КСЁНДЗ ЕЖЫ ПАПЯЛУШКА: “ТРЭБА ЖЫЦЬ У ПРАЎДЗЕ”

Каб застацца чалавекам вольным духоўна, трэба жыць у праўдзе. Жыцьцё ў праўдзе, гэта значыць сьведчыць праўду, вызнаваць яе і нагадваць пра яе ў любой сытуацыі. Праўду немагчыма зьнішчыць якім-кольвечы рашэньнем, якім-кольвечы законам. У гэтым якраз і заключаецца наша няволя, што мы паддаемся панаваньню хлусьні, што не раскрываем хлусьню, не пратэстуем супраць яе штодня. Не пратэстуем, маўчым альбо ўдаем, што верым у яе. Мы такім чынам жывем у хлусьні.

Сьмелае сьведчаньне праўды ёсьць шляхам, які вядзе да свабоды. Чалавек, які дае сьведчаньне праўды, ёсьць чалавекам вольным нават ва ўмовах зьнешняй несвабоды, нават у лягеры або ў турме. Калі б большасьць палякаў ў цяперашняй сытуацыі ўстала на шлях праўды, калі б большасьць не забывалася, што было для яе праўдай яшчэ каля года таму, то мы сталі б народам, вольным духоўна, ужо цяпер. А зьнешняя або палітычная свабода абавязкава прышлі б рана ці позна як вынік гэтай свабоды духу і вернасьці праўдзе.

Грунтоўнай справай пры вызваленьні чалавека і народа зьяўляецца пераадольваньне страху. Бо страх нараджаецца з пагрозы. Мы баімся, бо нам пагражае пакута, страта нейкай маёмасьці, страта свабоды, здароўя або пасады. І тады мы дзейнічаем насуперак сумленьню, якое, аднак, ёсьць мерай праўды. Мы пераадольваем страх, калі згаджаемся на пакуты або страту нечага ў імя вышэйшых каштоўнасьцяў. Калі праўда будзе для нас такой каштоўнасьцю, за якую варта пакутваць, варта рызыкаваць, то тады мы пераадольваем страх, які ёсьць непасрэднай прычынай нашага панявольваньня.

Хрыстос шмат разоў нагадваў сваім вучням: “Не бойцеся. Ня бойцеся тых, якія забіваюць цела, а нічога больш зрабіць ня могуць... (Ад Лукаша, 12:4)”.

Ксёндз Ежы Папялушка

Сьвятая Імша за Айчыну, 31 кастрычніка 1982 г.

Крыніца: Бюлетэнь “Alternatywa”, травень 2011 г.

Пераклад з польскай.

Ежы (Юры) Аляксандр Папялушка нарадзіўся ў 1947 г. у беларускай сялянскай сям'і ў вёсцы Акопы на Беласточчыне. Скончыў каталіцкую Духоўную Сэмінарыю ў Варшаве. У 1981 г. далучыўся да руху польскіх рабочых, які аформіўся як “Салідарнасьць”. Стаў капэланам “Салідарнасьці”. Масква і прамаскоўскі рэжым Ярузэльскага ненавідзелі і баяліся патрыятычнага сьвятара. 19 кастрычніка 1984 г. група афіцэраў польскіх спэцслужбаў захапіла і забіла яго. Рэжым разлічваў, што злачынства напалохае народ. Але мільёны людзей па ўсёй краіне ў дні разьвітаньня з пакутнікам прадэманстравалі сапраўдную народную салідарнасьць у супрацьстаяньні прамаскоўскай дыктатуры і яе гаспадарам. Хунта вымушана была арыштаваць гэбоўскіх злачынцаў і асудзіць іх на турэмныя тэрміны. Стала зразумела, што антынародная дыктатура ў хуткім часе заваліцца. У 2010 г. Рымска-каталіцкі Касьцёл абвясьціў ксяндза Папялушку багаславёным. У многіх польскіх гарадах і мястэчках ёсьць помнікі ксяндзу-пакутніку, вуліцы ягонага імя.