“СЛАВА НАЦЫІ, БРАТЫ, НЕ ЗЛАМАЮЦЬ НАС МЯНТЫ!”

Гэтыя словы беларускага героя Сяргея Каваленкі ўжо лунаюць на Беларускім сьцягу. Трэці дзень адбываецца несправядлівы, дзікі (з пункту гледжаньня права і юрыспрудэнцыі) судовы працэс над Сяргеям Каваленкам. У дадатак да харчовай галадоўкі Сяргей, у знак пратэсту супраць несправядлівага суда над ім, аб'явіў і сухое галаданьне, пяць дзён ня п'е вады, ледзь стаіць на нагах, але годна вядзе суд. Менавіта “вядзе” — бо якраз ён, а не суддзя Алена Жук, вызначае ініцыятывы судовых паводзінаў.

Суддзя, пракурор адмовіліся шпіталізаваць Каваленку. Такое ўражаньне, што яны атрымалі ў гэтым непасрэдны садысцкі загад узурпатара ўлады ў Беларусі. Разьлік акупантаў і іх пасобнікаў-халуёў, відаць, накіраваны на тое, каб максымальна папсаваць здароўе Сяргею і потым сьпісаць яго “ў расход” як інваліда. На такое яны здольныя. Справа, аднак, вельмі сур'ёзная, бо Каваленка, маючы не зусім здаровае сэрца і трымаючы сухую галадоўку, можа раптоўна памерці.

Беларусы (і найперш сваякі Сяргея), якія, відаць, упершыню так блізка ўбачылі зьвярыны антыбеларускі ашчэр акупанскай улады, знаходзяцца ў стане немарасьці, шоку, найвялікшага ўзрушэньня. Яны зразумелі, што Беларусь і беларусаў зьнішчаюць, і пратэстуюць супраць нацыянальнага гвалту прамаскоўскага рэжыму.

Некаторыя людзі, аднак, ужо кажуць рэзка, злосна, радыкальна і бязьлітасна, што набліжаецца пара, калі трэба будзе біць гэтую сволач і навалач і суд гэты подлы спаліць разам зь яго “нецэнзурно выражался”, як некалі ў Слуцку. Іншага людзям не застаецца.

Сёньня, 23 лютага, у Дзень стварэньня Беларускай Краёвай Абароны, адбываецца трэцяе паседжаньне ганебнага акупанцкага суду над Каваленкам. Рэпартажы вядуць радыё “Свабода” і іншыя выданьні. У Амэрыцы пра працэс Каваленкі ўчора напісалі дзесяць амэрыканскіх газэт.

Заклікаем усіх неабыякавых беларусаў ісьці і ехаць на гэты суд. Трэба там быць.

Заклікаем выканаць заклік Сяргея Каваленкі і па ўсёй Беларусі ўзьняць Беларускі сьвяты Бел-Чырвона-Белы Сьцяг.

Патрабуем спыніць несправядлівы суд над Сяргеем Каваленкам! Патрабуем неадкладнага вызваленьня яго з турмы!

Жыве Беларусь!

Слава героям!

23 лютага 2012 г.

Зянон ПАЗЬНЯК