ДЭВАЛЬВАЦЫЯ АНТЫНАЦЫЯНАЛЬНАГА РЭЖЫМУ

Маскоўскі журналіст Антон Ключкін разважае пра дэвальвацыю ў Беларусі з спакоем пабочнага назіральніка. Ён нават зазначае, што дэвальвацыя “пакуль не закранула беларускае насельніцтва” (хаця ў наступным абзацы ўсё ж прызнае, што закранула). Так які-небудзь акадэмік-астраном глядзіць у тэлескоп і разважае пра навальніцы на Марсе ды занатоўвае назіраньні ў сваім дзёньніку. Больш эмацыйна выказаўся вядомы мясцовы наш банкір С. Багданкевіч (АГП), наконт таго, што “трэба здавацца Расеі”. У польскім друку таксама зьявіліся першыя выказваньні аб тым, што “Беларусь ужо дэ факта банкрут”. Ад антыбеларускага рэжыму чуюцца толькі пустыя абяцанкі і хлусьня-хлусьня-хлусьня. Такое ўражаньне, што ўсе толькі і чакаюць банкруцтва. І, галоўнае, спадзяюцца на нейкія прыбыткі з нашай бяды.

Усё больш людзей у Беларусі прыходзяць да высновы, што рэжым Лукашэнкі вядзе краіну да нацыянальна-дзяржаўнай катастрофы. За разважаньнямі пра 10-20% адсоткаў дэвальвацыі, кошык і ажыятажны попыт на валюту беларусы павінны не разгубіцца і зразумець галоўнае — паратунак не ў Расеі і не ў МВФ. Ня ўдасца абхітрыць дробнымі хітрыкамі фінансавы цунамі, які наладжваюць нам крымінальнікі і бездары з антыбеларусага рэжыму, што дзейнічаюць пад камандай імпэрскай Масквы. Выратаваць нашу краіну ад фінансава-эканамічнага панявольваньня і чужынскай акупацыі можа толькі салідарны нацыянальны беларускі супраціў. Толькі палітычнае змаганьне, толькі ліквідацыя рэжыму антыбеларускай здрады і забесьпячэньне нашай дзяржаўнай незалежнасьці ёсьць умовай далейшых разумных рэформаў і дэмакратызацыі нацыянальна-дзяржаўнага жыцьця ў Беларусі.

Публікуем артыкул Антона Ключкіна з расейскага інтэрнэт-выданьня Лента.Ру.

Зьбіліся з курса.
Беларусь зрабіла першы крок да дэвальвацыі рубля

29 сакавіка Нацбанк Беларусі дазволіў камэрцыйным банкам краіны прадаваць валюту паводле курсу, які на 10 адсоткаў адрозьніваецца ад афіцыйнага. Такім чынам, Нацбанк спадзяецца ўстараніць перабоі з замежнай валютай у краіне і зьнізіць ціск на золатавалютныя рэзэрвы. Эканамісты ва ўнісон сьцьвярджаюць, што гэтае рашэньне Нацбанка стала першым этапам “мягкай” дэвальвацыі беларускага рубля.

У сакавіку 2011 года чуткі аб маючай адбыцца дэвальвацыі рубля прывялі да ажыятажнага попыту на валюту ў Беларусі. У Менску кінуліся скупляць даляры, эўра і нават расейскія рублі. Пра пажаданасьць хуткай дэвальвацыі казалі ў дакладзе МВФ, місія якога працавала ў краіне ў студзені-лютым 2011 г. Выступы прадстаўнікоў Нацбанка краіны, якія ўсё абвяргалі, спыніць паніку ня здолелі.

Ажыятажны попыт на даляры і эўра ў Беларусі, падсьцёбнуты недаверам да “зайчыкаў”, спустошыў золатавалютныя рэзэрвы краіны. Імпарт у краіну расьце, а экспарт, наадварот, зьніжаецца, што правакуе адток валюты з краіны.

Па сутнасьці, Нацбанк Беларусі ўжо распачаў дэвальвацыю, пашырыўшы калідор свайго рубля да кошыка з даляра, эўра і расейскага рубля з 8 да 10 адсоткаў. Гэта азначае, што камэрцыйным банкам дазволена ўсталёўваць для міжбанкаўскіх апэрацый і разьлікаў паміж юрыдычнымі асобамі курс, які можа адхіляцца ад афіцыйнага на 10 адстоткаў. Аналітыкі, апытаныя Reuters, упэўнены, што гэта толькі пачатак “мягкай дэвальвацыі” беларускай валюты, бо дзеяньні Нацбанка краіны не дазволяць ухіліць перабоі з замежнай валютай у краіне і зьнізіць ціск на золатавалютныя рэзэрвы. AFP паказвае, што некаторыя эўрапейскія банкі прагназуюць 20-адсоткавую дэвальвацыю ў Беларусі.

