АБ РЭЖЫМНЫМ СУДЗІЛІШЧЫ НАД СЯРГЕЕМ КАВАЛЕНКАМ

(Заява)

19 сьнежня 2011 г. ў Віцебску быў арыштаваны міліцыяй сп. Сяргей Каваленка, сябра Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Яго беспадстаўна абвінавацілі ў непадпарадкаваньні рэжыму ўмоўнага пакараньня і кінулі за краты. Справа ў тым, што сп. Каваленка адбывае прысуд суда за вывешваньне ў цэнтры горада Віцебска нацыянальнага Бел-Чырвона-Белага Сьцягу ў 2009 годзе. Пасьля апошняга арышту міліцыя беспадстаўна абвінаваціла яго ў “непадпарадкаваньні і нецэнзурнай лаянцы” (гэта рэжымны шаблон для арышту людзей). Улада распачала судовы працэс над патрыётам.

У знак пратэсту супраць фальшывых абвінавачваньняў сп. Каваленка аб'явіў 19 сьнежня 2011 г. галадоўку пратэсту ў сваёй камэры. На паседжаньнях суда выступаюць фальшывыя сьведкі, падрыхтаваныя ўладамі: супрацоўнікі міліцыі і іншых рэжымных структураў. Сп. Каваленка ня можа адэкватна рэагаваць на тое, што адбываецца на працэсе, таму што вельмі аслаблены галадоўкай. Маці і жонка сп. Каваленкі паспрабавалі даць яму вады ў залі суда, але ахова не дапусьціла іх да вязьня. Тады жонка і маці выклікалі хуткую дапамогу. Але ахова не дапусьціла лекараў да сп. Каваленкі.

Сяргей Каваленка палітычны вязень антыбеларускага рэжыму. Здароўе яго (хвароба сэрца) ў дрэнным стане. На патрабаваньні сям'і і адваката перавесьці сп. Каваленку ў шпіталь улады не рэагуюць.

Супраць сям'і сп. Каваленкі рэжымныя структуры таксама дзейнічаюць брутальна і цынічна. Міліцэйскія патрулі ўрываліся ў кватэру сп. Каваленкі пасярод начы, імітуючы “праверку”. Двое малых дзяцей сп. Каваленкі былі застрашаныя і не маглі заснуць. Начныя пагрозы негатыўна адбілася на здароўі дзяцей.

Мы ацэньваем дзеяньні рэжымных структураў у адносінах да сп. Сяргея Каваленкі як катаваньні і зьдзек над безабаронным чалавекам. Зьдзек адбываецца ў залі суда, у прысутнасьці службовых асобаў, адказных за выкананьне Закону.

Мы зьвяртаемся да беларусаў у эміграцыі, да ўрадаў і парлямантаў дэмакратычных краін, да гуманітарных арганізацый і ўсіх людзей добрай волі з заклікам дапамагчы выратаваць сп. Сяргея Каваленку, жыцьцё якога знаходзіцца ў небясьпецы. Яго сям'і, якая засталася бяз сродкаў на існаваньне, патрэбная дапамога. Антыбеларускі рэжым чыніць расправу над беларусамі. Двое дзяцей (сын 7 гадоў і дачка 6 месяцаў), жонка і маці сп. Каваленкі ня маюць грошай на элемэнтарныя патрэбы. Сям'і пагражае голад і высяленьне з кватэры.

Кіраўніцтва Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

4 студзеня 2012 г.

Менск