У МАСКВУ ЎВЕДЗЕНЫ ЧАЧЭНСКІЯ ПАЛКІ

Напярэдадні псэўдавыбарчага шоў, якое арганізоўвае ў Расеі крамлёўска-лубянскае начальства, з Масквы і іншых месцаў паступаюць цікавыя, часам вельмі кур'ёныя зьвесткі. Вось, напрыклад, некалькі паведамленьняў маскоўскай інтэрнэт-газэты Грані.Ру.

“Дэпутат Дзярждумы ад “Справядлівай Расіі” Ілья Панамароў накіраваў у Крэмль і МУС запыт з патрабаваньнем патлумачыць, зь якой мэтый і па чыёй ініцыятыве ў Маскву прыбылі каля 800 байцоў паліцыі з Чачэніі. Дэпутат паведаміў, што па ягоных зьвестках, чачэнскіх паліцэйскіх прывязьлі ў Маскву пасьля першых буйных мітынгаў апазыцыі ў сьнежні і трымаюць як “запасныя рэзэрвы”. “Чуткі аб тым, што ў Маскву прывезьлі чачэнскіх байцоў, хадзілі даўно. Але зараз мне з верагодных крыніцаў сталі вядомыя назвы палкоў, паліцэйскія зь якіх прыбылі. Цяпер я накіраваў афіцыйны запыт”, — сказаў Панамароў, патлумачыўшы, што ў сталіцу прыбылі байцы з палкоў імя Кадырава і “Нафтавага”. “Наколькі я ведаю, яны тут з сьнежня. Нехта разьмешчаны на кватэрах, кіраўніцтва заселена ў дарагім гатэлі Ritz. Вельмі цікава, на чые грошы гэта робіцца”, — сказаў дэпутат. 16 лютага кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў назваў глупствам чуткі пра магчымую перакідку ў Маскву паліцэйскіх аддзелаў з Грознага для здушэньня апазыцыі”.

“У бліжэйшыя дні ў Маскву прыбудуць шэсьць тысячаў байцоў ОМОНа з рэгіёнаў, якія будуць дапамагаць маскоўскім калегам у “фізычным недапушчэньні і спыненьні правядзеньня несанкцыянаваных уладамі публічных мерапрыемстваў з 3 па 9 сакавіка, паведамляе “Новая газета”. Як адзначае выданьне, агульная колькасьць амонаўцаў па Расеі перавышае 25 тысячаў чалавек. Такім чынам на наступным тыдні ў сталіцы будуць прысутнічаць чвэрць усіх мабільных атрадаў адмысловага прызначэньня краіны, ня лічачы байцоў маскойскага ОМОна, колькасьць якога складае каля дзьвюх тысячаў чалавек, дзесяткаў тысячаў супрацоўнікаў паліцыі і ўнутраных войскаў МУС. Крыніцы выданьня адзначаюць, што байцоў накіроўваюць у поўнай экіпіроўцы, тыповай для камандыровак у гарачыя кропкі, з фармулёўкай “для запабяганьня праявам экстрэмізма”.

“У выпадку перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах Уладзімір Пуцін ня будзе закручваць гайкі, а працягне курс па лібэралізацыі палітычнай сістэмы. Па словах Пуціна, ён не плануе палітыку, накіраваную на здушэньне апазыцыйных рухаў. Па словах прэм'ера, ён лічыць масавыя выступы апазыцыі станоўчай зьявай, якая стымулюе актыўнасьць уладаў і падвышае іх жыцьцяздольнасьць”. (Канец цытаваньня).

Пачытаеш такое і гукнеш: “Умом Россію не понять!..” Што ж прапануе на пуцінскую “амонаўскую лібэралізацыю” расейская “інтэлектуальная апазыцыя”? А вось што, цытуем Грані.Ру, дзе выступіў запісны дэмакрат са стажам Аляксандр Падрабінек:

“Гэта палітыкам працэс цікавей за вынік, а грамадзтву патрэбна перамога. Беспэрспэктыўнасьць стратэгіі супрацоўніцтва з пуцінскай уладай з мэтай яе дэмантажу становіцца відавочнай сёньня надта многім. “Настаў час вяртаньня Расеі на шлях прававой дзяржавы. Мы мірныя людзі, але мы будзем няўхільнымі ў дасягненьні сваёй мэты”, — кажуць ініцыятары акцыі “Возьмем Крэмль у белае кальцо”. На авансцэну пратэстнага руху выходзяць людзі, якія ня хочуць выклянчываць сябе свабоду і дэакратыю, а маюць намер дамагчыся іх коштам жорсткага і бескампраміснага супрацьстаяньня з уладай”. (Канец цытаваньня).

