МУЗЭІ ПРЫ ЛУКАШЫЗМЕ

Пасьля набыцьця сучаснай Беларусьсю дзяржаўнай незалежнасьці дваццаць гадоў таму музэйная справа актывізавалася па ўсёй нашай краіне. Прафэсіяналы і энтузіясты, нават афіцыйныя чыноўнікі актыўна заняліся рэканструкцыяй ужо існуючых музэйных экспазыцый і ўтварэньнем новых экспазыцый і новых музэяў. Здавалася, часы расейска-акупанцкага цемрашальства мінулі назаўжды і самы зрабіліся музэйным артэфактам, аб якім наведвальнікам трэба распавядаць, тлумачачы спэцыфічныя дэталі. Але ж не, цяперашні акупацыйны рэжым, як і паўсюль у Беларусі, і ў музэйнай справе падмінае ўсё пад сябе, услаўляючы акупанцкую Расею і яе даўніх і цяперашніх “герояў”.

Пра варварскія дзеяньні “культуртрэгераў” ад русіфікацыі ў нашай сталіцы мы ўжо пісалі ня раз. Ня менш разбуральныя вынікі брутальнага ўмяшальніцтва ў культурнае жыцьцё нашага народу назіраюцца таксама ў рэгіёнах Беларусі. Бачна, што рэжым паўсюль разаслаў свае “рэскрыпты” і вызначыў “прыярытэты”. “Прыярытэты” лукашызма вядомыя: “православіе, самодержавіе, народность” на маскоўскі капыл і ў вырабленых эклектычных формах правінцыйна-імпэрскага стылю.

Наведвальнік Музэю Беларускай чыгункі ў Баранавічах ня ўбачыць на экспазыцыі нават згадкі пра дзейнасьць савецкай чыгункі падчас масавых сталінскіх рэпрэсій 1920-50-х гадоў. А паказаць ёсьць што. Гэта толькі ў падручніках напісана, што сталінскія хапуны і вываз арыштаваных людзей скончыліся адразу пасьля сьмерці Сталіна (5 сакавіка 1953 г.). Эшалёны, набітыя арыштаванымі беларусамі. НКВД гнала ў ГУЛАГ яшчэ цэлых паўгады пасьля гэтай падзеі. Апошні эшалён на ГУЛАГ быў адпраўлены з Баранавічаў ажно 26 жніўня 1953 года. Пра гэта ў музэі няма аніслова, анізнака. Затое ў кожнай амаль залі на нас глядзіць у розных позах постаць “галоўнага чыгуначніка” Ул. І. Леніна. Нагадаем, што “вождь” праехаўся па нашай чыгунцы адзін раз, у 1905 годзе, калі накіроўваўся ў швайцарскую эміграцыю. Вядома, што ён выйшаў быў з вагона на плятформу на станцыі Менск, каб купіць піражкоў. Гэтая падзея, мабыць, паслужыла прэтэкстам для ўсталяваньня тысячаў помнікаў “галоўнаму пасажыру” па ўсёй Беларусі. На іншым стэндзе застыў растыражаваны Сталін. Ягоная выява ёсьць на экспанатах — ганаровых граматах эпохі сталінізма.

Але гэта толькі пачатак, далей горай. Мы прыбываем у Бярозу-Картузкую. Ціхае беларускае мястэчка ўслаўлена Картузіянскім кляштаром 17 ст., велічныя руіны якога ўражаюць несьмяротнай прыгажосьцю. Вось што трэба было б рэстаўраваць і вяртаць у актыўнае культурнае жыцьцё — на грошы, што рэжым змарнаваў, будуючы свае ідыёцкія “лядовыя палацы”. На шчасьце, значна лепш захаваліся будынкі “Чырвоных казармаў”, у якіх у 1935-39 гг. знаходзілася сумна знакамітая вязьніца санацыйнай Польшчы. Праз турму прайшлі тысячы палітычных вязьняў: беларусы, украінцы (менавіта тут вязьнілі Стэпана Бандэру і ягоных паплечнікаў), палякі. Перад галоўным будынкам комплексу, што праўда, стаіць белая стэла з савецкім надпісам па-расейску. Але акрамя яе, памяць пра тыя драматычныя падзеі ніякім больш чынам не адлюстравана ў гістарычнай зоне. У будынку вязьніцы месьцяца рэжымныя канторы, вядзецца рамонт, у выніку якога губляецца аўтэнтычны характар інтэр'ераў. Ёсьць там і музэйная частка ў былых камэрах, дзе пакутвалі людзі. Але ў экспазыцыі пра гэта няма нават згадкі. Тут выстаўлены мясцовыя мастацкія вырабы і сьведчаньні “дасягненьняў гаспадаркі”.

Але гэта нішто ў параўнаньні з кароннай заляй экспазыцыйнага шэрагу. Тут папрацавалі чыесьці “руплівыя рукі” і рэжымныя мазгі. Пакой аформлены як імітацыя “партызанскай школы”. Над доўгім сталом нацягнута сетка, якая імітуе партызанскі лес. У тарцы стала стаіць школьная дошка з надпісам “23 сентября 1943 года”. На стале купачкамі раскладзены сасновыя шышкі. А над сталом вісіць даволі вялікі партрэт Сталіна, на які накіраваны прамень сьвятла. “Так это было!..” — з пэўным пафасам распавядае экскурсавод. У “партшколу” штодня прыводзяць бярозаўскіх і раённых школьнікаў, якім пад партрэтам Сталіна даюць “урокі мужества і патріотізма”. Нагадаем, што такога маразму не засталося ўжо нідзе на плянэце Зямля. Нават у горадзе Горы ў Грузіі, дзе нядаўна народная ўлада дэмантавала апошні помнік Сталіну (які нарадзіўся ў Горы). Такога сістэматызаванага зьдзеку з дзіцячых душаў няма нават у цяперашняй Расеі. Такога не было ў СССР ні пры Хрушсове, ні пры Брэжняве, ні Андропаве-Гарбачове. Акупанцкая гадзіна гадзіць у галаву беларускім дзецям. На жаль, мы ня чулі пра пратэсты іхных бацькоў. Можа яны ня бачаць небясьпекі ў паўзучым сталінізме?

Акупанцкі рэжым ператварае культурнае жыцьцё нашай краіны ў стаячае балота, у багну, дзе жывуць і множацца балотныя русіфікатарскія монстры. Наперадзе ачышчэньне нашага духоўнага жыцьця ад гэтай брыдкай ціны. Але няма часу нам чакаць. Трэба супрацьстаяць рэжымнаму афіцыёзу нашай народнай культурніцкай альтэрнатывай, незалежнай ад рэжыму. Беларусы павінны ігнараваць і байкатаваць антыбеларускія мерапрыемствы лукашыстоўскага афіцыёзу. Няхай лукашысты самы бавяцца ў сваю папсу. Трэба ўжо цяпер разам ствараць свае паралельныя рэжыму мастацкія ініцыятывы, падзеі і цэнтры. Масква вядзе вайну супраць беларускай духоўнасьці і цывілізацыі. Трэба адказаць акупантам нашым салідарным супрацівам.

Алесь Хадасевіч