ЭКАНАМІЧНЫ КРЫМІНАЛ

Эканамісты цывілізаваных краін па-свойму ацэньваюць фэномэн “белорусского экономіческого чуда”, як у трактоўцы рэжымнай гэбельсаўшчыны падаецца развал нашай нацыянальнай эканомікі. “Цудам прыроды” (насуперак шэрагу яе законаў) сапраўды зьяўляецца факт, што дагэтуль працягваецца існаваньне гаспадаркі, у якой не праводзілася мадэрнізацыя, а, наадварот, адбывалася і адбываецца перманэнтнае разбурэньне і раскраданьне народных багацьцяў сіламі антыбеларускай дзяржмафіі, кіруемай з Масквы, і крымінальнікамі розных калібраў. Але законы прыроды і эканомікі ўнівэрсальныя, іх не адменіш лукашэнкаўскім “прэзыдэнцкім указам” і не пераскочыш сабакам. Гэтыя законы дыктуюць фінал шматгадовай рэжымнай авантуры. На праверку “чудо” было проста спосабам узбагачэньня абмежаванай колькасьці асобаў і іхных сем'яў за кошт падманутага і эксплуатуемага народа. Канчатковы правал ужо недалёкі.

Калгасная гаспадарка даведзена да перадсьмяротнага стану. Ніхто ўжо ня верыць у тэлевізыйную рэкляму палётаў Лукашэнкі па палях і фермах, бравурныя рапарты агаломшанага мясцовага начальства і вымытыя падлогі кароўнікаў і сьвінарнікаў на тэлеэкране.

Вясковыя людзі распавядаюць пра зьдзек з сялянскай гаспадаркі ў гэтакзваных “аграгарадках”, куды рэжым сагнаў тысячы беларусаў. Сяляне ня могуць нават трымаць жывёлу на сваім двары. Побач з стандартным домам у “аграгарадках” стаіць нешта велічынёй крыху больш за сабачую будку. Гэта нешта называецца гаспадарчай пабудовай. Для хатняй гаспадаркі гэты стандарт не пасуе. Людзі ў “аграгарадках” сьпіваюцца, працуюць неэфэктыўна і ратуюць свае сем'і ад голаду даўнімі народнымі спосабамі. Дапамагае статыстыка. Некалькі калгасьнікаў рэжуць аграгарадкоўскую карову або авечку, нясуць мяса сваім блізкім, а страту “галавы” быдла афармляюць як “падзёж”. Дзякуючы гэтаму іхныя сем'і час ад часу маюць што есьці. Заробкі ў сельскай гаспадарцы такія мізэрныя, што іх ужо ні з чым нельга параўнаць.

Свае крымінальныя спосабы мае і дыктатура, толькі маштабы значна большыя. Блізкія да дыктатарскіх вярхоў колы прымушаюць кіраўнікоў прамысловых прадпрыемстваў закупляць сыравіну, запчасткі, машыны і цэлыя аўтаматычныя лініі па нявыгадных для прадпрыемства коштах або вельмі нізкай якасьці. Мафія мае свой “адкат” (вялікі працэнт ад атрыманых расейскім і заходнім пастаўшчыком грошай), эканамічная немэтазгоднасьць і шкода для эканомікі яе не цікавіць. Часьцяком мафія прымушае кіраўніцтва прадпрыемстваў закупляць абсталяваньне і мэханізмы, якія абсалютна не патрэбныя гэтым прадпрыемствам. Потым нераскрытыя скрыні з гэтым жалезьзем іржавеюць на дварах прадпрыемстваў пад сьнегам і дажджом. Гэтая злачынная практыка стала настолькі распаўсюджанай у акупаванай Беларусі, што ніхто асабліва не зьдзіўляецца гэтай зьяве.

Адукаваныя людзі хапаюцца за галаву, бачачы гэты крымінальны хаос у беларускай эканоміцы. Яны ня ведаюць, што рабіць, настолькі вялікімі ёсьць маштабы злачынства супраць Беларусі. Вельмі важна, каб эканамічна адукаваныя і актыўныя беларусы зразумелі, што навесьці парадак у нацыянальнай эканоміцы і спыніць крымінальны кашмар можна толькі палітычным шляхам. Шляхам ліквідацыі антынацыянальнага акупацыйнага рэжыму.

Янка Базыль