“РОДНАЯ МОВА — ВЯЛІКАЯ СІЛА”

(Сцэны з жыцьця пры позьнім лукашызме)

Расправа рэжымных структураў над мірнымі дэманстрацыямі ў цэнтры Менску ўразіла беларусаў сваёй жорсткасьцю і цынізмам. Наша грамадзтва перажыло траўму зьнявагі. Гэбоўшчына і паліцэйшчына кідалася на людзей, якія проста ішлі па вуліцы і маўчалі. Грамадзтва пачало разумець, што жыве ва ўмовах адной з сучасных формаў фашызму.

Аказалася, што адклалася нешта і ў цёмных душах выканаўцаў злачынных загадаў. Днямі жанчына-фронтаўка ішла па сталічным мікрараёне Уручча. Раптам яна ўбачыла, што пасярод ходніка нетаропка шыхтуюцца малойцы ў форме спэцназу, і камандуе імі афіцэр апрануты ў цывільнае (?!). Жанчына ня вытрымала і гукнула “спэцам”: “Дык што, весела біць бяззбройных людзей? Хораша біць свой народ па загаду злачынцаў?” Малойцы аслупянелі, а адзін зь іх закрычаў: “Я не біл! Это он біл!” І паказаў у бок “цывільнага” афіцэра. Той нічога не адказаў, а хуценька скамандваў невялікаму шыхту маршыраваць прэч...

Пэнсіянеры ходзяць пасярод паліцаў харчовых крамаў, як па музэйных залях. Раз-пораз вохкаюць перад цэньнікамі, як бывае з эстэтамі пры сустрэчы з музэйным шэдэўрам. “Што робіцца! Што робяць, гады!” — гукае пэнсіянерка інтэлігентнага выгляду. “Абрабавалі нас праклятыя!” — падхопліваюць жанчыны. І тут на сцэне зьяўляецца тып “вечнай камсамолкі” гадоў за 60. Яна трымаецца ўпэўнена і адбарабаньвае свой тэкст: “А что? Что вы жалуетесь? Мне вот пенсіі хватает і жіть хорошо. Презідент не віноват. Вы самі віноваты...” Невялічкі натоўп становіцца пагрозьлівым: “Ах ты сволач гэбоўская! Нам галаву дурыць, пайшла вон!..” Філёрка пасьпешліва рэціруецца, адчуваючы, што могуць і лінча наладзіць... Цяжка стала працаваць лукашысцкай агентуры пасярод стомленых рэжымным маразмам беларусаў.

Беларус з вуліцы Усходняй у сталіцы распавядае пра новага суседа па пад'езьдзе. Расейскі чалавек прыехаў у Менск з расейскага Магнітагорска, купіў тут кватэру і ўладкаваўся з сям'ёй у нашым горадзе. Штодня беларусы, сустракаючы яго, назіраюць нештодзённую сцэну. Магнітагорац пафасна ўздымае ўгару рукі, трасе галавой і гукае: “Это рай! У вас тут рай! Я жіву в раю!” Калі ў яго распытваюць пра дэталі, ён распавядае пра тое, адкуль прыехаў: пра перастрэлкі на вуліцах, дзікую безвыходнасьць жыцьця, галечу і карупцыю. А тут ён можа гуляць зь дзецьмі ў парку, купляць ім марожанае... Беларусы патлумачылі эйфарычнаму імігранту, што калі яму спадабалася, то сьлед было б засвоіць мову карэннага народу, быць лаяльным грамадзянінам Беларусі. Ці дайшло да яго?

На працягу некалькіх тыдняў праваліліся шумныя тэзісы рэжымнай прапаганды пра тое, што “нам без Россіі нікак”, “народ іздревле нам родной” і інш. На Віцебшчыне, Магілеўшчыне і Гомельшчыне расьце нянавісьць да маскоўскай арды. Праз ліквідаваную ўзурпатарам дзяржаўную мяжу ў гарады і мястэчкі памежных вобласьцяў ўрываюцца арганізаваныя натоўпы “дорогіх россіян” і вымятаюць жыцьцёва неабходныя тавары перад носам у разгубленых беларусаў, якія часьцяком ня могуць солі і запалак купіць. Беларускія мужчыны сталага веку, якія служылі ў войску або працавалі ў розных рэспубліках у савецкія часы, кажуць, што такое, напрыклад, у Азэрбайджане або Башкірыі было б немагчыма. Мясцовы люд самаарганізаваўся б на працягу аднаго-двух дзён і знайшоў бы спосаб абараніць ад чужынцаў свае крамы. Галоўным элемэнтам вызначэньня сваіх і не сваіх было б валоданьне мовай карэннага народу. Родная мова бароніць. Родная мова дапамагае выявіць агрэсіўнага і нахабнага чужынца, ворага і акупанта. Родная мова — вялікая сіла.

Янка Базыль