ЗАМЕЖНЫ ДРУК (19–22.08.2011)

Скардзяцца на сталінізм

19 жніўня 2011 г. іспанская газэта “АВС” пісала пра 20-я ўгодкі путча ў Маскве. Цяперашняе кіраўніцтва Расеі не адзначае ўгодкі. Яўген Пастэрнак, сын знакамітага літаратара, аўтара рамана “Доктар Жывага”, паскардзіўся іспанскаму журналісту на “прапаганду сярод расейскай моладзі “станоўчых” аспэктаў сталінізма. Сталінізм і нацызм — два крыла адной гадзіны”.

Наш камэнтар: Даскачацца крамлёўская гадзіна з сваім сталінізмам.

Алесь Хадасевіч


Надурылі заходнікаў

19 жніўня 2011 г. французкая газэта “Le Figaro” згадала пра рэфэрэндум 17 сакавіка 1991 г., “калі 76% савецкіх выказаліся станоўча за захаваньне СССР...”

Наш камэнтар: А праз некалькі месяцаў пасьля рэфэрэндумнага шоў СССР рассыпаўся. Тым больш, што прыведзенымі лічбамі можна надурыць толькі заходнікаў. Цэлыя народы ня ўдзельнічалі тады ў гэтым “рэфэрэндуме”.

Імпэрыі і дыктатуры не ліквідуюцца рэфэрэндумамі і выбарамі. Перш за ўсё таму, што самы імпэрыі і дыктатуры гэтыя выбары і праводзяць. Ня ўдасца ліквідаваць праз выбары і лукашызм.

Юрка Марозаў


Пахаваць монстра

19 жніўня 2011 г. швэдская газэта “Dagens Nyheter” напісала: “Сёньня дваццаць гадоў таму Дзімітры Язаў аддаў загад увесьці танкі ў Маскву. Ён і іншыя змоўшчыкі-камуністы хацелі выратаваць Савецкі Саюз. Замест таго іхны путч стаў апошнім цвіком у труну супэрдзяржавы — і многія расейцы цяпер шкадуюць аб гэтым”.

Наш камэнтар: Напісалі як умелі. Але, на вялікі жаль, імпэрскі монстр вылез з сваёй труны і на працягу апошніх 20 гадоў не дае спакою народам. Перад усімі стаіць агульная задача — грунтоўна пахаваць крамлёўскага монстра на сьметніку гісторыі.

Юрка Марозаў


Баракі чакаюць сваіх

20 жніўня 2011 г. дацкая газэта “Politiken” апублікавала артыкул пад тытулам “Нацысты і вязьні памяняліся месцамі”. У артыкуле распавядаецца пра канцлягер Фраслеў у акупаванай немцамі Даніі. 5 траўня 1945 г., пасьля падпісаньня капітуляцыі нямецкіх войскаў у Даніі ў лягеры адбыліся перамены. Увязьненыя байцы супраціву ўварваліся ў адміністрацыйны будынак лягера, разьбілі партрэт Гітлера і іншыя фашыстоўскія знакі і ўзялі адміністрацыйныя справы ў свае рукі. У баракі яны завялі і ўзялі пад ахову фашыстоўскіх ахоўнікаў. На працягу некалькіх наступных дзён у лягер прывозілі з усяе Даніі на аўтобусах і грузавіках арыштаваных нямецкіх фашыстаў і дацкіх нацыстаў. Іх сустракалі ўчорашнія вязьні, накіроўвалі на іх аўтаматы і канваіравалі ў баракі. Наперадзе былі суды над злачынцамі.

Наш камэнтар: Класічная сцэна народнай перамогі над злом абавязкава паўторыцца ў вызваленай ад лукашызма Беларусі!

Юрка Марозаў


“Лабковічус” пра рахункі

20 жніўня 2011 г. летувіская газэта “Lietuvos Rytas” напісала: “Беларускі праваабаронца Уладзімірас Лабковічус заявіў, што прадстаўнікам апазыцыі краіны неабходна неадкладна даведацца, ці ў Менск было перададзена больш інфармацыі пра банкаўскія рахункі праціўнікаў аўтарытарнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Апазыцыянэр нагадаў, што рахункі А. Бяляцкага перадала ня толькі Польшча, але і Летува. Паводле У. Лабковічуса, такія паводзіны не зразумелыя ня толькі ягонай арганізацыі, але і іншым прадстаўнікам апазыцыі і палітыкам. Яны падрываюць давер да суседзяў”.

Наш камэнтар: Падобна, што давер сапраўды падарваны. Давер суседніх дэмакратычных краінаў да менскай псэўдаапазыцыі, да лабковічусаў з іхнымі рахункасамі.

Алесь Хадасевіч


Зь Лібіі

22 жніўня 2011 г. нямецкая газэта “Frankfurter Allgemeine Zeitung” напісала, што ў пятніцу авіяцыя НАТО разбамбіла будынак у Трыпалі, у якім, як мяркуецца, знаходзіўся начальнік спэцслужбаў рэжыму Кадафі Абдула Сянусі.

Наш камэнтар: Не бывае, каб злачынны рэжым меў нейкую незлачынную спэцслужбу. Разгром спэцслужбаў антынароднага рэжыму зьяўляецца важнейшай умовай вызваленьня краіны ад дыктатуры.

Юрка Марозаў


Варыянт гневу.

22 жніўня 2011 г. ангельская газэта “Telegraph” паведаміла пра выступ брытанскага прэм'ера Кэмэрана ў Лёндане. Кэмэран заявіў: “Кадафі павінен быць пад судом за свае злачынствы”. Газэта публікуе шэраг фотаздымкаў з Трыпалі. На ўсіх фота — маладыя мужчыны, якія са зброяй у руках вызваляюць сваю радзіму ад крывавай дыктатуры.

Наш камэнтар: Пасьля падзеньня дыктатуры паўстае пытаньне аб судзе над дыктатарам і ягонымі памагатымі. Але лёс дыктатара вырашаюць у першую чаргу тыя, хто змагаўся супраць прыгнёту. Калі міжнародныя структуры пасьпяваюць выратаваць дыктатара ад народнага гневу, то гэта адзін варыянт. Але заўсёды застаецца варыянт народнага гневу.

Юрка Марозаў


У Эстоніі сьвяткуюць

22 жніўня 2011 г. славацкая газэта “SME” напісала пра сьвяткаваньні ў Эстоніі ў гонар 20-х угодкаў аднаўленьня незалежнасьці краіны. На Сьпеўным полі зноў сабраліся дзесяткі тысячаў эстонцаў і засьпявалі Песьню Волі — гімн, зь якім яны ў 1991 г. дамагліся вызваленьня ад СССР. Эстонія — самая пасьпяховая з усіх постсавецкіх рэспублік.

Наш камэнтар: Успамінаецца, як падчас візыту прадстаўнікоў Беларускага Народнага Фронту ў Таліне ў 1989 г. беларусы сталі сьведкамі цікавай сцэны ў цэнтры гістарычнага Таліна. Там стаялі маладыя інтэлігентныя эстонцы і мірна дыскутавалі з расейцамі. Чарнявы (падобны хутчэй на фінікійца) рускі шумеў на эстонца: “Но вы же пропадёте без нас!” А той яму спакойна адказаў з характэрным акцэнтам: “Но это же мы пропадём, что вы так вольнуетэсь?” Ці зразумеў тады той “русскоговоряшчій фінікіец” іронію і сарказм?

І нічога, не прапала працавітая эўрапейская Эстонія. Прападае якраз гнілая імпэрыя зла.

Алесь Хадасевіч