ІМПЭРСКІ ДУЭТ

Апошнім часам яны падзяліліся і вядуць кожны сваю тэму. Так дзеляцца на сцэне “дамоў культуры” два балалаечнікі: кожны балалаіць сваё, а разам яны лепяць на вачах у публікі рускі нескладаны свінг на тры струны. Прэм'ер Пуцін робіць тэлевыступы на тэму неабходнасьці ўключэньня Беларусі ў склад Расеі (пры гэтым крамлёўская моладзь, што слухае яго ў лягеры на Селігеры крыкам патрабуе “моцнай рукі”).

Прэзыдэнт Медведев робіць пагрозьлівыя заявы ў бок Грузіі і яе прэзыдэнта. Атмасфэра перадвыбарчай кампаніі ў Расеі падаграваецца і гэта ёсьць прычынай гучных заяваў двух вядучых імпэрскіх палітыкаў (а кожны зь іх хацеў бы панасіць шапку Манамаха наступныя пяць гадоў). Цікава, а чаму ў цэнтры выступу дуэта апынуліся менавіта гэтыя краіны: наша Беларусь і каўказкая Грузія? Што тут агульнага?

На наш погляд, гэтыя краіны патрапілі ў цэнтр увагі не выпадкова. Імпэрскі захоп Беларусі разглядаецца ў Крамлі як працэс у сваім завяршальным этапе. На пасадзе прэзыдэнта нашай краіны знаходзіцца ўзурпатар, агент Крамля, які разам з сваім атачэньнем праводзіць на працягу 17 гадоў разбуральную антыбеларускую палітыку. Пад кіраўніцтвам Масквы хунта Лукашэнкі нанесла ўдар па нацыянальнай культуры, мове і школьніцтву, давяла да абсурдных формаў духоўнае жыцьцё краіны. Цяпер хунта інтэнсіфікуе разгром эканомікі, фінансаў і сацыяльнай сфэры. Ахвярамі гэтай дзікай палітыкі зьяўляюцца мільёны беларусаў. Псэўдаапазыцыя, якая засьвяцілася імітатарствам у Беларусі і на міжнароднай арэне, апошнім часам або ліквідавана рэжымам або страціла давер людзей.

У Грузіі, здавалася б, адваротная сытуацыя. На чале краіны стаіць легітымны прэзыдэнт, які кіруе абаронай нацыянальных інтарэсаў і робіць усё для пазбаўленьня краіны ад зьнішчальных уплываў Расеі і для арыентацыі Грузіі на цывілізаваныя краіны. Па Грузіі Масква нанесла ўдары ваеннай сілай і эканамічнага характару, захапіла значную частку яе дзяржаўнай тэрыторыі. І там і там Крэмль спадзяецца на перамогу, вельмі важную для імпэрскага істэблішмэнту, які хацеў бы захаваць сваю ўладу ў Расеі.

Яны сапраўды падзялілі паміж сабой ролі. Пуцін вальяжна і нахабна выказваецца пра імпэрскае паглынаньне нашай Беларусі. Адчуваецца, што ў іх “усё ідзе па пляну”. Абрынута беларуская нацыянальная валюта, прыбытковыя прадпрыемствы ўжо знаходзяцца, фактычна, ў руках расейскай дзяржмафіі, грашовыя сродкі вымываюцца з сямейных бюджэтаў беларусаў. Гучаць прапагандысцкія галасы аб тым, што ўжо ўвосень сёлета Масква будзе ўводзіць расейскі рубель у нашай краіне (“Вусаты” ўсё выканае). Сотні тысячаў абрабаваных прамаскоўскім рэжымам беларусаў накіроўваюцца на заробкі ў Расею.

Медведева справакавала рэзалюцыя Сэнату ЗША, у якой гаворыцца пра расейскую акупацыю часткі грузінскай тэрыторыі і аб расейска-грузінскім канфлікце. Крамлёвец нават пагражае Саакашвілі міжнародным трыбуналам, хаця тут жа прызнае, што зьдзейсьніць гэта немагчыма. На грузінскім напрамку Масква лезе на вайну, спадзяючыся, што гэта будзе “маленькая пераможная вайна”, так неабходная для выбарчага энтузіязму мільёнаў “дорогіх россіян”. Што да Беларусі, то дасягнуць згаданага энтузіязму яны зьбіраюцца без гарачай вайны мэтадам здушэньня і дэмаралізацыі нашай краіны і нашага народу.

І адзін і другі крамлёўскія дзеячы памыляюцца ў сваім агрэсіўным аптымізме. Грузінскі і беларускі народы ня будуць паслухмяным матар'ялам, якім Масква зьбіраецца забясьпечыць сабе чарговы этап імпэрскага існаваньня. Няхай імпэрская гідра не спадзяецца на перамогу над народамі. Ніжэй друкуем “узор” расейскай публіцыстыкі.

Янка Базыль

Медведев: Саакашвілі чакае міжнародны трыбунал

Прэзыдэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі трэба судзіць судом міжнароднага трыбунала. Як перадае РІА “Новості”, пра гэта заявіў прэзыдэнт Дзімітры Медведев у інтэрв'ю расейскаму тэлеканалу “RT”, грузінскаму тэлеканалу “Першы інфармацыйны каўказкі” і радыёстанцыі “Эхо Москвы”. “Калі б спыталі мяне, я адказаў бы “так”, — сказаў Медведев. Пры гэтым ён удакладніў, што лічыць суд малаверагодным з-за пазыцыі шэрагу краінаў.

