ЗАЯВА Ў ПРАКУРАТУРУ

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ

Пракуратура Першамайскага раёна г. Віцебска

Заява

Сябра Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ Сяргей Каваленка быў затрыманы дома раніцай 19 сьнежня 2011 года супрацоўнікамі Крымінальна-выканаўчай інспэкцыі Першамайскага раёна г. Віцебска. А потым старшы сьледчы сьледчай групы Першамайскага аддзела Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь Волкаў Ю.С. 22.12.2011 прыцягнуў Каваленку С.А. у якасьці абвінавачанага паводле артыкула 415 КК РБ за ўхіленьне ад адбыцьця пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу.

Сяргей Каваленка выдатна выконваў грамадзянскі і сямейны абавязак: займаўся выхаваньнем і адукацыяй дзяцей, працаваў і матэрыяльна забясьпечваў сям'ю з 4-х чалавек, у якой ёсьць двое непаўнагадовых дзяцей і жонка ў дэкрэтным адпачынку па доглядзе за дзіцем.

Мяркуем, што за меўшае месца несвоечасовае адзначэньне ў інспэкцыі ён быў спаўна пакараны. Пры гэтым яго паводзіны не прынесьлі і не маглі прынесьці якой-небудзь шкоды грамадзтву. Мы лічым, што прад'яўленае абвінавачваньне ва ўхіленьні ад адбыцьця пакараньня зьяўляецца недарэчным у дэмакратычным грамадзтве з-за малазначнасьці парушэньняў. Гэта даволі негуманна і мера пакарантня ў выглядзе пазбаўленьня волі ў дадзеным выпадку непрапарцыйнае зробленым учынкам.

Патрабаваньні, якія да яго прад'яўлялі інспэктары, ён выконваў, за выключэньнем адзінкавых кароткатэрміновых адхіленьняў па часе (як прыклад — зафіксаванае спазьненьне да дому на адну хвіліну), якія ніяк не ўплывалі на працэс адбыцьця пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу, і шкоды нікому не прынесьлі.

З 19 сьнежня 2011 года Сяргей Каваленка, які заўжды ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, дзеючым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, неаднаразова выказваў уладзе словамі і дзеяньнямі свае палітычныя погляды супраць парушэньня правоў, гэтым разам абвясьціў афіцыйную галадоўку пратэсту, але ўжо супраць беззаконьня ў адносінах да яго самога.

Мы лічым, што дзеяньні супрацоўнікаў Першамайскага раённага аддзела г. Віцебска Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь у дачыненьні да Сяргея Каваленкі не адпавядаюць сітуацыі, што мае месца.

Партыя зьвярталася да кіраўніцтва Першамайскага раённага аддзела г. Віцебска Сьледчага камітэту Рэсрублікі Беларусь з прапановай разглядзець пытаньне аб зьмяненьні меры ўтрыманьня для Сяргея Каваленкі на больш мяккую. Пры гэтым Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ выказала просьбу аб вызваленьні Каваленкі С. А. на падпіску аб нявыезьдзе пад заклад, адзначыўшы, што гэта выклікана неабходнасьцю прыняцьця тэрміновых мераў для захаваньня здароўя і жыцьця мужнага і перакананага патрыёта, што для гэтага маюцца дастатковыя прававыя падставы, прадугледжаныя артыкуламі 108 і 124 КПК РБ, што Сяргей Каваленка ня меў выпадкаў ўхіленьня ад яўкі ў праваахоўчыя ворганы, мае пастаяннае месца жыхарства, пражывае з сям'ёй, працуе. Аднак станоўчага рашэньня на заяву Партыі Першамайскім раённым аддзелам г. Віцебска Сьлдечага камітэту Рэспублікі Беларусь прынята не было.

З улікам вышэйсказанага, Партыя просіць прыняць меры пракурорскага рэагаваньня з мэтаю спыніць меру пакараньня для Сяргея Каваленкі ў выглядзе пазбаўленьня волі ў дадзеным выпадку непрапарцыйна зробленым учынкам.

Намесьнік старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

Ю. Беленькі

25 студзеня 2012 г.