ПАРА ЗАБЫЦЦА НА ГЭТУ АНТРЭПРЫЗУ

(Сцэны з жыцьця пры позьнім лукашызме)

Беларусы чакалі нейкага “навагодняга сюрпрыза” ад антыбеларускага рэжыму. І дачакаліся — гэтым разам ад фэадальных гаспадароў гэтага рэжыму. 5 студзеня амбасадар РФ у Менску Сурыкаў заявіў, што “Беларусі варта падумаць пра пераход на агульную з Расеяй валюту”. Потым маскоўскі госьць дадаў, што Расея ня дасьць магчымасьці разьвіваць Беларусі сваю аўтамабільную вытворчасьць. Як кажуць палякі, “амэн і кропка”...

Рада БНР (сапраўдны легітымны дзяржаўны ворган Беларусі) адразу ж запатрабавала абвесьціць Сурыкава “пэрсонай нон грата” і выдаліць гэтага прадстаўніка маскоўскага імпэрыялізму з тэрыторыі нашай краіны.

Шчыраваньні Сурыкава павінны прыцягнуць увагу ня толькі шырокіх масаў працоўных у Беларусі, але таксама і дзеячаў беларускага бізнэсу (нават той яго часткі, якая дзейнічае пад крылом лукашыстоўскага клану). Сурыкаў ня проста выказаў свае меркаваньні, ён агучыў праграму наступальных дзеяньняў Крамля ў Беларусі. Беларускі бізнэс павінен убачыць небясьпеку ў разбурэньні нацыянальнай беларускай валюты і ўвядзеньні валюты акупанцкай у нашай краіне. Эмісія грошай будзе ў руках Крамля, які адвольна будзе душыць безграшоўем, каго захоча. Трэба быць удзячным Сурыкаву за брутальную шчырасьць. Лубянскі дыпламат пацьвярджае тое, аб чым шмат гадоў папярэджваюць патрыёты-фронтаўцы: Расея будзе ламаць і падмінаць усё ў нашай радзіме. Так паводзяць сябе ўсе акупанты. Але акупантам трэба супраціўляцца.

“Праваслаўны атэіст” (як сам сябе называе Лукашэнка) не забываецца пра калядныя сьвяткаваньні паводле расейскага праваслаўнага календара. 7 студзеня пра гэта нагадалі вернікам, якія прышлі на службу ў будынкі РПЦ у Менску. Некаторыя з гэтых будынкаў былі, аднак, зачынены. Служкі патлумачылі пастве, што ёй трэба далучыцца да “мерапрыемстваў, у якіх будзе ўдзельнічаць наш прэзыдэнт”. Людзей пасылалі ў так званы Дом міласэрнасьці, што на ўсходняй ускраіне нашай сталіцы, бо там “будзе Лукашэнка”.

Некаторыя пайшлі туды. Такім чынам рэжым і РПЦ разам паспрабавалі стварыць натоўп з “благоговейных граждан”, якія павінны былі выяўляць радасьць з адзінства сьвецкай і царкоўнай уладаў. Прызнацца, такога блюзьнерскага ідыятызму за ўсю гісторыю Хрысьціянства, як кажуць, пашукаць, дык і ня знойдзеш.

Ужо даўно заўважаны прыёмчык грантаўскай інфармацыйнай прадукцыі. На яе старонках можна прачытаць творы прыстойных аўтараў пра ВКЛ і Грунвальд, нават пра Слуцкі Збройны Чын. Але чым бліжэй да падзеяў нашага часу, тым творы становяцца, мягка кажучы, менш прыстойнымі. Прапануем прыклад. Ёсьць такі інтэрнэт-партал “Усе беларусы”, прысьвечаны гісторыі, фальклору і падобнаму.

Ілюстрацыяй да згаданага прыёмчыка можа паслужыць артыкул пра вядомага аўтарытэта АГП А. Лебедько (ён жа — Лябедзька). Матэр'ял пра яго — паміж артыкуламі “Мірскі замак” і “Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч”. Цытуем з артыкула пра гэтага дзеяча, што “паміж замкам і класікам”: “У 1994 г. быў актыўным удзельнікам перадвыбарчага штаба кандыдата ў Прэзыдэнты А. Лукашэнкі, пасьля перамогі якога афіцыйных пасад не атрымаў і некаторы час працаваў дарадцам і прадстаўніком Прэзыдэнта ў Вярхоўным Савеце на грамадзкіх пачатках. (...) Перайшоў у апазыцыю да А. Лукашэнкі (...)”.

