ЗЬВЕСТКІ З ЗАМЕЖНЫХ ГАЗЭТ (29–30.04.2011)

Трэба вучыцца культуры

29 красавіка 2011 г. румынская газэта “Adevarul” паведаміла пра завяршэньне пабудовы храма Румынскай Праваслаўнай Царквы ў Ракэтас дэ Мар у Іспаніі. Гэта будзе першы румынскі храм на тэрыторыі Іспаніі, дзе працуюць больш за мільён румынаў. У горадзе Ракэтас дэ Мар іх жыве і працуе 12 тысячаў.

Наш камэнтар: Румыны хочуць маліцца ў сваім храме, на роднай мове. Гэта так натуральна. Многія з беларусаў, калі трапляюць на Захад, ня лічаць патрэбным нават хадзіць у беларускія храмы, якія ўжо існуюць там. Гэта ёсьць адзін з цяжкіх вынікаў русіфікацыі і саветызацыі нашых людзей. Трэба пераадольваць гэтую духоўную траўму, браць прыклад з культурных народаў.

Алесь Хадасевіч


“Скопішча зла”

29 красавіка 2011 г. славацкая газэта “Hospodarske Noviny” напісала, што на вясельле прынца Вільяма і Кэйт Мідлтан у Лёндан паслалі свае віншаваньні нават касманаўты з міжнароднай касьмічнай станцыі. Расейцы, амэрыканцы і італьнцы пажадалі маладажонам шчасьця з касьмічнай прасторы. Прэзыдэнт Расеі Медведев паслаў на вясельле падарунак: разную шкатулку з краявідам Масквы.

Наш камэнтар: Наконт шкатулкі прагучала сантымэнтальна. Але трэба зірнуць на расейскія сайты, дзе тысячы і тысячы расейцаў абмяркоўваюць пышную цырымонію вянчаньня і вясельля ў Лёндане. Вачам сваім не паверыш, столькі там нянавісьці, агрэсіўнай пыхі і бруднага сарказму: “Что оні нам подсовывают это фуфло?!”, “Англо-саксонская оргія, да пошлі оні на...” і г.д. і бясконца.

Мільёны людзей ва ўсім сьвеце хаця б адзін дзень з радасьцю паглядзелі на экранах сваіх тэлевізараў не бамбардоўкі і гвалты, а яркую станоўчую падзею. А “таямнічую рускую душу” ламае і круціць, яна не знаходзіць сабе месца, блюзьнерыць і праклінае...

Юрка Марозаў


Выпендрываюцца на віду ў рэвалюцыі

29 красавіка 2011 г. дацкая газэта “Berlingske Tidende” напісала пра расповед амэрыканскай журналісткі Лары Логан. 39-гадовая Логан была паслана ў Каір, каб асьвятляць падзеі падчас антымубаракскіх народных выступаў у студзені сёлета. На плошчы Ат-Тахрыр яна пачала хадзіць зь мікрафонам пасярод дзясяткаў тысячаў узбуджаных падзеямі мужчын. На яе накінуліся сотні егіпцянаў і пачалі зрываць зь яе вопратку. Яе ледзь удалося выратаваць ад гвалтаваньня і яшчэ горшых наступстваў.

Наш камэнтар: Рэдакцыя амэрыканскай тэлекампаніі CBS дадумалася паслаць на грамадзянскую вайну ў мусульманскай краіне яркую бландзінку, пераможцу конкурсаў на розныя “міс”. Няма апраўданьня гвалтаўнікам (гэта маглі быць і правакатары з мубаракскіх спэцслужбаў), але і манера такой журналістыкі дурная і зьняважлівая. Заходнікі нібыта падкрэсьліваюць, што для іх чужая рэвалюцыя, чужая кроў і чужыя пакуты — гэта вадэвіль, пасярод якога можа фланіраваць любая модніца, апранутая “ў абцяжачку”, і круціць сваім ніжнім тулавам). Ёсьць у гэтай пазыцыі выраблены цынізм, эгаізм і непавага да людзей і народаў.

