РАСЕЙСКІ РУБЕЛЬ АБРЫНЕЦЦА, ГЭТАК ЖА, ЯК І БЕЛРУСКІ, АЛЬБО НЕ КАПАЙ СУСЕДУ ЯМУ, БО САМ УВАЛІШСЯ

Маскву абляцела добрая вестка: нам усім стала лепш жыць. Сталічны дэпартамэнт эканамічнай палітыкі і разьвіцьця падлічыў, што сярэднямесячная зарплата ў Белакаменнай рванула ўгару ажно на 13 адсоткаў (параўноўваецца першая палова 2011 і 2010 гадоў). Як вылічылі чыноўнікі, масквічы ў сярэднім зараблялі ў студзені-траўні 40 776 рублёў у месяц. За сталіцай, калі верыць статыстыцы, падцягваецца і астатняя Расея. (...) Пагадзіцеся, так і хочацца змахнуць сьлёзы ўдзячнасьці за нябачаны дагэтуль дабрабыт. Балазе, экспэрты аптымістычных ацэнак не падзяляюць. Чаму ня варта давяраць статыстыцы, разважае прэзыдэнт Саюза прадпрымальнікаў і арандатараў Расеі Андрэй Буніч. (...)

“СП”: — Але па людзях ня скажаш, што яны бедствуюць...

А. Буніч: — У 1930-х гадах тагачасны класік эканомікі Ірвінг Фішар адкрыў зьяву пад назовам “грашовая ілюзія”. На аснове дасьледваньняў жыцьця ў тагачаснай Нямеччыне, ён прышоў да высновы, што ў людзей існуе ілюзорнае ўспрыняцьце грошай. Яны арыентуюцца ў выдатках на намінальны памер свайго заробка, і ня схільныя зьвяртаць увагу на тое, на колькі даражэюць тавары і паслугі, якія яны спажываюць.

Гэтая зьява ярка адкрылася ў Расеі ў дзесяцігоддзе “нулявых”. Зарплаты нібыта вырасьлі, але плацяжы за ЖКХ вырасьлі ў дзесяткі разоў, а цэны на харчаваньне толькі з 2008 года павялічыліся ўдвая — гэта неверагодная вялечыня. У выніку чалавеку здаецца, што ён жыве багацей (на рукі атрымлівае больш грошай), але ў рэчаіснасьці ён спажывае ўсё менш, і якасьць ягонага жыцьця падае.

“СП”: — Чаму пра гэта ня згадвае статыстыка?

А. Буніч: — Адказ просты: для нашых уладаў, якія самы жывуць не па сродках, важным ёсьць перадвыбарчы момант. Па сутнасьці, яны будуюць піраміду: мацуюць рубель, з-за інфляцыі павышаюць сацыяльныя выдаткі. Чым гэта ўсё канчаецца, паказвае прыклад 2008 года. Тады, адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, раптам высьветлілася, што рубель трэба дэвальваваць. Потым гэты працэс замарозілі і пачалі цягнуць да 2012 года.

Пры цяперашняй ідэалогіі Мінфіна нагрузка на фінансавую сістэму кладзецца каласальная. Рэзэрваў ужо няма, ужо кошт 120 даляраў за барэль нафты здаецца невысокім, ён ледзь-ледзь дазваляе зьвесьці канцы з канцамі! Мыж тым, гэта вельмі высокі кошт — на 30% вышэйшы, чым самы высокі кошт 2008 года.

Усё гэта значыць, што ўрад РФ праводзіць авантурную палітыку. Дзяржава фактычна выпускае і раздае грошы, якіх у будучыні ў яе ня будзе. Тым больш, у Расеі вялізная колькасьць так званых адкладзеных выдаткаў, пра якія ўрад маўчыць — пачынаючы з дарог, і заканчваючы інфраструктурай ЖКХ. Іх аб'ём вымяраецца сотнямі трыльёнаў рублёў — гэта таксама нагрузка на курс рубля.

“СП”: — У 2012-м, вы лічыце, дэвальвацыя непазьбежная?

А. Буніч: — Я лічу, Расея паўтарае беларускі варыянт. Праўда, Лукашэнку было лягчэй. Беларусь — краіна маленькая, і ў сусьветнай эканоміцы асаблівай ролі не адыгрывае. Гэта значыць, міжнародным спекулянтам не цікава яе “валіць”. Акрамя таго, у бацькі — тэарэтычна — існуе крэдытор апошняй інстанцыі. Гэта Расея, куды можна прадаць нешта, і палітычна нейкі час пратрымацца.

У расейскім выпадку зацікаўленасьць Захаду правесьці апэрацыю па абвалу расейскіх актываў — у наяўнасьці. Калі Расею “заваляць”, гэта толькі ўмацуе заходнюю фінансавую сістэму. Крэдытора апошняй інстанцыі ў Расеі таксама няма — яе не падтрымаюць, як Грэцыю, даляра лішняга не дадуць. Таму ў нас сітуацыя значна больш сур'ёзная.

Крыніца: http://www.audit-it.ru/blogs/politika/4178.php#rFP12

Пераклад з расейскай.