“Проста я лічу, што гэта грубае парушэньне нормаў міжнароднага права. Але з улікам таго, што тут наўрад ці можна абапірацца толькі на пазыцыю Расеі, думаю, што стварэньне міжнароднага трыбунала ў цяперашні момант нерэальна,” — сказаў прэзыдэнт. Пры гэтым ён заявіў, што канчатковы суд будзе гістарычным, а прамежкавы суд будзе зроблены выбаршчыкамі Грузіі.

Між тым, па словах Медведева, адпраўным пунктам для аднаўленьня эканамічных, а потым і дыпляматычных адносінаў паміж Расеяй і Грузіяй можа стаць зьняцьце Тбілісі прэтэнзій Маскве на перамовах па ўступленьню Расеі ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю (СГА). Па словах прэзыдэнта, калі грузінскае кіраўніцтва праявіць мудрасьць і зьменіць сваю пазыцыю адносна ўступленьня Расеі ў СГА, то “гэта можа стаць калі не паваротным пунктам, то пунктам дакрананьня, вакол якога мы маглі б далей пачаць спачатку аднаўленьне гандлёва-эканамічных адносінаў, а потым, глядзіш, і дыпляматычных адносінаў”.

Пры гэтым Медведев падкрэсьліў, што Расея ня мае намеру расплочвацца за ўступленьне ў СГА зьменай сваіх палітычных рэалій. “Калі пад гэтую марку ўступленьня ў СГА спрабуюць праштурхнуць зьмены палітычных рэалій, то, зразумела, на гэта ня пойдзем, і тут нават СГА ня будзе тым коштам, які можа быць заплочаны”, — сказаў Медведев.

Прэзыдэнт дадаў, што рэзалюцыя Сэната ЗША аб акупацыі Расеяй Грузіі ні на чым не грунтуецца і яе фармулёўкі абыякавыя для Масквы. “Гэтыя фармулёўкі сэната ні на чым не грунтуюцца. Яны адлюстроўваюць густавыя прыярытэты паасобных састарэлых сяброў Сэната, якія па суб'ектыўных прычынах сымпатызуюць тым або іншым людзям. Гэта іхняя справа. Гэта замежны парлямант. Мне да гэтага няма ніякой справы. Мне абыякавыя іхныя фармулёўкі”, — сказаў Медведев.

Адказваючы на пытаньне, ці магчыма аб'яднанае ўступленьне Абхазіі і Паўднёвай Асэціі ў склад Расеі, Медведев заявіў, што ніякіх юрыдычных альбо фактычных прадпасылак для гэтага няма. “У цяперашні час ні юрыдычных, ні фактычных прадпасылак няма. І з гэтым былі зьвязаны мае ўказы аб прызнаньні незалежнасьці”, — заявіў прэзыдэнт.

29 ліпеня Сэнат прыняў рэзалюцыю, якая пацьвярджае факт акупацыі Расеяй Абхазіі і Паўднёвай Асэціі. Адзін з распрацоўшчыкаў дакуманта, сэнатар Джэйн Шахін заявіла, што рэзалюцыя павінна нагадаць Маскве, што яна так і не выканала шэраг абавязацельстваў пагадненьня аб спыненьні агню, у прыватнасьці, не дапусьціла вяртаньня грузінскіх уцекачоў. Камэнтуючы журналістам прынятую рэзалюцыю, амбасадар Грузіі ў ЗША Цемур Якобашвілі падкрэсьліў, што ў дакуманце гаворыцца пра неабходнасьць выкананьня Расеяй пагадненьня ад 12 жніўня 2008 года аб вывадзе войскаў з Абхазіі і Паўднёвай Асэціі. “У рэзалюцыі падкрэсьлена, што йдзецца аб канфліктах не на тэрыторыі Грузіі, а аб адным канфлікце — паміж Расеяй і Грузіяй”, — сказаў Якобашвілі.

У расейскім МЗС рэзалюцыю Сэната назвалі “ня больш чым піяраўскім практыкаваньнем, прадпрынятым для таго, каб “адзначыцца” па “грузінскаму сюжэту”. Як заявіў афіцыйны прадстаўнік МЗС Аляксандр Лукашэвіч, “сьцьверджаньні аб тым, што Абхазія і Паўднёвая Асэція нібыта акупаваны Расейскай Фэдэрацыяй, ня маюць пад сабой ні фактычных, ні прававых абгрунтаваньняў”.

Па словах Лукашэвіча, “новая рэзалюцыя па Грузіі робіць уражаньне запіленай кружэлкі”. “Яна ўтрымлівае ўвесь набор клішэ і штампаў аб нібыта парушэньні тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту Грузіі, якія на працягу апошніх трох гадоў гучаць з Вашынгтону”, — падкрэсьліў прадстаўнік расейскага МЗС.

Незалежнасьць самаабвешчаных рэспублік Абхазія і Паўднёвая Асэція была прызнана Расеяй ў жніўні 2008 года ў выніку ўзброенага супрацьстаяньня з Грузіяй. Масква афіцыйна прызнала сувэрэнітэт анклаваў і прыклала беспрэцэндэнтныя намаганьні на міжнароднай арэне, дамагаючыся падтрымкі незалежанага статуса рэспублік з боку сусьветнай супольнасьці. Аднак ў выніку незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэціі прызналі толькі Вэнэсуэла, Нікарагуа і карлікавая дзяржава Навуру. Усе астатнія дзяржавы сьвету лічаць непрызнаныя рэспублікі тэрыторыяй Грузіі.

Крыніца: http://www.grani.ru/Politics/Russia/m.190483.html

Пераклад з расейскай.