АСІНАВЫ КОЛ

Ужо трэці месяц ідзе драматычнае змаганьне Сяргея Каваленкі ў турме з антыбеларускай квазі-судовай сістэмай зьдзеку над чалавекам. Становішча яго крытычнае. Сяргей можа памерці ад голаду. Але праўда, годнасьць асобы і гонар Беларусі для яго найвышэй.

Партыя КХП — БНФ у гэтай складанай і цяжкай сытуацыі шмат клопату ўзяла на сябе, імкнучыся ўратаваць жыцьцё Кавленкі. (Тут і юрыдычнае забесьпячэньне, і аплата, і складаньне папер, і матэрыяльныя праблемы, і інфармацыя, і палітычныя пытаньні, і дачыненьні з сям'ёй, транспарт, пражываньне, збор сродкаў і інш.) Натуральна, што пра такія рэчы без патрэбы не гавораць. Тым больш, што мы разумеем неабходнасьць дапамогі.

Усіх нас, фронтаўцаў, трохі зьдзіўляла тут доўгае маўчаньне дрэняў. Што б гэта значыла? Ці ўжо кантора здохла?

Аж вось яны, нарэшце, жывыя курылкі, вылезьлі з падваротні. “Партыя КХП — БНФ сошла с ума”, — піша нейкі троль пад псэўданімам “снов” у інтэрнэтным выданьні “Народнай Волі”, — стварылі, маўляў, “манаполію на Каваленку”.

І колькі разоў мы ўжо ад іх такое чулі: і пра нашу “манаполію на Курапаты”, і на “незалежнасьць”, і на “Слуцкі Збройны чын”, на “Нацыянальную ідэю”, і г.д. Словам, на ўсё тое, што ў значнай ступені, дзякуючы якраз нам існуе і жыве. Дрэняў ад гэтага аж курчыць. Фронт, бачыце, перашкаджае ім любіць “Белоруссію”.

Закранулі мы тут неяк грантавую публіку (былі б давольныя, што ўспомнілі) за пустаслоўе ды імітацыю. І вось, на табе: “партыя звар'яцела”.

Зрэшты, калі меркаваць па ўзроўню гэтых пісараў, то для іх мы, і праўда, — “вар'яты”. Будучы па колькасьці дэпутатаў у 10 разоў меншымі за камуністаў, мы паперлі на іх у парляманце і вырвалі незалежнасьць краіны. (Ну, ці не вар'яты!) Ня маючы сродкаў абаранілі ад разбурэньня і стварылі Народны Мэмарыял Курапаты. Наш чалавек, будучы ў акупацыйнай лукашысцкай турме, гатовы на сбмерць за Беларускі Сьцяг (а рэальна — за сымвал Беларускага Сьцяга). Ну, ці ж не вар'яты! Вар'яты. Ды такія, што мы яшчэ загонім асінавы кол ў гэты антыбеларускі рэжым а заадно і ў яго падстаўную апазыцыю, вылавім таксама ўсіх дрэняў, гансвікаў і троляў, зробім зь іх выставу ў Менску насупроць КГБ.

Кавленкаў ёсьць шмат у Беларусі. Цярпеньне ўжо лопае і скора нашыя беларускія Бел-Чырвона-Белыя сьцягі запалымнеюць па ўсёй краіне.

22 сакавіка 2012 г.

Зянон Пазьняк