ЗАМЕЖНЫ ДРУК (22–28.09.2011)

Выступ Панціфіка

22 верасьня 2011 г. нямецкая газэта “Frankfurter Allgemeine Zeitung” напісала: “Бэнэдыкт XVI быў першым Папам, які выступіў у чацьвер перад Нямецкім Бундэстагам. Ён заклікаў дэпутатаў захоўваць веру ў Бога, філасофскій розум і павагу да тоеснасьці Эўропы, якая кіруецца правам”.

Наш камэнтар: Рымскі панціфік нагадаў апантанай лібэралізмам Эўропе пра Веру, розум і тоеснасьць. Падобна, што Касьцёл застаецца апошняй крэпасьцю Эўропы, не захопленай антычалавечымі сіламі.

Алесь Хадасевіч


“Берлінец” Ахмад

22 верасьня 2011 г. ангельская газэта “Guardian” напісала пра візыт Папы Рымскага ў Нямеччыну. Жыхар Берліна Ахмад Хамад (18 гадоў) на фоне вялікага плаката з выявай Папы сказаў журналісту: “Ён для мяне ніхто, я мусульманін”. У нямецкай сталіцы пасьлядоўнікаў Ісламу ў два разы больш, чым католікаў. Падчас выступа Папы ў Бундэстагу 100 крэслаў дэпутатаў апазыцыі былі пустымі. Шэраг зялёных, левых і сацыял-дэмакратаў байкатавалі выступ панціфіка, які вядомы адмоўным стаўленьнем да гомасэксуалізма і заклікае да маральнасьці ў палітыцы.

Наш камэнтар: Для “берлінца” Ахмада Рымскі Папа — “ніхто”. Паспрабаваў бы нехта на сапраўднай радзіме Ахмада блюзьнерыць у адрас мясцовага рэлігійнага аўтарытэту. Як кажуць у “Тысячы і адной начы”, “ён не дажыў бы да раніцы...” Такіх ахмадаў, дарэчы, у Берліне ўжо ў два разы больш, чым каталікоў. Гучыць пагрозьліва. Але трэба памятаць, што Берлін — сталіца лютэранскай Прусіі. Хрысьціянаў там пакуль значна больш, чым экзотаў. Аднак дэпутацкая левізна недалёка ажыйшла ад чужынскіх экзотаў.

Алесь Хадасевіч


Іх будуць адлоўліваць

22 верасьня 2011 г. летувіская газэта “Kauno Diena” паведаміла, што туніскія спэцслужбы арыштавалі Багдадзі аль-Махмудзі, генсека Лібійскага вышэйшага народнага камітэту і прэм'ер-міністра ў рэжыме Кадафі. Ён спрабаваў уцячы з Лібіі ў Алжыр праз тэрыторыю Туніса.

Наш камэнтар: Пасьля краху антыбеларускага акупацыйнага рэжыму з Беларусі таксама будуць уцякаць акупацыйныя лукашыстоўскія начальнікі. Іх будуць адлоўліваць службы суседніх дэмакратычных краін.

Алесь Хадасевіч


Дыктатар павінен быць арыштаваны

23 верасьня 2011 г. славацкая газэта “Hospodarske Noviny” апублікавала артыкул пад тытулам “Паўстанцы адрэзалі шлях адступленьня Кадафі”. Лібійскім паўстанцам удалося пасьля цяжкіх баёў захапіць тры чарговыя гарады, у якіх бараніліся сілы дыктатара Кадафі. Там яны знайшлі вялікую колькасьць хімічнай зброі.

Наш камэнтар: У кожнай рэвалюцыі вельмі важна адрэзаць шляхі дыктатару. Дыктатар павінен быць арыштаваны і дастаўлены ў залю суда.

Юрка Марозаў


Ім нітрохі ня сорамна...

23 верасьня 2011 г. польская газэта “Rzeczpospolita” апублікавала артыкул пад тытулам “Паляк закончыў кар'еру ў Беларусі”. Журналіст Пісальнік напісаў пра выйсьце з АГП вядомага Я. Раманчука. Сярод іншага Пісальнік згадвае, як 19 сьнежня 2010 г. Раманчук зачытаў перад тэлекамэрамі заяву, падрыхтаваную спэцслужбамі з абвінавачваньнем ягоных калег па апазыцыі ў арганізацыі беспарадкаў.

