ЗЬБЯДНЕНЬНЕ І КРЫМІНАЛ

У Менску 20 кастрычніка выступіў перад журналістамі міністар гандлю РБ В. Чаканаў. Сярод іншага ён заявіў: “У Беларусі назіраецца некаторы спад пакупніцкай здольнасьці па харчовых таварах...” Выраз, выкананы ў бюракратычна-эзопаўскім стылі, на простай, чалавечай мове азначае, што бальшыня беларусаў ня могуць сябе дазволіць купляць дастаткова ежы, каб фізычна паўнавартасна існаваць. Людзі топчуцца каля паліцаў харчовых крамаў, як перад вітрынамі з музэйнымі экспанатамі і перажываюць выключна зрокавыя ўражаньні ад харчоў. Выходзячы з пустымі рукамі або з мінімумам пакупак, пажылыя людзі пытаюцца ў прадаўцоў: “А пэнсіянэрам на што-небудзь ёсьць скідкі?” Ім адказваюць: “Толькі шакаладкі”. Старыя трасуць галовамі і часам уголас праклінаюць рэжым і яго галоўнага начальніка.

Асартымэнт харчовых тавараў рэзка звузіўся. У асноўным гэта прадукцыя, вырабленая ў чарнобыльскіх раёнах. Чыстую харчовую прадукцыю рэжым працягвае пасылаць эшалонамі ў Маскву. Працягвае вывозіць харчы з нашай краіны і стракатая расейская арда, якая штодня ўрываецца на нашу зямлю праз адкрытую мяжу з Расеяй.

Другая хваля дэвальвацыі беларускага рубля, абвешчаная 20 кастрычніка, яшчэ не накрыла наша грамадзтва. Але, мяркуем, што ў бліжэйшыя дні стане зразумелым, што ўсё гэта значыць і наколькі разбуральнымі ёсьць вынікі чарговай антынароднай “рэформы”, наладжанай рэжымам.

Першымі статыстычнымі ахвярамі ўсеагульнага (“усенароднага”) зьбядненьня грамадзтва сталі менавіта пажылыя людзі, у асноўным жанчыны, якіх ёсьць большасьць сярод пэнсінэраў. На гэтай сацыяльнай катэгорыі спэцыялізуюцца невялікія крымінальныя групоўкі, а таксама крымінальныя-самотнікі. Пікам іхнай крымінальнай дзейнасьці зьяўляецца сярэдзіна месяца, калі пэнсіянэры прыходзяць у паштовыя аддзяленьні па пэнсію. Першы крымінальнік адсочвае патэйнцыйную ахвяру і “вядзе” яе да наступнага крымінальніка/крымінальніцы. Калі старыя ідуць з атрыманымі грашыма ў аптэку або краму, то можна лічыць, што грошы ў іх абавязкава будуць скрадзены. Стоячы перад паліцай або ў чарзе па тавар, яны становяцца безабароннымі. Вопытныя “шчыпачы” у імгненьне вока выцягваюць пачак грошай з сумак старых. Калі тыя скардзяцца атачэньню на сваё няшчасьце, то людзі спачуваюць ім і кажуць: вельмі добра, што ня ўдарылі па галаве і не адабралі грошы прымусам, не забілі і не скалечылі...

Як правіла, самотныя крымінальнікі (сярод іх ёсьць падлеткі па 13-15 гадоў) нападаюць ззаду на пажылых, якія шпацыруюць у паркавай зоне або на пустой вуліцы. Яны вырываюць з рук пэнсіянэраў сумкі і ўцякаюць, затуліўшы твар капюшонам курткі. Добра, калі чалавек выходзіць з прыгоды толькі з псіхічным стрэсам, без фізычных траўмаў.

Гэтыя дзікія зьявы паступова становяцца звычайнымі ў сталіцы, а таксама ў беларускіх гарадах і мястэчках. Зразумела, што такая крымінальная дзейнасьць існуе і ў цывілізаваных краінах. Але там паліцыя прынамсі нешта робіць (часам вельмі эфэктыўна) для аховы грамадзянаў і барацьбы супраць бандытаў. Там нават наладжваюцца аблавы і засады ў месцах, дзе адбываюцца напады на пажылых людзей. Палісманы ўдаюць пэнсіянэраў, ідуць, кульгаючы і г.д. Калі на іх нападаюць крымінальнікі, то справа прымае для бандытаў нечаканы абарот... Рэжымная міліцыя ў Беларусі, як бачым, занятая “больш сур'ёзнымі справамі”. Яна цэлымі палкамі стаіць на абароне антынароднай хунты і не дае рады ў барацьбе з крыміналам, які становіцца ўсё больш нахабным і беспакараным.

Сацыяльны правал, наладжаны лукашызмам, становіцца бядой усяго беларускага грамадзтва.

Янка Базыль