ЖЫЦЬЦЁ ДЛЯ БЕЛАРУСІ

9 лютага на 68-м годзе жыцьця пакінуў нас Пётра Пятровіч Шашкель. Сьмяртэльная хвароба скасіла гэтага легендарнага чалавека, пра якога ў Народным Фронце ведалі ўсе. Вельмі шкода, што ад нас адыходзяць такія добрыя і мужныя людзі.

Памятаем 2008 год, калі ў нас у Варшаве Пётра Пятровіч гасьцяваў з жонкай і сваімі слаўнымі дочкамі. “Якая шляхетная беларуская сям'я!” — казалі мы сабе, калі госьці пакінулі наш дом. Няма нічога прыямнейшага за сумоўе з блізкімі па культуры і мове, і духу людзьмі.

Пазьней, у тым жа годзе, мы спатыкаліся зь Пятром Пятровічам яшчэ раз, і тады ў нас была гаворка пра ягоны лёс.

Расейцы схапілі іхную сям'ю ў 1946 годзе і вывезьлі ў ГУЛАГ. Там, у сталінскім катаржным лягеры, і прайшло ягонае дзяцінства.

Нас найбольш уразіла зь яго апавяданьня тое, што малечу Пятра, якому было паўтары гады, і ягонага двухмесячнага брата аддзялілі ў лягеры ад маткі. Яны былі на нарах у іншым бараку і (о, дзіва!) абодва выжылі. Як такое магло стацца, ён і сам ня ведаў. Божая воля.

Потым ужо ў пасьляваеннай савецкай акупацыі Беларусі і пры лукашызме Пятро Шашкель 50 гадоў змагаўся за тое, каб яго рэабілітавалі і зьнялі судзімасьць. (Удумаймася толькі ў гэты абсурд!)

У Беларускім Народным Фронце Пётра Шашкель не адзіны, хто зь дзяцінства прайшоў праз рускі канцэнтрацыйны лягер.

Гэта быў чалавек абсалютна надзейны. Такіх не спакусяць ні словамі, ні далярамі, хоць бы абсыпалі звыш галавы. Ён быў ня з тых людзей, якіх можна было раскалоць, ашукаць, запалохаць. Пётра Пятровіч быў сапраўдным фронтаўцам і адраджэнцам, якіх стварыла нашая нацыянальная рэвалюцыя ў 80-90-х гадах мінулага стагоддзя. Ён быў пастаянным сябрам Сойму КХП-БНФ, 20 гадоў кіраваў у Менску Каліноўскай раённай арганізацыяй Фронта (потым — раённай Радай КХП-БНФ), выдатна ўмеў кантактаваць зь людзьмі і арганізаваць справу, апекаваўся фронтаўскай літаратурай, быў актывістам у будаўніцтве Народнага Мэмарыялу Курапаты “Лес крыжоў”, удзельнічаў ва ўсіх акцыях Народнага Фронту.

Яго заўчасны адыход — вялікая страта для Партыі і для Беларусі, бо на такіх людзях, адданых сэрцам, трымаецца наша Айчына, наша ідэя і наша праца дзеля волі і шчасьця Беларусі.

Выказваем глыбокі жаль і найшчырэйшыя спачуваньні ўсёй сям'і, сваякам, родным і блізкім Пётры Пятровіча Шашкеля. Хай будзе лёгкай яму родная зямелька, за якую ён адпакутваў зь дзяцінства і дзеля якой ахвяраваў усё сваё годнае і сумленнае жыцьцё.

Вечная памяць!

9 лютага 2012 г.

Зянон і Галіна ПАЗЬНЯК