі сілы рэжыму.

Наш камэнтар: Антынародная дыктатура нарвалася на адэкватны адлуп з боку дэмакратычных краінаў, якія падтрымліваюць змаганьне лібійскага народу.

Алесь Хадасевіч

Горбі ў Лёндане

30 cакавіка 2011 г. ангельская газэта “Guardian” апублікавала фотаздымкі з сьвяточнай вячэры ў Лёндане. У вялікай тэатральнай зале ангельцы вывесілі партрэт Гарбачова і транспарант “80. Чалавек, які зьмяніў сьвет”. Выступаў аркестр, удзельнічалі Гарбачоў, ягоныя дачка і ўнучкі ў дэкальтэ, Шарон Стоўн, Шварцэнэгер і іншыя заходнія знакамітасьці. Быў таксама Лех Валенса.

Наш камэнтар: Цікава, хто аплаціў усё гэтае шоў? Чаму яно не адбылося ў Маскве, а апынулася ў Лёндане? Захад працягвае абагаўляць генсека КПСС і прэзыдэнта СССР, пры якім развалілася і першае і другое. Захад абагаўляе ў прынцыпе сваё рэклямнае дзяцішча, якое на постсавецкіх прасторах успрымаюць без асаблівай пашаны (хутчэй з гумарам), бо ведаюць, што ў яго атрымалася зусім ня тое, што ён хацеў зрабіць

Юрка Марозаў

Усё зьмяняецца

30 сакавіка 2011 г. румынская газэта “Adevarul” напісала пра сантымэнтальную падзею. 13-гадовы Даніла Кароткіх знайшоў на беразе Балтыкі непадалёк ад расейска-летувіскай мяжы старанна закаркаваную пляшку з-пад піва. У пляшцы ён знайшоў ліст, напісаны ў 1987 г. 5-гадовы нямецкі хлопчык прадыктаваў бацьку тэкст ліста і кінуў пляшку ў мора. Ён паведаміў, што плыве з бацькам з Нямеччыны ў Данію і просіць адказаць яму на ліст. Даніла напісаў немцу, якому цяпер 29 гадоў, і яны ўжо перапісваюцца праз сеціва.

Наш камэнтар: Маецца на ўвазе, зразумела, балтыйскі бераг Усходняй Прусіі (Калінінградзкі анклаў РФ). Як шмат зьмянілася за зусім яшчэ кароткі век двух маладых людзей! Узьядналася Нямеччына, распалася саўдэпія, побач паўстала незалежная Летува. Айчына беларуса Данілы Кароткіх аднавіла незалежнасьць. Ідзе патаемны гандаль за Усходнюю Прусію...

Значная бальшыня людзей (дарэчы, ва ўсім сьвеце) з упэўненасьцю лічыць і заяўляе, што “усё будзе, як было, нічога ня зьменіцца”. А тут нават за нямногія гады іхных малых і юных дзяцей усё навокал набывае новыя кшталты і адбываюцца глабальныя перамены. А “бальшыня” усё талдычыць сваё...

Алесь Хадасевіч

Пара ўцякаць

30 сакавіка 2011 г. чэшская газэта “Ceske Noviny” паведаміла, што начальнік лібійскай дыпляматыі Муса Куса уцёк з Лібіі ў Лёндан і заклікаў сваіх суайчыньнікаў пакінуць Кадафі. Амэрыканскае кіраўнітва лічыць гэтую падзею важным знакам набліжэньня канца рэжыму.

Наш камэнтар: Амэрыканскае кіраўніцтва не памылілася. Рэжым валіцца і ягоныя бонзы пакідаюць свайго пахана. Калі з Менску пачнуць уцякаць міністры, трэба таксама не праспаць гэты знак.

Юрка Марозаў

“А можа ўзяць і разграміць”

31 cакавіка 2011 г. аўстрыйская газэта “Der Standard” апублікавала артыкул пад тытулам “Палітыка за зачыненымі дзьвярыма” пра тое, што чакае Расею праз год, калі павінны адбыцца прэзыдэнцкія выбары. Газэта піша: “Падтрымка кіруючага дуэту прэзыдэнта Дзімітрыя Медведева і прэм'ер-міністра Уладзіміра Пуціна ў сёлетнім сакавіку дасягнула найніжэйшай кропкі. Калі тандэму ня ўдасца ў наступныя дзесяць-пятнаццаць месяцаў спыніць падзеньне даверу, то ўзьнікне пагроза палітычнага крызісу, які нагадае канец 1980-х гадоў.

Да гэтай высновы прыходзяць ня толькі расейскія апазыцыянеры або заходнія “тытаны думкі”, а экспэрты з блізкага да ўраду маскоўскага Цэнтру Стратэгічнага Разьвіцьця. У якасьці рэцэпта супраць падзеньня даверу палітолагі Сяргей Беланоўскі і Міхаіл Дзімітрыеў прапануюць правядзеньне справядлівых выбараў, якія б прывялі да страты большасьці кіруючай партыі “Едіная Россія” і ўліла б сьвежую кроў у першыя тры шэрагі расейскай палітыкі”. Газэта кансультавалася таксама з іншымі экспэртамі і запрапанавала тры сцэнары пасьлявыбарчых падзеяў: Пуцін вяртаецца назад у Крэмль (бальшыня палітолагаў лічаць гэта найбольш верагодным), статус кво захоўваецца (Медведев — прэзыдэнт, Пуцін — прэм'ер) і трэці сцэнар — зьяўляецца нейкі таямнічы “трэці чалавек”, які займае высокую пасаду. Называюць некалькі крамлёўскіх прозьвішчаў).

Наш камэнтар: Чытаеш аўстрыйскую газэту і нейкае ўсё гэта вельмі знаёмае, гэткае дэжа вю. А потым успамінаеш, што ўсё гэта было ў нас і не адзін раз. Набліжаецца час выбарчых рытуалаў і актывізуюцца розныя “палітолагі”. Яны на розныя лады асьвятляюць патэнцыі кандыдатаў, тэндэнцыі грамадзкай думкі і розныя сцэнары.

Лады розныя, а стрыжнявая ідэя адна — галоўным ёсьць завабіць мільёны людзей на “выбарчыя ўчасткі”, дзе ўсё ўжо вырашана гэбоўскай тыраніяй. У нас гэтым заўсёды займаюцца манаевы, падголы, гразновы і іншыя. Яны (часам вельмі прымітыўна) прамываюць мазгі заходнікам і дэзарыентуюць грамадзтва. У Маскве гэта традыцыйна робіцца больш вытанчана (усё-ткі маскоўская школа — гэта вам не выпускнік фізкультурнага інстытута Падгол або эмансіпэ Гразнова). І добра, што аўстрыйскі журналіст не забыўся згадаць, што выслухаў пэўных экспэртаў з праўрадавага Цэнтру. Толькі ці здагадаецца аўстрыйскі чытач, што гэта значыць? А гэта значыць, што “палітолагі” адпрацоўваюць свой заробак і крытыкуюць крамлёўска-лубянскі тандэм толькі для таго, каб загнаць болей людзей на выбарчы фарс гэбізму (“Іді і скажі ему НЕТ”).

Усё прадугледзела сістэма, паўсюль расставіла сваіх “палітолагаў”, тры сцэнары запрапанавала (не самы ж аўстрыйцы да іх дадумаліся). Ды забылася, што ёсьць яшчэ адзін сцэнар — супраціў народа, які возьме ды абвесьціць байкот выбарчаму шоў. А можа ўзяць і разграміць рэжымныя канторы, як гэта робяць зараз арабскія паўстанцы.

Юрка Марозаў