Мы бачылі падобнае ў ліпені 1998 года, калі тысячы беларусаў сабраліся на плошчы Каліноўскага ў Менску, каб сказаць Лукашэнку, што ягоны прэзыдэнцкі тэрмін скончыўся. Пасярод масы людзей какетліва і самаўпэўнена фланіравала “девушка” з Масквы, якая паведамляла ў мікрафон па-нямецку інфармацыю пра падзеі ў Менску. За ёй бегаў касьцюмер і насіў вяшак на высокім штыры, на якім віселі два або тры яе запасныя строі. Усе гэта выглядала абсурдна і прыдуркавата. Беларусы не жадалі дамачцы нічога кепскага, але былі б вельмі задаволены, калі б падчас сутычак з амонамі павалілі і патапталі яе касьцюмчыкі...

Алесь Хадасевіч


Збаўляюцца ад помнікаў акупацыі

30 красавіка 2011 г. польская газэта “Rzeczpospolita” напісала пра зьмену назоваў вуліц і плошчаў, якую праводзяць правыя ўлады Будапэшта. Цяпер у Будапэшце ня будзе плошчы Масквы, ёй вяртаецца былое імя Сэла Кальмана. Будзе выдалены помнік савецкаму жаўнеру з плошчы Волі. На гэта левы палітык Габар Хорват заявіў: “У Парыжы ёсьць плошча Сталінграда, але ніхто ня кажа, што французы выхваляюць Сталіна...”

Наш камэнтар: Левыя неяк “забываюцца”, што Францыя (у адрозьненьні ад Угоршчыны) не спазнала сталінскай акупацыі. Апошнім разам расейскія войскі былі ў Парыжы ў 1813 годзе. Пастаялі пару месяцаў і пайшлі дахаты. А вось у Будапэшце яны засталіся пасьля 1945 года яшчэ на некалькі дзесяцігоддзяў, заблі тысячы патрыётаў у 1956 годзе і так даліся ў знакі ўгорцам, што ніхто ня хоча іхных помнікаў і іхняй Масквы.

Алесь Хадасевіч


Тактыка ўціску народаў

30 красавіка 2011 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” напісала пра чарговую публікацыю на партале WikiLeaks. Была апублікаваная дэпэша амбасады ЗША ў Польшчы. Паводле дэпэшы, у верасьні 2009 г. прэм'ер РФ Пуцін сустракаўся на канфэрэнцыі ў Гданьску з прэм'ерам Баўгарыі Бойкам Барысавым і сказаў баўгарыну: “Калі ня будзе прагрэсу ў раэлізацыі расейскіх энэргетычных праектаў, Баўгарыя рызыкуе пацярпець узімку ад холаду”. Барысаў з сваім урадам адразу пачаў наладжваць расейскія праекты ў сваёй краіне.

Наш камэнтар: Практыка шантажу, пагрозаў і ўціску народаў — такая ёсьць гэтая лубянская “дэмакратыя”.

Юрка Марозаў


Крымінал у Чэхіі

30 красавіка 2011 г. чэшская газэта “Mlada Fronta Dnes” апублікавала паведамленьне пра злачынства ў Празе. На 41-гадовую жанчыну на Яжоўскай вуліцы напаў рускамоўны мужчына, зацягнуў яе ў лес, згвалціў і абрабаваў яе.

Наш камэнтар: Вядома, што ў Чэхіі нават мясцовыя крымінальнікі крычаць па-расейску, калі зьдзяйсьняюць свае злачынствы. Чуючы расейскую мову, ахвяры адразу здаюцца без супраціву, бо расейцы забіваюць і ня лічацца ні з чым. А Эўразьвяз хоча адкрыць браму безвізавых паездак для РФ. Ну-ну.

Юрка Марозаў