РЭЖЫМ ПАЛОХАЕЦЦА СВАЙГО ЦЕНЮ

18 траўня ў Сеціве назіралася нештодзённая мэтамарфоза. Недзе пасьля абеду на сайце Радыё Свабода быў зьмешчаны даволі вялікі тэкст з фотаздымкам В. Івашкевіча. У тэксьце паведамлялася, што “Беларускі Рух”, які складаецца з тых, хто адкалоўся ад Партыі БНФ (маецца на ўвазе псэўда-БНФ пад кіраўніцтвам Янукевіча — заўвага рэдактара), прыняў адно рашэньне. Рашэньне агучыў В. Івашкевіч, дзеяч гэта “руху”. Ён заклікаў людзей па ўсёй Беларусі зьвяртацца да мясцовых уладаў з заявамі на правядзеньне грамадзкіх сходаў па месцы жыхарства: “у любым месцы горада і ў любы час, але ў адзін дзень — 16 кастрычніка сёлета”. Атрымаўшы дазвол ад уладаў, жыхары павінны прывесьці на гэтыя сходы ўсіх сваіх сямейнікаў і знаёмых, каб сабраліся дзясяткі тысячаў асобаў. На сходах трэба абмеркаваць праблемы нашай сучаснасьці.

Чаму менавіта 16 кастрычніка? А таму, што ў гэты дзень рэжым плянуе правесьці свой “Агульнабеларускі сход”. Вось і трэба супрацьпаставіцца сваім сходам па ўсёй краіне рэжымнаму сходу. А з гэтых лакальных сходаў павінен вырасьці агульны народны рух, які будзе змагацца супраць рэжыму і ліквідоўваць яго. Такім чынам, маўляў, агульнанародным сходам былі ліквідаваны рэжымы Ярузэльскага, Чаўшэску і іншых.

Усё выглядала нібыта дастаткова лагічна (калі зыходзіць з асаблівасьцяў дзіцячай логікі). Але прачытаўшы Івашкевіча, дарослыя людзі задаліся пытаньнем: а як гэта? Атрымліваецца, што сам рэжым павінен даць дазвол на сходы па ўсёй краіне, дзе будзе вырашацца пытаньне ліквідацыі гэтага рэжыму. Наколькі вядома, то за апошнія месяцы рэжым забараніў безьліч значна больш бяскрыўдных па тэме і зусім не палітычных сходаў і акцый. Вядома таксама, што Ярузэльскі і Чаўшэску дазволу на сход на тэму ліквідацыі іхняй улады не давалі, а палякі з румынамі да іх з такімі заявамі не зьвярталіся. Беларускія партызаны не зьвярталіся ў раённыя аддзелы гестапа і СД з просьбай дазволіць ім сходы насельніцтва на тэму стварэньня партызанскай брыгады імя тав. Варашылава.

Тэкст з Івашкевічам настолькі рассьмяшыў фронтаўцаў, што яны пачалі тэлефанаваць адзін аднаму і дзяліцца ўражаньнямі.

Аднак, доўга гэта не працягвалася. Прыкладна праз паўтары гадзіны тэкст з Івашкевічам і “рухам” бяссьледна зьнік з аналаў Радыё Свабоды. Зьнік гэты сюжэт і з інтэрнэт-выданьня Tut.By. Прычым інфармацыя зьнікла паўсюль сінхронна. І так грунтоўна, нібыта яе ніколі і не было. Вось такая мэтамарфоза з палітімітацыяй.

Гэты эпізод можа сьведчыць аб тым, што антынародная ўлада шарахаецца ўбок нават убачыўшы цень псэўдаапазыцыі (свой цень). Такое бывае пры сур'ёзнай дэпрэсіі.

Янка Базыль