Цікава, што ў гэтых ключавых па сваёй сэнсацыйнасьці тэкстах нават адсутнічае слова “выбары”. Чаму? А таму што, як казаў Кіса Вараб'янінаў з “Залатога цяля” Ільфа-Пятрова, “торг тут не уместен!” Усё ўжо вырашана і не паддаецца дыскусіі. Маскоўская апазыцыя павядзе 4 сакавіка людзкія масы на выбарчыя ўчасткі (“сказать ему своё нет!”), а лубянскі рэжым ветліва прыме гэтыя масы на гэтых участках (“нам дорог ваш голос”). Потым, у той жа пасьлявыбарчы вечар каласальнага электаральнага падману і на працягу некалькіх наступных дзён адбудуцца масавыя падзеі пад апазыцыйным лёзунгам “Нас падманулі! Патрабуем справядлівых выбараў!” А дыскутаваць (з ужываньнем рук, ног і іншых падручных сродкаў) на тэму лёзунгаў прапануецца з байцамі чачэнскіх, сібірскіх і сталічных палкоў лубянскай апрычніны.

А. Падрабінек ужо даволі даўно раскрыты як агент уплыву лубянскай канторы. Ён гладка сьцеле пра “белае кальцо вакол Крамля” — вось станем і будзем стаяць! Але астатнія дзеячы-антыпуцінцы апрацоўваюць “дорогіх россіян” у тым жа ключы. Ніхто зь іх нават словам не згадаў, што сапраўдным супрацівам псэўдавыбарам быў бы ўсенародны байкот — пустыя выбарчыя ўчасткі і спатнелы, разгублены Пуцін перад тэлекамэрамі мясцовых і заходніх агенцый. Усе ўключаны ў шаблонную гульню паводле правілаў лубянскіх лялькаводаў.

Гульня, яе сцэнар, разьвіцьцё і фінал выдатна вядомыя беларускаму народу. Супадаюць нават дэталі. Напрыклад, план “оппозіціі” у пасьлявыбарчы вечар весьці пратэстныя масы маскоўцаў на будынак расейскага ЦВК. Беларусы ўжо ведаюць, што будзе далей.

“Умом” сапраўды “не понять”. Пуцінскі рэжым, здаецца, усё трымае пад кантролем, псэўдаэлектаральныя падзеі разьвіваюцца па плану. А страх настолькі моцны, што кантора з сваім кандыдат-прэзыдэнтам шалёна баіцца сваіх жа маскоўскіх амонаў. А раптам пакідаюць свае дубіны і разьбягуцца перад “белым кальцом” з студэнтаў і пэнсінэраў? Вось і паўтараецца даўні каледзінскі фокус з “Дзікай дывізіяй”, якую ў 1917 годзе кінулі на Петраград (дзе яшчэ нядаўна ўсё было пад кантролем). Тады экзатычная дывізія да сталіцы не дайшла, яна расклалася на хаду, як і ўсё ў хворай імпэрыі. Гэтым разам Крэмль-Лубянка парупіліся заранёў і за некалькі месяцаў да клімаксу падзеяў засялілі экзотаў каля сваіх муроў. А ўсяроўна крамлёўцам страшна. Ну, як спадабаецца чачэнцам наводзіць “кадыраўскі парадак” на Чырвонай плошчы і ў іншых месцах? А раптам у скораным горадзе напішуць на зялёным сьцягу кароткі заклік-ультыматум — “Кадырава на царства!”

Кіруемы кашмар набывае ўсё больш звыраднелыя кшталты. Цывілізаваны сьвет назірае за Масквой і Расеяй ды ня можа нічога зразумець. А беларусам павінна быць зразумелым самае галоўнае — трэба трымацца як мага далей ад расейскага паноптыкума.

2 сакавіка 2012 г.

Янка Базыль