АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ (17–19.05.2011)

Вялікабрытанія ўсё прызнала

17 траўня 2011 г. ангельская газэта “Telegraphe” апублікавала артыкул пад тытулам “Адзін маленькі крок... і вялікі прарыў у гісторыі”. На здымку ў газэце: каралева Вялікай Брытаніі робіць першы крок з трапа самалёта на зямлю незалежнай Ірляндыі. Гэта ёсьць першы афіцыйны візыт першай асобы Брытаніі ў Ірляндыю з 1911 года. Каралева ўсклала вянок да помніка ірляндцам, што загінулі ў барацьбе за незалежнасьць радзімы ад Вялікай Брытаніі.

Наш камэнтар: Памятаем, як лубянскі “артыст” Пуцін у ролі прэыздэнта РФ ускладаў вянок у Баку на магілы ахвяраў расейскай агрэсіі, забітых у студзені 1990 года. Над магіламі аркестар зайграў “гімн СССР-РФ”. Беларусы не хацелі б такога блюзьнерскага спэктаклю на сваёй зямлі. Вось калі маскоўская імпэрыя распадзецца (як распалася брытанская), то да нашых помнікаў можна будзе дапусьціць дэлегацыю сувэрэннага Маскоўскага княства (ці як яно тады будзе назвацца)...

Юрка Марозаў


У Польшчы пачынаюць дыялёгі з расейцамі

17 траўня 2011 г. летувіская газэта “Lietuvos Rytas” паведаміла, што ва Уроцлаве ў чэрвені адчыніцца Польска-расейскі цэнтар ўзаемаразуменьня і дыялогу. Першым мерапрыемствам будзе канфэрэнцыя журналістаў дзьвюх краінаў наконт міжнароднага супрацоўніцтва і ўзаемапаразуменьня.

Наш камэнтар: Дыялог, зразумела, будзе. А вось з узаемаразуменьнем заўсёды праблема, калі ў справу замешана Расея. Нешта падобнае ўжо было. Беларускія фронтаўцы, напрыклад, удзельнічалі ў нечым падобным у ліпені 2007 года ў Летуве. Дыялог быў прадстаўнічы і шматслоўны, на тэму “мірнага разьвязаньня канфліктаў на постсавецкай прасторы”. Сярод іншых былі нават запрошаны дэлегацыі ад Прыднястроўя, П. Асэціі і Абхазіі. Найбольш было расейцаў, якія паводзілі сябе шумна і расперазана. Пагаманелі “за мір” і разьехаліся. А праз год Расея танкавымі калёнамі ўварвалася на тэрыторыю Грузіі... Так заканчваюцца ўсе “дыялогі” зь імі.

Алесь Хадасевіч


Савецкі КГБ арганізаваў забойства Рымскага Папы

18 траўня 2011 г. румынская газэта “Adevarul” апублікавала артыкул пад тытулам “КГБ прыняў рашэньне на фізычную ліквідацыю Папы Яна-Паўла ІІ у 1981 годзе”. Цытуем газэту: “Італьянскія аўтары Фэрдзінанда Імпасімата, суддзя на пэнсіі, і журналіст Сандра Правізьяната апублікавалі кнігу “Замах на Папу”, у якой яны сьцьвярджаюць, што замах ня быў учынкам аднаго экстрэміста, а вынікам змовы, якую рэалізаваў Савецкі Саюз з дапамогай баўгарскіх сакрэтных службаў і турэцкай мафіі. (...) Польская газэта “Rzeczpospolita” сьцьвярджае, што знайшла невядомы раней дакумант у архівах Міністэрства Унутраных Справаў, у якім асобы, зьвязаныя з сакрэтнай службай Заходняй Нямеччыны кажуць, што савецкая сакрэтная служба была “натхняльнай і арганізацыйнай сілай” за праваленай спробай забойства Папы. Мэтай пляну было не дапусьціць да візыту Яна Паўла ІІ у Польшчу на пахаваньне высокага сьвятара”. Маецца на ўвазе пахаваньне прадстаяцеля Каталіцкага Касьцёла ў Польшчы кардынала Вышыньскага.

Наш камэнтар: Трыццаць гадоў прамінула з тых падзеяў (13 траўня 1981 г.), але праўда пра гэбоўскае злачынства раскрываецца.

Юрка Марозаў


Расейская карупцыя ў войску

18 траўня 2011 г. аўстрыйская газэта “Die Presse” апублікавала артыкул пад тытулам “Сабачая ежа для рэкрутаў: Расейскі маёр абвінавачвае”. Маёр расейскай арміі Ігар Мацьвееў з базы ва Уладзівастоку выставіў у Сеціва свой відэазварот і далучыў да яго некалькі відэасюжэтаў. Афіцэр паведаміў пра харчаваньне жаўнераў прадуктамі, у якіх даўно выйшаў тэрмін прыгоднасьці. Відэасюжэты прысьвечаны зьдзекам і карупцыі ў арміі. Праз колькі дзён пасьля зьяўленьня звароту ў Сеціве маёра вытурылі з арміі.

