У ПАМЯЦЬ ПРА КАРДЫНАЛА

Памёр кардынал Казімір Сьвёнтак. У беларускім духоўным жыцьці гэта была асоба станоўчая. Станоўчасьць яго выяўлялася, найперш, у лаяльнасьці да беларускага Адраджэньня і беларускай мовы ў касьцёле. Кардынал-паляк нідзе, праўда, голасна не выяўляў сваёй падтрымкі беларушчыне, але ён нідзе і не перашкаджаў, не выступаў з філіпікамі, ня ганіў, не казаў няпраўду. Ён быў асьцярожным дыпляматам, які не пярэчыў прыродзе рэчаў. І ўжо за гэта яму вялікі дзякуй.

На пераломе 60-70-х гадоў я быў у складзе творчай групы (Валянцін Ждановіч, Уладзімер Караткевіч і я), якая здымала і пісала пра касьцёл Францысканцаў у Пінску. Там мы пазнаёміліся зь негаваркім, заклапочаным ксяндзом Сьвёнткам і два дні працавалі ў касьцёле Францысканцаў. Ксёндз паказваў усё, што мы прасілі, а ў канцы запрасіў нас да сябе ў госьці на абед.

Пабываўшы ў ягонай хаце, мы зразумелі, што ксёндз — асоба ня простай біяграфіі і суровага лёсу. Сьвёнтак сказаў нам тады, дзе ён быў у 40-х і як вярнуўся з ГУЛАГу жывым. Памятаю таксама, што я зьвярнуў увагу на яго заняткі і пабочныя інтарэсы. Ксёндз ганяў на двухцыліндровым матацыкле, аж пыл курэў, фатаграфаваў ваколіцы, здымаў на кінакамэру аматарскія фільмы, фільмаваў туманы і золак над Пінаю.

Гаварыў ён ня шмат і нічаму не даваў сваіх ацэнак. Але ў міжчасьсі адчыніў, відаць, адмыслова падрыхтаваную да нашага прыходу, тэчку з паперамі і паклаў перад намі нейкі касьцельны дакумант ці ні з XVI-га стагоддзя, напісаны па старабеларуску на пажоўклай порыстай паперы. Сэрцы нашыя затрымцелі. Сьвёнтак маўчаў.

Дыпляматычныя якасьці і вопыт перажытага дарэчна спатрэбіліся яму пазьней. Але што я заўважыў яшчэ ў ім тады, — гэта адсутнасьць фанатызму і пакліканьне веры (рысы ўзаемазьвязаныя). Відаць, яны найбольш і паспрыялі той характэрнай станоўчай ягонай ролі ў адраджэньні і разьвіцьці каталіцкага касьцёла ў Беларусі.

Вечны супачынак дай яму, Божа. Ён застанецца ў памяці беларусаў з павагай, пашанай і добрымі ўспамінамі.

22 ліпеня 2011 г.

Зянон ПАЗЬНЯК