Аказваецца за актыўную дапамогу ва ўсталяваньні лукашызму ў нашай краіне А. Лебедько пасьля перамогі лукашызма над беларускім народам “афіцыйных пасад не атрымаў”, а працаваў прадстаўніком Лукашэнкі ў Вярхоўным Савеце “на грамадзкіх пачатках”. Як казалі пра камсамольскіх герояў у савецкі час, “работал бескорыстно, по велению социалистической совести и чувства комсомольского долга”. Цікава пачытаць.

Крыніца: http://www.usebelarusy.by/be/content/tutejshyja/24699/24760/25243

Пасярод леташняй псэўдавыбарчай драмы для беларусаў быў арганізаваны рэжымам кур'ёзны дывэртысмэнт. У шэрагу спарынг-партнёраў Лукашэнкі на БТ засьвяціўся “кандыдат” Д. Ус. Гэты чалавек вельмі пакутваў на экране. Ён з цяжкасьцю зачытаў з паперкі свой “зварот да выбаршчыкаў”, блытаўся і ўцягваў галаву ў плечы. Малаадукаванасьць і публічная нягегласьць гэтай асобы запомнілася ўсім, хто бачыў гэты выступ. На наступны дзень, праўда, усю сталіцу і значную частку краіны закідалі яркімі глянцавымі ўлёткамі гэтага “кандыдата”, які заклікаў галасаваць за сябе. Людзі актыўна кідалі гэтую наглядную прадукцыю сабе пад ногі, камунальныя службы доўга вымяталі “звароты” з пад'ездаў і ходнікаў. Клаўнада сярод іншага мела запраграмаваны эфэкт — людзі зьвярнулі больш увагі на іншых імпэтных гаварыльшчыкаў-“кандыдатаў”.

Цалкам лагічным было б, каб гэты гора-“кандыдат” назаўжды выпаў з публічнай дзейнасьці, тым больш з палітыкі. Але дзе там! На працягу апошняга года яго рэгулярна рэанімуюць і падпісваюць ягоным імем розныя шумныя ініцыятывы. На Радыё Свабода нават даюць матэр'ялы пра яго і ўсё на поўным сур'ёзе.

На пачатку гэтага года Д. Ус зноў зьвярнуўся да грамадзтва з заклікам уступаць у ініцыятыўную групу па зборы подпісаў “за зьмены ў Выбарчым кодэксе”. “Изменить это в ваших силах!” — гукае экс-“кандыдат” на мове акупанта. Потым ідзе растлумачэньне, дзе трэба ставіць подпісы сябрам выбаркамаў, за колькі дзён да выбараў выдаваць кандыдатам кандыдацкія пасьведчаньні і г.д. У сп. Уса, аказваецца, казуістычны талент. Ён вырашыў дамагчыся рэформаў і не абы якіх! Ён, як і ўся падстаўная псэўдаапазыцыя — “за выбары, таварышы!”

Псэўдаапазыцыйнае шумавіньне працягваецца. Тыя, хто стаяць за палітычнымі клоўнамі, спрабуюць навязаць грамадзтву дыскусіі, зборы подпісаў, пэтыцыі наконт таго, дзе трэба пераставіць месцамі коскі і ўпісаць пару радкоў тлустым шрыфтом. Ім вельмі важна, каб беларусы пасярод нацыянальнай драмы ўвязаліся па самыя вушы ў пустую схаластыку, каб наш народ канчаткова заблытаўся і згубіў разуменьне аб тым, што трэба перакульваць усю гэтую казуістыку Народным Байкотам. Тут цэлы псэўдаапазыцыйны цырк зь яго блазнамі, эквілібрыстамі і дрэсіраванымі істотамі. Даўно пара ўжо было б забыцца на гэту антрэпрызу.

Янка Базыль