ПАЎЗУЧАЯ АКУПАЦЫЯ

(Лютаўскі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ)

12 лютага сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Сойм заслухаў даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ — “Паміж Сцылай і Харыбдай” (апублікаваны). З дакладам выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Фронту і Партыі, і сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі.

Выступоўцы казалі пра неабходнасьць паведамляць нашаму грамадзтву аб небясьпецы паўзучай акупацыі Беларусі сіламі расейскага мафійнага імпэрыялізму. Набліжаецца той час, калі акупанты наагул перастануць прыхоўваць свае дзеяньні і монстр маскоўскай акупацыі паўстане ў поўны рост. Працягваецца эканамічная дыверсія супраць нашай краіны, Крэмль падрывае эканамічныя асновы нашай народнай гаспадаркі і захоплівае чарговыя эканамічныя структуры і прадпрыемствы Беларусі. Усё гэта пакуль што робіцца пад фальшывай маркай “інтэграцыі” і “узаемавыгаднага супрацоўніцтва”. Але вынікі гэтага “супрацоўніцтва” з бандыцкай алігархічнай Расеяй адчуваюць цяпер на сябе ўсе грамадзяне нашай краіны.

Заявы Лукашэнкі, які вярнуўся з Расеі пасьля двухтыднёвай адсутнасьці ў нашай краіне сьведчаць аб тым, што Крэмль паставіў яму чарговыя ўльтыматумы па здачы Беларусі ў маскоўскі палон. Асабліва ўразілі людзей заявы Лукашэнкі пра тое, што “армія у нас обшчая”. Выроўніваньне заробкаў беларусам у пагонах паводле расейскіх нормаў азначае зусім ня клопат аб вайскоўцах. “Обшчность” мяркуецца ў тым, што беларускую армію зьбіраюцца канчаткова падпарадкаваць (нават фармальна) ваеннаму ведамству Расеі. За гэтым трэба чакаць накіраваньня нашых вайсковых частак у зоны ваенных канфліктаў на тэрыторыі Расеі, а таксама выкарыстаньне нашых войскаў і іншых сілавых структураў у здушэньні антыпуцінскіх народных выступаў у Расеі, якія набяруць сілу пасьля выбараў у Дзярждуму РФ у сакавіку сёлета. Беларускае грамадзтва і, зразумела, самы беларускія вайскоўцы павінны не дапусьціць, каб была зьдзейсьнена гэтая крымінальная авантура.

Сойм абмеркаваў мерапрыемствы па арганізацыі Народнага Байкоту чарговых псэўдавыбараў, якія зьбіраецца правесьці антыбеларускі рэжым. Па ўсёй краіне трэба даводзіць нашым людзям інфармацыю пра падступныя дзеяньні псэўдаапазыцыі, якая ў каторы раз зьбіраецца весьці беларусаў на выбарчы фарс. Сябры Сойму выказалі зьдзіўленьне цяперашнім зьявам самадэскрыдытацыі і скандальных дзеяньняў у асяродку псэўдаапазыцыі. Яны пачынаюць здаваць адзін аднаго, дайшла справа да боек і “разаблачэньняў”. Разам з тым грамадзтву прапануецца “новая хваля” псэўдаапазыцыйных палітыкаў і палітолагаў, якія заяўляюць, што “старое кіраўніцтва стамілася” і г.д. Падобна на тое, што замест “стомленых” Лебедько, Івашкевіча і іншых на псэўдаапазыцыйнай арэне будзе выступаць і гукаць пра “выбары” новая, маладзейшая публіка з падстаўных і няшчырых асобаў. Сродак на іх застаецца ўнівэрсальным — гаварыць праўду нашаму народу пра тое, што адбываецца ў нашай краіне.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

12 лютага 2012 г.