ЛЯЎРЭАТКА НОБЭЛЕЎСКАЙ ПРЭМІІ: СВАБОДУ ПАЭТУ НЯКЛЯЕВУ! 16.05.2011

Каля сотні паэтаў, літаратараў і дзеячоў культуры з усяго сьвету падпісалі ліст салідарнасьці з Уладзімерам Някляевым і заклікалі беларускія ўлады й суд неадкладна вызваліць паэта.

Прыводзім зьмест ліста цалкам:

“У сваёй прамове на судовых слуханьнях 6 траўня паэт Уладзімер Някляеў сказаў:

“Я паэт. У мяне няма “юрыдычнага” мысьленьня. І ніхто ўжо нічога ня можа з гэтым зрабіць. Ёсьць рэчы нашмат важнейшыя, чым юрыспрудэнцыя ці палітыка. Сакральныя рэчы. Чалавек — больш чым проста юрыст або палітык.

Усе мае сябры стаялі на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. Я да гэтага часу стаю на Плошчы зь імі — Плошчы нашай будучыні”.

Але Ўладзімр Някляеў так і ня трапіў на Плошчу 19 сьнежаня 2010 г., каб далучыцца да пасьлявыбарчага мітынгу. Ён быў зьбіты да страты прытомнасьці, да чэрапна-мазгавой траўмы яшчэ да таго, як мітынг пачаўся, калі за яго яшчэ галасавалі на выбарчых участках. Ён быў выкрадзены з рэанімацыі й арыштаваны.

Цяпер ён паўстаў перад судом за арганізацыю дзеяньняў, у якіх у яго нават не было магчымасьці ўдзельнічаць.

Мы заяўляем аб сваёй падтрымцы Ўладзімеру Някляеву й яго сябрам. Мы стаім на Плошчы разам зь імі. Камусьці можа здацца дзіўнай наша еднасьць моцнай веры ў тое, што ёсьць рэчы, больш важныя, чым палітыка альбо юрыспрудэнцыя. Але мы заяўляем, што жыцьцё Паэта, свабода Паэта нашмат важнейшыя, чым часовыя патрабаваньні дадзенага гістарычнага моманту. Уладзімер Някляеў аддаў свой голас, голас Паэта, за тых у Беларусі, хто марыць аб лепшым жыцьці, хто хоча больш выбару й больш свабоды. І мы хацелі б дадаць свае галасы да яго голасу.

Мы зьвяртаемся да ўраду Беларусі й да Высокага суду вызваліць Уладзімера Някляева, даць яму волю пісаць і ствараць.

Яму ёсьць чым папоўніць скарбніцу беларускай культуры.

Віслава Шымборска (ляўрыятка прэміі Нобэля), Эгідзіюс Александравічус, Цімаці Гартан Эш, Адоніс, Джэйн Хіршфільд, Конрад Лой, Хаціф Джанабі, Андрэй Хадановіч, Вытурыс Яруціс, Яраслаў, Грынчышын, Мадлэйн Грывэ, Юлія Хартвіг, Ежы Ільг, Тэрэса Валас, Томаш Ружыцкі, Генрык Вазьнякоўскі, Рышард Крыніцкі, Кшыштаф Чыжэўскі, Алег Лышэха, Багдан Тоша, Марэк Залескі, Ірэна Грудзіньска-Грос і інш. (усяго каля сотні асобаў)

-ДГ-

Крыніца: http://www2.polskieradio.pl/zagranica/by/news/artykul155426.html