РЭПЛІКА ПРА БАНГАЛОРСКУЮ ПРАФАНАЦЫЮ

20 сакавіка на Радыё Свабода прагучаў сюжэт пад выразным назовам “Ня ўсе пойдуць на Бангалор 25 сакавіка”. Сюжэт быў зьмешчаны і на старонцы Радыё (http://www.svaboda.org/content/article/24521599.html). У сюжэце выказаліся арганізатары “мерапрыемстваў” 25 сакавіка на плошчы Бангалор у Менску Ул. Колас, В. Івашкевіч, А. Марачкін. Яны распавялі ў мікрафон пра вынікі сваёй заявы ў Менскі гарвыканкам: “Задаволены ўсе пункты нашай заяўкі. Усё ў цывілізаваным, культурным духу прайшло. Абгаварылі рэглямэнт... Мітынг дазволены, і таму кожны чалавек можа прыйсьці зь бел-чырвона-белым сьцягам. І пра гэта мы адмыслова размаўлялі ў выканкаме, што ніякіх перашкодаў, у тым ліку ў выкарыстаньні нацыянальнай сымволікі, ня будзе”.

Аказалася, што з боку рэжыму “няма перашкодаў”. Зазначым, што гэта з боку таго рэжыму, што катуе Сяргея Каваленку за гэты самы нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг, які патрыёт узьняў над Віцебскам. Чаму так? А таму, што неабходна, каб была зьдзейсьнена чарговая прафанацыя ў самы сьветлы Дзень беларускага народу. Таму патрыёта за Сьцяг катуюць, а ў гэтых “усё ў культурным духу прайшло...”

У перадачы знайшлося месца і час для старшыні інфармацыйнай камісіі Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ Валерыя Буйвала. Ён сказаў: “Бангалор — гэта ганебнае месца для выгулу сабак. Там павінны сабакі хадзіць, а не людзі. Тым больш на бангалорскім сабачніку, на бангалорскім балоце ня можа сьвяткавацца галоўнае нацыянальнае сьвята — Дзень Волі. Тыя, хто атрымаў дазвол на гэтае абсурднае псэўдасьвяткаваньне — гэта ёсьць псэўдаапазцыя, якая зьяўляецца арганічнай часткай антыбеларускага рэжыму”.

Цікава, што згаданы тэкст павісеў на старонцы Радыё Свабода крыху больш за гадзіну. А потым быў тэрмінова здадзены ў архіў. Так што абсалютная бальшыня наведвальнікаў старонкі Радыё яго не прачытала. Вядома, што каб шукаць тэкст у архіве, трэба ведаць пра існаваньне гэтага тэксту. Кагосьці вельмі зьбянтэжыў тэкст пра бангалорскую прафанацыю.

Алесь Хадасевіч