РЫХТУЕМСЯ ДА РЭВАЛЮЦЫІ

Катастрафічная дэвальвацыя і раптоўнае зьбядненьне беларусаў — гэта вынік ажыцьцяўленьня палітычнага праекту Масквы і антыбеларускай самадурнай палітыкі Лукашэнкі.

Фінансавы крызіс у Беларусі сплянаваны Расеяй некалькі гадоў таму. Першая мэта такой палітыкі — забраць за бясцэнак прыбытковыя беларускія прадпрыемствы, і другая — выклікаўшы зьбядненьне і беспрацоўе ў Беларусі, забраць беларускую рабочую сілу ў Расею.

Падрыў фінансавай сістэмы і эканомікі нашай краіны пачаўся з штучнага стварэньня так званых “малочных”, “мясных”, “цукровых”, “нафтавых”, “газавых” і іншых “войнаў”. Быў нанесены моцны ўдар па экспарту Беларусі, пасьля чаго пагрозьліва павялічылася адмоўнае сальда гандлёвага балансу краіны.

Наступны ўдар — гэта палітычны загон антыбеларускага рэжыму Лукашэнкі ў так званы “мытны саюз” Расеі і Казахстана, эканамічна шкодны для Беларусі і выгадны Маскве. У выніку — дзяржава і насельніцтва Беларусі пазбаўлены шматлікіх крыніцаў даходу (напрыклад, гандлю аўтамабілямі) і панесьлі велізарныя страты.

З мэтай стварэньня фінансавага крызісу Крэмль спыніў таксама крэдытаваньне залежнага ад яго рэжыму Лукашэнкі, выстаўляючы непрыймальныя патрабаваньні.

Фінансавы крызіс пачаўся са студзеня 2011 горда. Кропляй, якая перапоўніла чашу абвалу, было недапушчальнае павелічэньне сярэдняга ўзроўню зарплаты насельніцтва Лукашэнкам у канцы 2010 года з папулісцкай мэтай задобрыць электарат перад выбарамі.

На працягу амаль пяці месяцаў крызісу рэжым не рабіў неабходных захадаў па яго зьмякчэньні і выхаду на стабільны ўзровень. Замест гэтага зьверху ўводзіліся розныя курсы абмену валюты, правілы атрыманьня крэдытаў і крэдытнага апрацэнтаваньня. Гэта давала магчымасьць нажывацца на крызісе чыноўным асобам, набліжаным да рэжыму, і галоўнае — выцягнуць валюту з насельніцтва. Прытым людзям у пунктах абмену валюту, практычна, не прадавалі.

Галоўная задача такіх дзеяньняў — узбагаціцца рэжымна-чыноўнай мафіі і выцягнуць грошы ад беларусаў перад магчымай прыватызацыяй дзяржаўнай маёмасьці. За некалькі месяцаў такога выкарыстаньня крызісу рэжымам усе беларусы (акрамя рэжымных маніпулятараў) зьбяднелі, згарнуўся гандаль і прадпрыймальніцтва. Адначасна, каб беларус лёгка не выжываў, рэжым увёў абмежаваньне на выезд за мяжу. (Адна асоба можа выехаць на машыне толькі адзін раз у пяць дзён.)

24 траўня адразу адбылася велізарная (недапушчальная па правілах) дэвальвацыя рубля. Усё насельніцтва імгненна зьбяднела больш, чым на палову (а фактычна — у некалькі разоў).

Шалёная дэвальвацыя ўдарыла па вытворчасьці, гандлю і прадпрыймальніцтву, сталі скарачацца працоўныя месцы, рэзка павялічылася беспрацоўе. Беларусы пачалі масава звальняцца з працы ў Беларусі і масава выязджаць на больш аплатную працу ў Расею (праз незаконна адчыненую Лукашэнкам мяжу).

Рэалізацыя праекту Масквы па зьнішчэньні Беларусі робіцца на нашых вачах. А каб беларусы не імкнуліся потым вярнуцца з Расеі назад на Радзіму, Лукашэнка пазбавіў выяздоўцаў усялякіх ільгот па медыцыне, сацыяльным забесьпячэньні, у аплаце за камунальныя паслугі і г. д. Словам, абы было горш беларусу ў Беларусі.

Гэтае разбурэньне можна спыніць. Шмат што яшчэ можна паправіць. Але толькі пры адной умове, якая зьяўляецца для Беларусі абсалютнай: не павінна быць Лукашэнкі ва ўладзе. Інакш ніякіх станоўчых пэрспэктываў і ніякага разьвіцьця краіны ня будзе, і крах дзяржавы стане рэальнасьцю.

Палітычная сістэма рэжыму даведзена да псіхапаталогіі і поўнага абсурду. Уся ўлада, усе рашэньні, усе пытаньні ўлады завязаныя і залежныя ад адной кіруючай неадэкватнай асобы. Зьмена ўлады, фактычна, не прадугледжана рэжымным заканадаўствам, а там, дзе засталіся фармальнасьці (выбары прэзыдэнта) праўная сутнасьць заменена беззаконьнем, фальсыфікацыяй і ўжываньнем грубай сілы. Зьмяніць уладу законным шляхам немагчыма, бо такой магчымасьці ў рамках дзеючага рэжымнага заканадаўства і яго прымяненьня — не існуе.

Рэжым пакінуў грамадзтву, фактычна, толькі адзін рэальны шлях перамен — гэта народная рэвалюцыя і рэвалюцыйная ліквідацыя улады ўзурпатара. Гэтага ён і баіцца.

Рэвалюцыйны вабар народа быў бы у такіх умовах канстытуцыйны, законны і справядлівы. У абставінах беззаконьня і нацыянальнага ванішчэньня народ мае права на рэвалюцыю.

Рэвалюцыя сталася ў нашым несвабодным грамадзтве аб'ектыўнай неабходнасьцю (і сытуацыя высьпявае). Рыхтуймася да перамены. Наш шлях да яе — гэта найперш Беларуская нацыянальная ідэя і Беларуская салідарнасьць, гэта Беларуская мова, Беларускі Сьцяг і гэрб Пагоня, Беларуская свабода і дэмакратыя.

І памятайма галоўнае: за свабоду змагаюцца і свабоду здабываюць тыя, хто хочуць свабоды, але ня тыя, што хочуць есьці. Ідэалы — паперадзе. Толькі тады магчымая перамога. Нашыя ідэалы — гэта ідэалы 25 Сакавіка і 25 Жніўня, і вольны чалавек, і вольная Беларусь.

2 жніўня 2011 г.

Зянон ПАЗЬНЯК