СЯРГЕЙ КАВАЛЕНКА ТРАПІЎ У ШПІТАЛЬ

4 красавіка, на 11-ты дзень галадоўкі пратэсту сябра Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ Сяргей Каваленка патрапіў у кардыялагічнае аддзяленьне шпіталя ў Віцебску. З 25 сакавіка ён знаходзіцца ў адміністрацыйным арышце паводле прысуду акупацыйнага судзілішча, якое спачатку прысудзіла яму 7 сутак арышту, а пасьля адбыцьця гэтага тэрміну яшчэ 15 сутак. Пратэстуючы супраць несправядлівасьці і беззаконьня, Сяргей Каваленка распачаў галадоўку яшчэ 25 Сакавіка. 4 красавіка ў сувязі з галадоўкай у яго абвастрылася хвароба сэрца і ён быў пераведзены ў шпіталь. Кіраўніцтва Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ зьвярнулася да сп. Каваленкі з просьбай спыніць галадоўку.

24 сакавіка сёлета, напярэдадні Дня Волі Сяргей Каваленка прайшоў праз цэнтар Віцебска з трыма нацыянальнымі Бел-Чырвона-Белымі Сьцягамі і віншаваў жыхароў горада з найвялікшым нацыянальным сьвятам нашага народу. Акупацыйная паліцэйшчына затрымала патрыёта і на наступны дзень адбылося судзілішча. Міліцыянты (“сьведкі”) сьцьвярджалі, што сп. Каваленка нецэнзурна лаяўся. Калі 1 красавіка скончыўся тэрмін 7-дзённага аршыту, сп. Каваленка быў на волі толькі пяць хвілін. Яму прысудзілі яшчэ 15 сутак “за парушэньне рэжыму” (ён адбывае 3-гадовы ўмоўны вырак за свой подзьвіг — 6 студзеня 2010 г. Сяргей Каваленка ўзьняў вялікі Бел-Чырвона-Белы Сьцяг на вяршыні сьвяточнай яліны ў цэнтры Віцебска) і зноў кінулі за краты.

Мяркуем, што акупацыйным уладам горада Віцебска важна было ізаляваць патрыёта перад сатанінскім “праздніком едіненія Россіі і Беларусі”, які антыбеларускі рэжым адзначае 2 красавіка. Рэжым баяўся, што Сяргей Каваленка зноў уздыме над горадам нацыянальны Сьцяг.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

4 красавіка 2011 г.