ЗАМЕЖНЫ ДРУК (23–24.12.2011)

Месца — на сьметніку

23 сьнежня 2011 г. італьянская газэта “Repubblica” апублікавала інтэрв'ю з блогеркай Лінай Бэн Мхэні, адной з вядучых постацяў народнай рэвалюцыі ў Тунісе. Яна прыехала ў Італію, каб атрымаць прэмію “Рым за мір”. Ліна назвала падзеі ў Тунісе “рэвалюцыяй годнасьці”. Рэвалюцыянэрка нагадала таксама: “Тыя, хто падтрымліваў рэжым, утвараюць цяпер новыя партыі. Ім нельга давяраць”.

Наш камэнтар: Ёсьць унівэрсальныя правілы. Пасьля правалу антынароднага рэжыму ў Беларусі лукашыстоўская публіка з рэжымных і псэўдаапазыцыйных структураў таксама пабяжыць “арганізоўваць пераўтварэньні”. Мы ўжо бачылі такое ў 1991 годзе, калі абвалілася саўдэпія.

Гэтым разам беларускія патрыёты прыкладуць усе намаганьні, каб ні рэжымныя бонзы, ні вінцучкі-лебедько не блыталіся ў пераможнага народу пад нагамі. Іхнае месца — на сьметніку гісторыі.

Юрка Марозаў


Знаёмы почырк

23 сьнежня 2011 г. нарвэжская газэта “Aftenposten” паведаміла пра выбухі перад сядзібай сірыйскіх спэцслужбаў у Дамаску. Загінулі 40 чалавек, паранена больш за 100. Паўстанцы заявілі, што ўсё гэта зроблена самымі ўладамі. Пацярпелі ў асноўным цывільныя жыхары, якія былі ў гэтай зоне.

Наш камэнтар: Тэракт вельмі нагадвае тое, што адбылося пару гадоў таму на станцыі мэтро “Лубянка” у Маскве. Тады ад выбуху загінулі звычайныя грамадзяне, ніхто з лубянцаў не пацярпеў (яны на мэтро на службу ня езьдзяць). Почырк адзін. Затое ёсьць прэтэкст да рэпрэсій супраць народу.

Юрка Марозаў


Царуе чужынская шэрасьць

23 сьнежня 2011 г. славацкая газэта “Hospodarske Noviny” зрабіла для чытачоў выбарку-рэкляму самых цікавых фільмаў і тэлепраграм на калядныя сьвяты. Тут і папулярныя мульфільмы, і мастацкія стужкі, і забаўляльныя шоў, і калядныя сьпевы. Усё на роднай мове або ў перакладзе на славацкую з іншых моваў.

Наш камэнтар: На БТ — як заўсёды, царуе чужынская маскальшчына, куражацца бяздарныя тэлевядучыя і мясцовыя аўтарытэты ад расейскай папсы. Адным словам, звычайная правінцыйная небеларуская шэрасьць.

Алесь Хадасевіч


Але Пуцін пнецца

24 сьнежня 2011 г. славацкая газэта “SME” апублікавала артыкул пад тытулам “Масква чакае на чарговую супрацьпуцінскую дэманстрацыю”.

Наш камэнтар: Тытул артыкула выразна сьведчыць аб тым, што на Захадзе ўрэшце зразумелі — галоўным у пратэстах па ўсёй Расеі ёсьць нежаданьне людзей, каб Пуцін вяртаўся на прэзыдэнцтва. Абрыднуў усім. “За справядлівыя выбары” і іншае — гэта ўсё другаснае. Але Пуцін з сваёй групоўкай усяроўна пнецца да шапкі Манамаха. Трэба чакаць драматычных падзеяў у бліжэйшыя месяцы ў Маскве і іншых месцах.

Юрка Марозаў


Мы ўжо гэта праходзілі

24 сьнежня 2011 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” напісала пра вялікі мітынг у Маскве. Сабралося да 120 тысячаў чалавек, якія патрабавалі правядзеньня новых выбараў і выказалі сваё нежаданьне зноў бачыць Пуціна прэзыдэнтам Расеі.

Наш камэнтар: Выглядала сапраўды ўражальна пасьля доўгіх гадоў лакальных пратэстаў з некалькімі сотнямі ўдзельнікаў. Зноў кажуць пра “пэрспэктывы дэмакратызацыі Расеі” і г.д. Але зьвернем увагу на адзін з галоўных лёзунгаў гэтага мітынга — “Ніводнага голаса Пуціну!” Значыць, арганізатары павядуць пратэстны электарат на галасаваньне. А гэта расшыфроўваецца як вядомая беларусам мадэль — “Іді і скажі ему своё нет!” Яны заклікаюць валіць лубянскую фальшывую сістэму на лубянскіх фальшывых “выбарах”. Мы ўжо гэта праходзілі.

Алесь Хадасевіч


Правінцыйна-русскоязычная-квазіжурналістыка

24 сьнежня 2011 г. нямецкая газэта “Die Zeit” апублікавала анонс часопіснага дадатку да газэты. Дадатак выпускаецца пад рубрыкай “Гісторыя. Эпохі. Людзі. Ідэі”. Чарговы выпуск прысьвечаны Фрыдрыху Вялікаму. Часопіс напісаны прафэсійнымі гісторыкамі, мае шмат каляровых ілюстрацый.

Наш камэнтар: Выдатная традыцыя заходняй прэсы — выпускаць навукова-папулярныя дадаткі да газэт. Часам газэты выдаюць нават вельмі танныя кнігі, якія распаўсюджваюцца сярод падпісчыкаў газэты.

На гэтым фоне прэса ў Беларусі выглядае бедным і ня надта адукаваным сваяком. І справа тут не ў грашах, а ва ўзроўні журналістыкі (правінцыйна-русскоязычной-постсавецкай) — ня здольнай на шырокі погляд на зьявы жыцьця. Усё будзе зьменена пасьля ачышчэньня нашай краіны ад лукашыстоўскага маразму. Журналістыка і гісторыяграфія стануць сапраўды беларускімі.

Алесь Хадасевіч


Навучыліся маніпуляваць

24 сьнежня 2011 г. ангельская газэта “Times” напісала пра шматтысячны мітынг, што адбыўся ў Маскве. Людзі патрабавалі дэмакратычных выбараў.

Наш камэнтар: Усе СМІ сьвету адгукнуліся на гэтую падзею, напісалі, што вось, маўляў, Расея абуджаецца і г.д. Некаторыя нават называюць гэта “гістарычным пратэстам”. Але калі апазыцыя кваліфікуе нядаўнія выбары як сфальшаваныя, дык трэба тады апазыцыянэрам здаваць свае думскія мандаты і патрабаваць разам з апазыцыйнымі масамі новых выбараў без Пуціна і гэбэ. Нешта мы ня чулі, каб нехта ў Думе здаў свой мандат. Апазыцыя ў Маскве, як і прамаскоўская “апазыцыя” у Беларусі, дэманструе сваю фальшывасьць і двухаблічнасьць. Навучыліся маніпуляваць людзьмі і спадзяюцца рабіць гэта вечна...

Алесь Хадасевіч