НЕБЯСЬПЕКА ДЛЯ ЛЮДЗЕЙ, НАЦЫІ І ДЗЯРЖАВЫ

Тыдзень таму, 30 жніўня, адбылася адметная крымінальная падзея ў жыцьці антыбеларускага рэжыму. Выступаючы перад прадстаўнікамі ўлады ў сродках масавай інфармацыі, узурпатаар сказаў наступнае:

“У насельніцтва на руках па ацэнках Нацыянальнага банка звыш сямі мільярдаў даляраў. У сувязі з гэтым даручаю Нацыянальнаму банку стварыць такія эканамічныя ўмовы, каб людзі самі прынесьлі грошы ў банкаўскую сістэму”.

17 гадоў гэты буйны аферыст рабаваў краіну, але ўпершыню сказаў адкрыта, нахабна і лапідарна — я вас абрабую, так зраблю, што самы аддасьцё мне свае грошы.

Узурпатар зьняў маску і казаў тое, што думаў. Увогуле ў гісторыі мафійных рэжымаў (нават афрыканскіх) такое грубае фармальнае прызнаньне зьяўляецца ўнікальным. Звычайна дзяржаўныя злачынцы ва ўладзе камуфлююць сваю дзейнасьць інтарэсамі народа, які рабуюць, а тут такі грубы пасаж, што некаторыя нават не паверылі сваім вушам.

Чаму такое адбылося? Найперш, хто глядзеў гэты выступ па тэлебачаньні ці ў Інтэрнэце, той бачыў, што ўзурпатар гаварыў у стане злосьці і нянавісьці да людзей. У такім стане, як гэта бывае з нэўрастэнікамі і псіхапатамі, траціцца адказнасьць за свае словы, пацыент выплёсківае сваю злосьць у грубых і адкрытых фармулёўках.

Але сутнасьць у іншым. Пагрэўшы рукі на фінансавым крызісе, які стварыла беларусам Расея, і, абрабаваўшы народ да ніткі мафійна прадуманай вялікай дэвальвацыяй беларускага рубля, бачачы, што ўсё ўдалося, што беларус утуліў галаву ў плечы і жаласна маўчыць, галоўны начальнік рэжыму адкінуў усе ўмоўнасьці і рашыў не хавацца за словы. Сказаў адкрыта, што будзе стрыгчы і рабаваць.

Улічваючы, што, як паказвае практыка, змагацца з рабаўніком людзі, відаць, ня будуць, можна зрабіць некалькі папярэджаньняў беларусам. Найперш, ні пры якіх умовах (а могуць паабяцаць вялікія працэнты) нельга несьці грошы ў рэжымныя банкі. Адбяруць! Могуць увесьці аплату за пэўныя тавары і паслугі ў замежнай валюце (хоць гэта злачынна і антызаконна). Могуць нават пачаць экспрапрыяцыю валюты праз ператрусы. У мафіі ўсё магчыма. Людзям трэба быць абачлівымі.

* * *

Наступная крымінальная (незаконная) заява, якую агучыў узурпатар, выглядае так. Цытата: “Там дзе утвараюцца звышдаходы, гэтыя звышдаходы павінны быць адабраныя. Бізнэс, прадпрыемствы, фізічныя асобы, якія пасьпяхова працуюць, павінны разумець, што цяпер дзяржаве трэба падставіць плячо”.

Экспрапрыяцыю вынікаў працы рабілі (як вядома) бальшавікі. Што з гэтага атрымалася і чым скончылася таксама вядома. Усе мафіі падобныя. Але каб пасьля бальшавіцкага пекла ўзурпатар мог зноў сказаць, што будзе адбіраць напрацаванае высокаарганізаванай працай, да гэтага грамадзтву, як кажуць, трэба было дажыць.

Ня гледзячы на стан грамадзтва, усе такія заявы і дзеяньні ўзурпатара ўлады ў Беларусі ня тое што паказваюць, але крычаць, лямантуюць аб тым, што гэтая асоба не павінна кіраваць уладай у краіне. Гэтае кіраваньне стала крайне небясьпечным для ўсіх беларусаў, для будучыні Беларускай нацыі і дзяржавы.

Зянон Пазьняк

6 верасьня 2011 г.