БЕЛАРУСЫ ЎСЁ БАЧАЦЬ, АЛЕ ПУБЛІЧНА МАЎЧАЦЬ

Беларусы традыцыйна маўчаць у публічных месцах, але гэта ня значыць, што яны нічым не цікавяцца і нічога не разумеюць. Проста ў нас не прынята ўголас абмяркоўваць свае праблемы пасярод незнаёмых людзей. Іншая справа — працоўныя калектывы. Апошнім часам кожню вольную хвіліну беларускія работнікі выкарыстоўваюць для таго, каб падзяліцца інфармацыяй (якой не пачуеш з афіцыйнай прапаганды) і абмеркаваць падзеі ў краіне.

Гэтага, вядома, ня бачаць многія замежныя аналітыкі, якія “тэарэтызуюць” пра Беларусь (чаго вартыя толькі іхныя экзатычныя “разважаньні”). У шэрагу зь іх склалася ўражаньне, што ў нашай краіне зусім адсутнічае грамадзкая думка, што мільёны нашых людзей жывуць выключна ілюзіямі і г.д. З гэтага часта робяцца даволі адмоўныя характарыстыкі беларусаў. Некаторым (напрыклад, немцам) здаецца, што беларусы ніколі ня будуць бараніцца ад гвалту і змагацца за свае нацыянальна-дзяржаўныя інтарэсы. Тут трэба нагадаць, што немцам так здавалася і ў 1941 годзе, калі яны ўварваліся ў Беларусь. Праз пэўны час яны не маглі носу высунуць з сваіх гарнізонаў без суправаджэньня бранетэхнікі. Такім “рахманым” і “пасіўным” аказаўся беларускі народ у адносінах да акупантаў.

Беларусы зразумелі, што вакол тэракта ў менскім мэтро раскручана рэжымная нячыстая гульня. Недавер да рэжымнай трактоўкі падзеяў пачаўся з таго, як Лукашэнка з сваім пазашлюбным шасьцігадовым сынам наведаў месца масавага забойства праз дзьве гадзіны пасьля выбуху. Людзі зразумелі: дыктатар ведаў, што яму нішто не пагражае.

Шмат што зразумелі і параненыя ахвяры тэракту. Прамінула тры тыдні пасьля трагедыі, а Лукашэнка так і не наведаў іх у шпіталях. А можна сабе ўявіць, як ён пакрасаваўся-пабалбатаў бы ў шпітальных палатах. Скалечаныя, параненыя людзі ня хочуць бачыць яго. Яны і іхныя сем'і адназначна заявілі пра гэта шпітальнаму пэрсаналу.

Абсалютная бальшыня людзей у Беларусі не хавае спачуваньня арыштаваным маладым асобам, якіх рэжым абвінавачвае ў зьдзяйсьненьні тэракту. Людзі ня вераць рэжымнай вэрсіі і кажуць, што “няшчасных хлопцаў падставілі і пакараюць ні за што”. У размовах паўстае ўсё больш цэльная карціна падзеяў 11 красавіка. Людзі ўспамінаюць, што праходзячы ў зоне вакол станцыі мэтро “Кастрычніцкая” за некалькі гадзінаў да выбуху, яны бачылі шмат чыноў у міліцэйскай і вайсковай уніформах. На прылягаючых вуліцах стаялі купкамі па 2-3 машыны хуткай дапамогі. Такога не бывае ў звычайны шэраговы дзень у цэнтры сталіцы. Да чаго рыхтаваліся згаданыя структуры?

Накрычаўшыся пра “апазыцыю, якая стаіць за тэрактам”, Лукашэнка і прапаганда раптам зьмянілі тон і пачалі актыўна абмяжоўваць тэму тэракта некалькімі асобамі, “якія дзейнічалі самастойна”. Безумоўна, рэжым атрымаў інфармацыю аб тым, што ягоная спроба сфабрыкаваць палітычную справу на нявіннай крыві правальваецца пасярод народнага недаверу.

Беларусаў уразілі таксама першатравеньскія заявы менскага граданачальніка і іншых вышэйшых чыноўнікаў аб тым, што “які там крызіс? Усе накупілі на сьвяты шашлыкоў і сьвяткуюць”. Рэжым ня проста абрабоўвае народ, ня проста развальвае сваёй ідыёцкай антыдзяржаўнай палітыкай нацыянальную эканоміку. Хунта робіць гэта бадзёра, весела, з вырабленым цынізмам. Падобна, што прадстаўнікі хунты за гады беспакаранай крымінальнай дзейнасьці зусім страцілі кантакт з маральнымі нормамі і правіламі сацыяльнага суіснаваньня. Трэба нагадаць, што падобная сацыяпатыя вышэйшых колаў доўгі час назіралася на арабскім Усходзе. У апошнія месяцы народы Усходу мэтадам шокавай тэрапіі ліквідуюць сацыяльна-палітычнае збачэнства ў сваіх радзімах.

Беларусы — нешматслоўны народ. Але гэта зусім не супярэчыць працы грамадзкай думкі. Злачынства 11 красавіка прадэманстравала мільёнам людзей, што нядуманьне над грамадзкімі справамі і няўдзел у іх не зьяўляюцца гарантыямі асабістай бясьпекі ва ўмовах антыбеларускага рэжыму. Людзі пачалі актыўна думаць, разважаць і рабіць высновы.

Юрка Марозаў