ВЫШЭЙШАЯ МЕРА ПАКАРАНЬНЯ

(Інфармацыйная заява)

25 лістапада адбылася катастрафічная падзея для будучыні Беларусі і вялікае дзяржаўнае злачынства. Лукашэнка, ня маючы на гэта права і нават не інфармуючы народ, прадаў Расеі (фактычна, здаў) галоўную энэргетычную сістэму Беларусі — Белтрансгаз, найважнейшы стратэгічны інтэрас краіны.

Каб ашукаць простых людзей, ён і агентура з Масквы крычаць, што расейцам здалі непатрэбную іржавую трубу. Але гэта не “труба”, а энэргетычная інфраструктура, якая абслугоўвае 86 адсоткаў усёй эканамічнай вытворчасьці Беларусі і бытавую сфэру. Хто валодае Белтрансгазам, той валодае краінай. Беларусь кінута ў поўную энэргетычную залежнасьць ад Масквы і ня зможа цяпер праводзіць сваю энэргетычную палітыку (купляць іншы газ, ажыцьцяўляць Балта-Чарнаморскія праекты і г. д.). Стратэгічныя аб'екты ніколі не прадаюцца.

Чаму Лукашэнка зрабіў такое злачынства і як яно называецца?

Ён зрабіў гэта, каб уратаваць сваю скуру, бо фінансы і гаспадарка даведзены ім да ўпадку і загнаныя ў тупік. Ён абрабаваў народ, залез ў даўгі і цяпер пачаў распрадаваць нашу дзяржаву, каб утрымацца ва ўладзе. Гэта называецца на мове Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь — здрада дзяржаве (арт. 356, ч. 1,2) і караецца альбо ад 10 да 25 гадоў турмы, альбо вышэйшай мерай пакараньня — сьмерцю.

Акрамя таго, Лукашэнка абакраў беларускіх людзей і прадаў крадзеную прыватную маёмасьць, а маскоўцы за бясцэнь крадзенае купілі. Згодна Закона аб прыватызацыі (1992 г.) і Пастановы ВС аб разьдзяржаўленьні і прыватызацыі (1993 г.) палова дзяржаўнай маёмасьці (50%) належыць грамадзянам Беларусі паводле прыватызацыйных чэкаў. Улада павінна была стварыць механізм для канкрэтнай перадачы гэтай уласнасьці людзям. Такі механізм пачаў стварацца ў пачатку 90-х. Але Лукашэнка, дайшоўшы да ўлады, усё ліквідаваў і ў 1997 годзе, насуперак Канстытуцыі, праз неканстытуцыйную папраўку ў Закон Аб уласнасьці ( Закон прыняты ў 1990 г. пад ціскам Апазыцаі БНФ) і праз нелегітымную “палату” незаконна перадаў права распараджацца народнай доляй маёмасьці Саўміну.

(У Законе Аб уласнасьці было напісана, што Саўмін распараджаецца “ад імя ўласьнікаў”, гэта значыць, што бяз згоды людзей урад ня можа прадаць іхнюю уласнасьць. У 1997 годзе Лукашэнка гэтыя словы незаконна выкінуў.)

Цяпер у Маскве скарысталі тую бомбу запаволенага дзеяньня і зрабілі прадуманы манэўр. Беларусаў абакралі двойчы: адзін раз намінальна ў 1997 і другі раз рэальна — 25 лістапада 2011 г.

Скупшчыкі крадзенага — маскоўцы — разумеюць, што робяць і чым займаюцца, але яны павінны ведаць, што крадзенае ў выніку зьдзелкі з нелегітымнай асобай прыдзецца вярнуць па суду і па закону.

Злачынствы здрады дзяржаве і страты нацыянальнай маёмасьці павінен разглядаць па закону (арт. 88 Канстытуцыі) Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь. Зьвярнуцца з іскам у Вярхоўны Суд па гэтых пытаньнях можа кожны грамадзянін краіны, група грамадзянаў і арганізацыі.

У выпадку, калі Суд парушыць Закон і ня прыме іск да вытворчасьці ці дэмагагічна адмовіцца займацца справай, у народа, згодна Канстытуцыі (арт. 3) застаецца права самаму вырашыць гэтае пытаньне любым спосабам. Можа быць створаны Народны суд (у Беларусі ці за мяжой), які разгледзіць і прыме рашэньні, згодна артыкулаў Канстытуцыі і Крымінальнага Кодэксу, уключна з вышэйшай мерай пакараньня.

Сойм Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

11 сьнежня 2011,

г. Менск