Наш камэнтар: Лепш бы не ганьбілася вядомая польская газэта з гэтым Раманчуком. Гнюснага правакатара і збачэнца ў кастрычніку-сьнежні 2010 г. журналіст Пісальнік распісаў пад мянушкай “наш Ярэк”, спрабаваў зрабіць яго прывабным для палякаў, рабіў рэкламу гэтай пустышцы. “Ярэк” раскрыўся самым першым з усёй псэўдаапазыцыйнай кандыдацкай групкі, усім стала брыдка нават у асяроддзі псэўдаапазыцыі. Аднак, амаль год прамінуў, пакуль “Ярэка” здолелі выпхнуць з ягонай АГП. І нічога, пісальнікам, якія дурылі польскае грамадзтва, ніколькі не сорамна...

Алесь Хадасевіч


55 тысячаў бюракратаў

23 верасьня 2011 г. славацкая газэта “Pravda” паведаміла з Брусэлю: “Брусэльскія бюракраты абураюцца супраць плянаў, паводле якіх яны павінны перайсьці на 8-гадзінны працоўны дзень. Яны пярэчаць, што гэта “зруйнуе” іхнае сямейнае жыцьцё”. Яны пагражаюць пратэстнымі акцыямі. Цяпер у 55 тысячаў служачых Еўразьвязу працоўны дзень складае 7,5 гадзін. Адміністрацыя падлічыла, што рэформа дапаможа сэканоміць вялікія фінансавыя сродкі.

Наш камэнтар: Вось якія, аказваецца, сямейнікі сядзяць у эўракрэслах. А лічбы, якія лічбы!!

Алесь Хадасевіч


Гэбізм камбінуе

24 верасьня 2011 г. румынская газэта “Adevarul” напісала: “Пасьля многіх месяцаў незразумеласьці наконт таго, хто будзе кандыдаваць на выбарах 2012 г. ад партыі “Адзіная Расея”, дылема сёньня высьветлілася. Расейскі прэзыдэнт Дзімітры Медведев запрапанаваў прэм'еру Уладзіміру Пуціну кандыдаваць на выбарах у сакавіку 2012 г. падчас працы зьезду кіруючай партыі “Адзіная Расея”.

Наш камэнтар: Прыкладна такія ж эмацыйна радасныя паведамленьні з Масквы рэтранслююць СМІ усяго сьвету. Увесь сьвет, як быццам, забыўся, што такое Расея. Да сакавіка 2012 года яшчэ шмат чаго адбудзецца ў Маскве і на прасторах імпэрыі зла.

Сьмешна слухаць-чытаць выказваньні расейскіх “экспэртаў” з розных крамлёўскіх паліталагічных інстытутаў, якія пачалі выказвацца ў беларускай рэдакцыі Радыё Свабода. Яны засьпявалі знаёмы рэфрэн аб тым, што “адносіны Пуціна і Медведева да Лукашэнкі не назавеш цёплымі, у іх, маўляў, працягваецца канфлікт...” Цікава, што гэта за ”канфлікт” такі, калі менскі сатрап здае Маскве за бясцэнь лепшыя беларускія прадпрыемствы, зьдзекваецца зь беларусаў і ўзмацняе шалёную русіфікацыю?

Юрка Марозаў


Багацеі ратуюцца

24 верасьня 2011 г. чэшская газэта “Pravo” паведаміла з Грэцыі. Пакуль крызіс навальваецца цяжарам на звычайных грамадзянаў краіны, з Грэцыі актыўна ўцякаюць за мяжу мясцовыя мільянэры. Кланы Латсісаў, Ніархасаў і Анасісаў ужо даўно атабарыліся ў Швайцарыі, Брытаніі і Бразіліі. За імі пасунуліся іншыя багацеі.

Наш камэнтар: А папярэджвалі разумныя людзі ў Грэцыі і ва ўсім сьвеце: ня трэба ўвязвацца ў авантуру пад назовам “эўра”, ня трэба адмаўляцца ад драхмы, якая служыла грэкам на працягу трох тысячаў гадоў (!). Брусэльскі балаган не палепшыць Эўропу.

