ЛУБЯНСКІ ПСЭЎДА-ФРОНТ У РАСЕІ

Расейскі аналітык з Амэрыкі Андрэй Піянткоўскі камэнтуе чарговую пуцінскую прыдумку — утварыць “Общероссийский народный фронт”. Нічога новага ў гэтым сапраўды няма. Калі ў 1988 годзе пачалі ўтварацца Народныя Франты ў балтыйскіх рэспубліках і Беларусі, лубянская кантора некаторы час чухалася, але праз некалькі месяцаў прыступіла да справы. На карце РСФСР зьявіліся “франтавыя гарады” або інакш “гарадзкія франты”: Яраслаўскі нарфронт, Ленінградзкі нарфронт, Кастрамскі нарфронт і г.д. Мясцовая агентура актыўна імітавала дэмдзейнасьць, набірала штат актывістаў і сакратарак, займала офісы і ўздымала стракатыя рэгіянальныя сьцягі.

Вядома, што і ЦК кампартыі БССР таксама рыхтаваліся да “созданія народного фронта, товарішчі”, але патрыёты начале з Зянонам Пазьняком апярэдзілі кантору літаральна на некалькі дзён і правялі народны сход па стварэньню БНФ “Адраджэньне” у Чырвоным касьцёле ў Менску 19 кастрычніка 1988 года. Намэнклятура ажно калацілася ад злосьці. Ёй удалося раскалоць БНФ і ўтварыць псэўда-БНФ толькі ў 1999 годзе. Начале “псэўда” пэўны час стаяў В. Вячорка, цяпер стаіць Янукевіч.

Прамінуў час, больш за дваццаць гадоў. І вось Крэмль-Лубянка зноў за сваё. Цяпер маштабы абраны іншыя — “Фронт всея Русі”. У гэтым ёсьць прыкмета часу. Відаць хочуць ратаваць імпэрыю, ды і выбары ў Расеі не за гарамі.

Мізансцэна, такім чынам, паўтараецца, але ўжо ў выглядзе фарсу. Хаця з Гарбачова савецкія людзі пачалі актыўна сьмяяцца і расчароўвацца ў ім яшчэ за некалькі гадоў да ягонага падзеньня (разам з СССР), але ў пэўнай манумэнтальнасьці ягонай постаці нельга адмовіць. На Захадзе дагэтуль яго ўспрымаюць сур'ёзна і настальгічна. Пуцін — гэта ўжо дробная плястыка. Такую ставяць на камод, робяць зь яе кулоны, а могуць ёю і гаршчок накрыць. Усё здрабнела ў цяперашняй імпэрыі, вялікімі засталіся толькі злачынствы, галеча і сьпіс мільярдэраў. Наперадзе — поўная параза на антынародным гэбоўскім фронце.

Публікуем артыкул Андрэя Піянткоўскага з расейскага інтэрнэт-выданьня Грані. Ру. І хоць артыкул перанасычаны малазразумелымі расейскімі “політдрязгамі” і “намёкамі”, вызначэньні яго дакладныя і адбіваюць расейскую рэчаіснасьць.

Ілжэ-парцье

Дэбютная ідэя, якой альфа-Цапок усяе Русі падзяліўся са сваімі братамі па розуму на поўдні Расеі, аказалася на праверку не такой ужо і сьвежай.

Яна сапраўды ўзьнікла напярэдадні выбараў у вышэйшы заканадаўчы ворган краіны. Толькі ня “выбараў” 2011 года, а “выбараў” 1937 года.

І называлася яна тады не Агульнарасейскі народны фронт, а непарушны сталінскі блок камуністаў і беспартыйных.

Тадышні Самец не саромеўся называць усё сваімі імёнамі. Мабыць, таму ён і застаўся назаўжды любімым начным парц'е ў гістарычнай памяці вялікага рускага народа.

І іншаму парцье не бываць, як бы ён ні пыжыўся і ні гуляў жалвачкамі.

Не аднойчы было яму ўжо сказана, што нельга быць адначасова таварышам Сталіным і панам Абрамовічам. Можна адно месца так парваць, што нічога больш ня вырасьце.

Гэта што яшчэ за аб'яднаньне ўсіх людзей, якія імкнуцца да ўмацаваньня Расеі?

Квантар усеагульнасьці “усі” — вельмі сур'ёзны, лагічны, палітычны і крымінальна-працэсуальны інструмант. З формулы пуцінскага Фронту адразу вынікае, што кожны чалавек, які не ўступіў напярэдадні выбараў 2011 года ў непарушны блок жулікаў, злодзеяў, педафілаў і беспартыйных, паводле вызначэньня не імкнецца да ўмацаваньня Расеі.

І гэта ўжо ня проста злачынства ў думках. У той няпросты час, калі натаўская ваеншчына падпаўзла ў Аўганістане да паўднёвых рубяжоў нашай Радзімы, а швайцарская банкіршчына замахваецца на сьвяшчэнныя абшчакі нашых дарагіх кіраўнікоў, не імкнуцца да ўмацаваньня Расеі значыць сьведама разбураць яе.

Стварэньне Фронта ўсіх людзей, якія імкнуцца да ўмацаваньня Расеі, — гэта геніяльная спэцапэрацыя, самая маштабная ў гісторыі карных ворганаў. Сьпіс усіх сяброў Фронту аўтаматычна задае і сьпіс ўсіх яго не-сяброў, або нават не-людзей, гэта значыць усіх ворагаў народу. Прычым зазначце, самым фактам свайго неўступленьня яны прызналіся ў зьдзейсьненых імі цяжкіх злачынствах.

А прызнаньне абвінавачанага — гэта заўсёды царыца доказаў, што ў 37-м, што ў 11-м.

Асобаму аддзелу Фронта застанецца толькі падзяліць ворагаў на дзьве катэгорыі:

1) не-людзей;

2) людзей, але не-сяброў,

а потым зрабіць і з тымі і з другімі паводле законаў франтавога часу.

Надвячоркам першага дня новай палітычнай эпохі сп. Пяскоў ужо абнародваў першы папярэдні сьпіс ня ўзятых на Фронт ворагаў народу і ЧСІР.

Блюзьнерскімі спасылкамі на месца сваёй франтавой прамовы (Валгаград) і на час яе агучваньня (напярэдадні Дня Перамогі) прыблатнёны падпалкоўнік-асабіст прагаварыўся паводле Фрэйда, што зьбіраецца ваяваць з сваім народам.

Ён ня страшны. Ён проста сьмешны, наш начны парцье-самазванец. У сваёй адчайнай і мізэрнай спробе застацца яшчэ на дванаццаць гадоў Абрамовічам ён пагражае нам з рукава Brioni ссохлым сталінскім кулачком. Моль, ведай сваё месца.

P.S. Дарэчы, а як жа няшчасны Айфончык, які напружана працуе на дакумантамі сваёй лёсавызначальнай прамовы ў Сколкаве 18 траўня? Паводле суровых, але справядлівых законаў крамлёўскага прайда, каб уступіць у Фронт і трывала застацца недзе ў першай палове другой сотні сьпіса “Форбса”, яму прыйдзецца яшчэ раз прынесьці клятву асабістай вернасьці альфа-павіяну і публічна прыняць позу падстаўкі.

Андрэй Піянткоўскі

Крыніца: http://www.grani.ru/opinion/piontkovsky/m.188338.html

Пераклад з расейскай.