ЗАМЕЖНЫ ДРУК (15–16.06.2011)

Шоў дыктатуры

15 чэрвеня 2011 г. іспанская газэта “АВС” напісала пра вялікую дэманстрацыю ў Дамаску ў падтрымку прэзыдэнта Башара Асада. Па праспэкту Мэзэх дэманстранты расьцягнулі вялікі дзяржаўны сьцяг даўжынёй у 2300 м і шырынёй 18 м. Людзі гукалі, што аддадуць сваю кроў за Асада.

Наш камэнтар: Беларусы добра ведаюць, як у савецкія часы рэжым наладжваў шматмільённыя натоўпы пад “Слава КПСС!” А ў жніўні 1991 г. не было каму абараняць КПСС і СССР, якія паваліліся на трэцюю ноч няўдалага маскоўскага путча.

Рэжым Асада яшчэ можа “добровольно-прінудітельно” скалаціць на цэнтральным праспэкце сталіцы дэманстрацыю пад сваю падтрымку. А вось Лукашэнка ўжо і гэтага ня можа. Калі б і сабралі якіх пераапранутых курсантаў школы гэбэ і дурачкоў з БРСМ у цэнтры Менску, то людзі абсьвісталі б гэты падстаўны вадэвіль.

Юрка Марозаў


Абараняюць годнасьць

15 чэрвеня 2011 г. французкая газэта “Le Figaro” паведаміла пра сацыяльныя пратэсты ў Кітаі. У правінцыі Сычуань (Унутраная Манголія) падчас праверкі на адным з рынкаў паліцыя паваліла на зямлю гандлярку і біла яе нагамі. Жанчына была цяжарная. У той жа дзень ўзьняліся сотні, потым тысячы манголаў, у асноўным дробныя гандляры і прадпрымальнікі. Яны пагналі паліцыю, разграмілі шэраг унівэрмагаў і дзяржаўных установаў. Паліцыя выклікала бранетэхніку. Манголы заяўляюць, што іх дэскрымінуюць у Кітаі. У сувязі з вялікай інфляцыяй разгортваюцца масавыя выступы дробных прадпрымальнікаў на поўдні Кітаю. Улады баяцца, што прадпрымальніцкія і гандлярскія пратэсты разрастуцца ў шырокі сацыяльны рух паводле туніскага тыпу.

Наш камэнтар: Слушна баяцца антынародныя ўлады. Гандляры і прадпрымальнікі ў Кітаі ўжо даўно ня пішуць жаласных зваротаў “да таварыша Мао” ці да каго яшчэ. Людзі гуртуюцца і моцна абараняюць сваю маёмасьць і сваю чалавечую годнасьць.

Алесь Хадасевіч


Канфіскавалі вілу Мілошавіча

15 чэрвеня 2011 г. славацкая газэта “SME” паведаміла, што сэрбскія ўлады праз суд канфіскавалі раскошную вілу сям'і былога прэзыдэнта Мілошавіча, што знаходзіцца ў люксусовым раёне Белграду.

Наш камэнтар: Пасьля правалу прамаскоўскай дыктатуры няхай яе халуі не спадзяюцца, што вызваленая дзяржава будзе талераваць іхныя мафійныя “правы” на маёмасьць, якой яны завалодалі ў выніку нацыянальна-дзяржаўнай здрады.

Юрка Марозаў


Пратэсты ў Эўразьвязе

15 чэрвеня 2011 г. польская газэта “Rzeczpospolita” напісала пра масавыя пратэсты ў Каталоніі і Грэцыі. У Барсэлоне тысячы людзей атачылі каталонскі парлямант і не пусьцілі ў яго дэпутатаў, якія павінны разглядаць праграму выйсьця з эканамічнага крызісу праз скарачэньне сацыяльных праграм і рэжым строгай эканоміі. Дэпутатаў давялося дастаўляць у парлямант на верталёце. У Афінах таксама адбыліся сутычкі з паліцыяй вакол парляманту краіны, з той жа нагоды.

Наш камэнтар: Паўсюль людзі зрываюць спробы ўладаў вырашыць праблемы краіны за кошт звычайных грамадзянаў. Людзі абвінавачваюць у крызісе кіруючыя эліты і банкаўскіх гульцоў.

Алесь Хадасевіч


Няшчасьце Тыбету

16 чэрвеня 2011 г. славацкая газэта “Hospodarske Noviny” паведаміла, што з 1 ліпеня сёлета Тыбэт будзе зачынены кітайскімі ўладамі для замежных турыстаў у сувязі з сьвяткаваньнямі 90-х угодкаў заснаваньня кампартыі Кітаю. І ў звычайны час замежныя турысты павінны былі атрымліваць спэцдазвол на наведваньне Тыбэту ад кітайскіх ўладаў. А ў кітайскія дзяржсьвяты неспакойную правінцыю заўсёды зачынялі.

Наш камэнтар: Пэкінскія акупанты баяцца тыбэтцаў, якія не спыняюць супраціў акупацыі. Нельга дапусьціць, каб Беларусь стала эўрапейскім Тыбэтам, каб маскоўскія варвары зачынялі-адчынялі нашу краіну для замежнікаў, каб яны пляжылі нашу цывілізацыю.

Алесь Хадасевіч


Страйк у Чэхіі

16 чэрвеня 2011 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” напісала, што ўся Чэхія паралізавана агульным страйкам транспартнікаў. Спыніўся рух гарадзкіх і міжгародных аўтобусных і чыгуначных транспартных сродкаў. Работнікі патрабуюць павышэньня заробкаў. Упершыню за пасьляваенны час улады вымушаны пусьціць па міжгародных маршрутах армейскія аўтобусы, каб неяк перавозіць людзей.

Наш камэнтар: Паўсюль работнікі змагаюцца за свае правы і не даюць начальству расслабіцца. Той, хто змагаецца, той і жыве ў чалавечай годнасьці.

Алесь Хадасевіч


Бамбардуюць Трыпалі

16 чэрвеня 2011 г. нарвэжская газэта “Aftenposten” напісала, што раніцай урадавы квартал Трыпалі быў моцна збамбардаваны авіяцыяй НАТО. Далёка вакол было чутно выбухі.

Наш камэнтар: Вядома, што кожная антынародная дыктатура любіць будаваць для сябе раскошныя вілы і палацы, а таксама бункеры і доты. З гэтых хованак дыктатура спадзяецца бясконца нішчыць і абарабоўваць народ. Але канец абавязкава настае і хованкі не дапамагаюць схавацца.

Юрка Марозаў