Станіслаў Багданкевіч, які раней узначальваў Нацбанк Беларусі, таксама заявіў у інтэрвію “Фінмаркету”, што дзеяньні рэгулятара зьяўляюцца “завуаляванай дэвальвацыяй”. Але, на ягоную думку, дадзеных захадаў будзе недастаткова. Багданкевіч мяркуе, што для аднаўленьня плацёжнага балансу Беларусі неабходна правесьці адкрытую дэвальвацыю, а таксама прысьпешыць прыватызацыю дзяржмаёмасьці і правесьці радыкальнае скарачэньне выдаткаў бюджэта. Акрамя таго, Багданкевіч адназначна зазначыў, што Менску “трэба здавацца Расеі і хутчэй прымаць праграму, неабходную для атрыманьня расейскіх дзяржкрэдытаў”. У выпадку, калі сытуацыя ў Беларусі абвастрыцца, то ў Расеі, магчыма, зьявіцца магчымасьць скупіць найбольш прывабныя актывы суседа.

Менск ужо папрасіў крэдыт на 1 мільярд даляраў у Расеі і яшчэ на 2 мільярды ў кантралюемага РФ антыкрызіснага фонда ЕврАзЭс. Расея, аднак, выдаваць грошы не сьпяшаецца, а, наадварот, выставіла краіне шэраг умоваў, зьвязаных з правядзеньнем структурных рэформаў і адменай адміністрацыйных абмежаваньняў на валютным рынку.

Нагадаем, што ў сакавіку Нацбанк Беларусі увеў новыя правілы гандлёвых апэрацый на валютнай біржы, згодна зь якімі заяўкі банкаў на пакупку валюты будуць выконвацца на працягу 30 дзён з моманту падачы заяўкі замест аднаго. Замест гэтага Нацбанк запрапанаваў імпарцёрам задавальняць свае патрэбы ў валюце на пазабіржавым рынку. Але банкі сьцьвярджалі, што беларускія экспарцёры ня хочуць прадаваць валютную выручку банкам і, адпаведна, банкі ня могуць задаволіць заяўкі імпарцёраў.

У сувязі з гэтым з сярэдзіны сакавіка арыентаваныя на імпарт кампаніі фактычна спынілі сваю дзейнасьць, бо не змаглі купіць замежную валюту ні на біржавым, ні на пазабіржавым рынку. Чакаецца, што з 1 красавіка Нацбанк будзе прадаваць на біржы валюту ў першую чаргу для закупак мэдыкамэнтаў, аплаты энэрганосьбітаў і пагашэньня валютных крэдытаў. На думку Багданкевіча, гэта прывядзе да таго, што пад выглядам лекаў фірмы будуць купляць зусім іншыя тавары.

Беларускае насельніцтва зьяўленьне ў краіне другога курса рубля пакуль не закранула: у абменьніках валюта як і раней не павінна быць даражэй курса Нацбанка больш чым на 2 адсоткі. Праблема, балазе, у тым, што яшчэ 22 сакавіка Нацбанк Беларусі адмовіўся прадаваць банкам валюту для насельніцтва, а ўжо на наступны дзень у Беларусі была спынена выдача наяўнай валюты ў банкаматах. Цяпер банкі прадаюць праз абменьнікі толькі тую валюту, якую яны купляюць у насельніцтва. Па словах прадстаўніка Нацбанка, якога цытуе Reuters, такая сытуацыя захаваецца і ў будучыні. Акрамя таго, Нацбанк краіны рэкамэндаваў фінансавым арганізацыям стрымліваць выдачу спажывецкіх крэдытаў насельніцтву, бо жыхары Беларусі, атрымліваючы крэдыт наяўнымі, адразу ж накіроўвалі яго на пакупку валюты.

Затое на кішэні беларусаў ужо зараз б'е рост коштаў у краіне. Нявызначаная сытуацыя на валютным рынку і ўведзеныя абмежаваньні выклікалі падвышэньне коштаў на імпартуемыя тавары — пастаўшчыкі закладваюць у кошт максімальныя валютныя рызыкі. У першую чаргу падаражэла імпартная электроніка, бытавая тэхніка, будаўнічыя матар'ялы і некаторыя віды харчаваньня. Даверу да нацыянальнай валюты і сваіх кіраўнікоў насельніцтву Беларусі сытуацыя, што склалася, не дадасьць.

Антон Ключкін

Крыніца: http://www.lenta.ru/articles/2011/03/30/beleco/

Пераклад з расейскай В. Буйвала