Алесь Хадасевіч


Практыкі і тэарэтыкі

24 верасьня 2011 г. летувіская газэта “Kauno Diena” спаслалася на паведамленьне польскай інтэрнэт-газэты “Wirtualna Polska”. На пачатку верасьня ў Калінінградскай вобласьці былі разьмешчаны расейскія ракеты, якія пагражаюць таксама польскім гарадам. Йдзецца пра сучасьнейшы ракетны комплекс “Трыюмф”. Афіцыйна гэта ракеты тыпу “зямля-паветра”, але імі можна страляць і па наземных мэтах. Дальнасьць стрэлу складае да 400 км.

Наш камэнтар: Маскоўская імпэрыя пагражае цывілізаваным краінам. А спэцы ў гэтых краінах тэарэтызуюць пра “дэмакратычную Расею”.

Алесь Хадасевіч


Памяць у іх кароткая

25 верасьня 2011 г. летувіская газэта “Lietuvos Rytas” апублікавала выказваньні розных вядомых асобаў на тэму кандыдаваньня Пуціна на прэзыдэнта Расеі. Вядомы аналітык Андрэй Піянткоўскі заявіў: “Небясьпека ў тым, што гэта робіць немагчымай ілюзію лібэралізацыі і мадэрнізацыі. Вяртаемся ў брэжнеўскія часы”.

Наш камэнтар: Па тэлеканале “Эўраньюс” паказалі нават вельмі пакамечанага на выгляд Б. Нямцова, які сказаў, што “прэзыдэнцтва Пуціна — гэта лукашызацыя Расеі...” Сказана арыгінальна (цяпер на гэтую тэму арыгінальнічае шмат хто). Толькі забыўся дадаць апазыцыянэр у адстаўцы Нямцоў, як ён разам з “дэмсіламі РФ” актыўна спрыяў усталяваньню гэбізма ў Расеі, як цягаўся ў Менск выказваць падтрымку мясцовай псэўдаапазыцыі. Памяць у іх кароткая.

Юрка Марозаў


Істэблішмэнты “высокаадукаваных” папулістаў

28 верасьня 2011 г. дацкая газэта “Information” напісала: “Паўсюль у Эўропе ўзьніклі добра адукаваныя кар'ерныя палітыкі. Гэта ня толькі павялічыла бездань паміж выбаршчыкамі і палітычнымі элітамі. Гэта зьяўляецца таксама адным з тлумачэньняў таго, што ўсё больш і больш эўрапейцаў сёньня падтрымліваюць папулістычныя, варожыя да чужынцаў партыі, — робіцца выснова ў новай справаздачы на тэму посьпеху эўрапейскіх папулістычных партый”. І далей цытуецца аўтар справаздачы Мэцью Гудвін, выкладчык паліталогіі і міжнародных адносінаў Націнгемскага ўнівэрсітэту ў Вялікай Брытаніі: “Выбаршчыкаў раздражняе культурнае ўзьдзеяньне іміграцыі, якое, на іхную думку, пагражае іхнай тоеснасьці і нацыянальнаму стылю жыцьця. Яны не матывуюцца эканамічным страхам...”

Наш камэнтар: Даволі лагічныя разважаньні націнгемскага прафэсара. Эўрапейцы, такім чынам, хвалююца за сваю тоеснасьць, за культуру і мову, за свой стыль жыцьця. Людзі не галасуюць за лібэралаў-сацыялістаў і іншых фальшывых з істэблішмэнту, таму што бачаць, якую бяду іхнаму культурнаму, духоўнаму жыцьцю нясе лавіна некантралюемых экзотаў. Экспэрт прызнае, што эканамічныя меркаваньні тут не так важныя. Але палітычныя сілы і дзеячаў, якія кажуць народам праўду і арганізоўваюць паратунак родных культур, экспэрт называе “папулістамі”. А можа ўсё ж папулістамі (на простай мове — хлусамі і дэмагогамі) зьяўляюцца істэблішмэнты “высокаадукаваных прафэсіяналаў”, якія завялі Эўропу ў тупік?

Алесь Хадасевіч