КРЭМЛЬ РЫХТУЕЦЦА ДА АБВАЛУ Ў РАСЕІ

Інтэрв'ю з маскоўскім бізнэсоўцам (нават лідарам бізнэсоўскага хаўрусу) апублікавана ў расейскім інтэрнэт-выданьні “Свободная Пресса”. Мы падалі тут найбольш цікавыя яго фрагмэнты.

Андрэй Буніч не разумее (або адмыслова ня хоча зразумець), што Лукашэнка ня ёсьць “беларускім прэзыдэнтам” і што Расея паўтарае не “беларускі варыянт”. Менскі агент Масквы на працягу апошніх 17 гадоў толькі рэалізоўваў варыянты, прадыктаваныя ягонымі імпэрскімі гаспадарамі. Задача гэтых “варыянтаў” палягала ў тым, каб разграміць беларускую эканоміку, падарваць культурнае жыцьцё, абрабаваць мільёны грамадзянаў Беларусі. На паваротным этапе (у якім мы жывем на працягу апошніх месяцаў) Лукашэнка і ягоная групоўка гатавы давесьці сваю чорную справу да канца — да здачы нашай эканомікі і нашай Айчыны ў крамлёўскую імпэрыю.

Такіх прызнаньняў не дачакаешся ад маскоўца нават калі ў яго рацыянальная галава. У міжнародным злачынстве Масквы, зьдзяйсьняемым на беларускай зямлі, яны ніколі не прызнаюцца. Яны нават будуць намякаць, што, маўляў, “Расея зьяўляецца крэдыторам апошняй інстанцыі” і г.д. Аднак, пры гэтым яны прызнаюць, што лукашызм з гэтым “крэдыторам” ня можа праіснаваць вечнасьць.

У выпадку з А. Бунічам цікава пачытаць ягоныя назіраньні за расейскай эканомікай. Ён канстатуе, што ў Маскве будуюць піраміду, дзяржава выпускае і раздае грошы, якіх у будучыні ў яе ня будзе. І робіцца гэта і шмат што іншага з мэтай перадвыбарчай апрацоўкі насельніцтва. Пасьля выбараў павінен настаць калапс. Можа хто ў Расеі і не паверыў гэтым разважаньням і высновам, зробленым А. Бунічам. Але беларусы паверылі. Мы ўсё гэта ўжо праходзілі і зусім нядаўна — напярэдадні і адразу пасьля лукашыстоўскіх “выбараў”.

У чарговы раз крамлёўская хунта (рукамі сваіх кліентаў у Менску) правярнула антычалавечы лабараторны экспэрымэнт на абмежаваных прасторах нашай краіны. І цяпер яна рыхтуе рэалізацыю выпрацаванай і апрабаванай мадэлі на шырокіх прасторах сваёй імпэрыі. Трэба прызнаць, што большасьць расейцаў гэтага ня бачаць і не разумеюць. А вось нашым абавязкам ёсьць неабходнасьць убачыць і зразумець гэтую пагрозу. Таму што ўсіх беларусаў зьбіраюцца зрабіць актыўнымі ўдзельнікамі і ахвярамі гэтай злачыннай і зьнішчальнай палітыкі.

А. Буніч неяк не даказаў да канца: а навошта гэта ўсё крамлёўскаму кіраўніцтву і што з гэтага будзе? А будзе тое, да чаго рыхтавалі гэбоўскіх дзеячаў у іхных школах КГБ-ФСБ. Іх не вучылі там кіраваць дзяржавай і разьвіваць эканоміку. Іхняя спэцпадрыхтоўка была на зусім іншыя тэмы: тэрор, дывэрсія, дэзінфармацыя, зьдзяйсьненьне ўплываў і г.д. З гэтай сваёй “спэцпадрыхтоўкай” яны за апошнія 20 гадоў наблізілі сваю каласальную імпэрыю да сацыяльна-эканамічнага краху. Каб захаваць сваю ўладу, яны будуць рабіць тое, чаму іх вучылі. Будуць уводзіць надзвычайнае становішча (магчыма, што яно будзе называцца “становішчам найвышэйшай дэмакратыі”), карткавую сістэму, будуць бавіць грамадзтва вялікімі праектамі — захопам новых тэрыторыяў, “пераможнымі войнамі”, ліквідацыяй “унутраных ворагаў”. Толькі ў такой супэркрызіснай сытуацыі ім магчыма ўдасца хаця б на пэўны час захаваць сваю ўладу і нарабаваныя капіталы.

На жаль, многія грамадзяне ў Беларусі паўтараюць (падобна, што яны не самы да гэтага дадумаліся, а ім нехта гэта настоліва “падказваў”), што “увядзеньне расейскага рубля ёсьць адзіным шляхам паратунку для Беларусі”. Пачытайце А. Буніча: Крэмль зьбіраецца пасьля сваіх “выбароў” дэвальваваць і абрынуць расейскі рубель. Нельга сядаць у баржу, якую злачынныя капітаны зьбіраюцца патапіць на глыбокім месцы.

Адзіным шляхам паратунку для нашай краіны ёсьць шлях супольных палітычных дзеяньняў: салідарны супраціў маскоўскай агрэсіі і ўсенародныя дзеяньні па ліквідацыі лукашызма. Трэба беларусам быць як мага далей ад крывавага імпэрскага разлому ў Расеі. Трэба адгарадзіцца ад гэтага чумнога бараку, а не ратавацца ў ім.

Янка Базыль