Наш камэнтар: Аўстрыйская газэта цікава завяршае свой артыкул: “Расейская армія стаіць на парозе найбольш усеабдымнай рэформы ў сваёй гісторыі”. Аўстрыякі-дзівакі вераць у “рэформы” нерэфармуемай арміі ў сьмяротна хворай імпэрыі.

Алесь Хадасевіч


Што ні робяць — усё на шкоду

18 траўня 2011 г. славацкая газэта “Pravda” напісала пра прэс-канфэрэнцыю прэзыдэнта Расеі Медведева ў Сколкаве: “Расейскі прэзыдэнт Медведев у сераду прыгразіў, што калі Злучаныя Штаты і Заходняя Эўропа далей будуць ігнараваць расейскія патрабаваньні наконт пашырэньня амэрыканскага супрацьракетнага шчыта над Эўропай, то Масква будзе вымушана ўзмоцніць свой ракетны арсэнал”.

Наш камэнтар: Трэба нагадаць заходнім цывілізацыям, што “узмацненьне расейскага ракетнага патэнцыялу” прадугледжвае таксама разгортваньне гэтага патэнцыялу на тэрыторыі Беларусі. Вось аб чым трэба было б дыскутаваць і хвалявацца ў заходніх грамадзтвах. А яны некалькі сутак ужо занятыя разборам скандала вакол старшыні Міжнароднага Валютнага Фонду, які па быдлячы павёў сябе з пакаёўкай у амэрыканскім гатэлі... .

Алесь Хадасевіч


У нас тое ж самае

19 траўня 2011 г. швайцарская газэта “Neue Zuercher Zeitung” апублікавала сэрыю здымкаў і артыкул, прысьвечаныя 50-м угодкам пачатку так званай Алжырскай канфэрэнцыі, якая адбылася ў швайцарскім мястэчку Эвіян (распачалася 20 траўня 1961 г.). Прадстаўнікі Францыі з аднаго боку і дэлегацыя Нацыянальна-вызвольнага руху Алжыру вялі перамовы пра спыненьне ваенных дзеяньняў і абвяшчэньне незалежнасьці Алжыру. Толькі праз год Дэ Голь прызнаў права Алжыру на незалежнасьць.

Наш камэнтар: На працягу шасьці гадоў (1956-62) алжырскія паўстанцы вялі вызваленчую вайну супраць французкіх каляніялістаў. Урэшце народ перамог ворага і абвясьціў сваю незалежную дзяржаву. Але ўжо ў хуткім часе ўладу ў краіне захапілі спэцслужбы начале з сваім начальнікам Бумэдзьенам. Герой і лідэр рэвалюцыі Бэн Бэла быў арыштаваны гэбэшнікамі. Але яны не наважыліся забіць яго. На працягу амаль трыццаці гадоў, да самай сьмерці ён знаходзіўся пад хатнім арыштам. Гэбэшнікі кіравалі па-гэбэшнаму і давялі незалежную краіну да глыбокага крызісу, зь якога Алжыр (патэнцыйна багатая краіна) ня можа выйсьці дагэтуль.

Беларусы добра разумеюць драму алжырскага народу. У нас тое ж самае, ворагі і гэб'ё таксама скралі народную перамогу 1991-га года. Але ім ня ўдасца нішчыць нашу краіну вечна. Надыходзіць канец іхняму рэжыму.

Алесь Хадасевіч


Пры чым тут сумленьне?

19 траўня 2011 г. польская газэта “Rzeczpospolita” паведаміла, што міжнародная арганізацыя “Amnesty International” адмовілася прызнаць Хадаркоўскага і Лебедзева вязьнямі сумленьня. З гэтай просьбай у арганізацыю зьвярнуліся былі з калектыўным лістом расейскія інтэлектуалы і артысты. Арганізацыя, тым ня менш, асудзіла “палітычную матывацыю” працэсаў.

Наш камэнтар: Група расейскіх інтэлектуалаў і артыстаў сапраўды патрабавала занадта. Начальнікі “Юкоса” на сумленных людзей, якія пацярпелі за сваю сумленнасьць, ніяк не выглядаюць. Многія людзі нават на вуліцах Масквы кажуць: “А чым яны лепшыя ад іншых акулаў крамлёўскага бізнэсу?” Актыўна ўдзельнічалі ў абрабаваньні народаў, рабілі гэта пад аховай і пад даглядам ФСБ. Меркавалі, што гэбэ іх і іхны бізнэс будзе вечна ахоўваць і вечна ім будзе служыць. Памыліліся, сістэма заглынула іх і не паморшчылася. Кур'ёзна было паслухаць былых савецкіх-расейскіх дысідэнтаў, якія казалі публічна на міжнародных канфэрэнцыях, што “Хадаркоўскі зьяўляецца сымвалам супраціву крамлёўскай сістэме”. Падобна, што ад яго гэтыя пэнсіянэры атрымлівалі нейкія сродкі на сваё існаваньне. Але пры чым тут сумленьне?

Алесь Хадасевіч