АНТЫБЕЛАРУСКІ РЭЖЫМ РЫХТУЕЦЦА ДА ВАЙНЫ

Расейская (сапраўдная, а не лубянская) аналітыка апошнімі днямі пачала падаваць трывожныя сігналы на тэму вайны і міру. Найбольш выразна гэта робіць вядомы маскоўскі аналітык, які пражывае ў ЗША, Андрэй Піянткоўскі. Варта пачытаць ягоны артыкул “Дзень шакала” у расейскай інтэрнэт-газэце Каспаров.Ру (крыніца — http://www.kasparov.ru/material.php). Піянткоўскі разглядае сытуацыю з набліжэньнем атакі Ізраіля супраць Ірана, які пагражае Ізраілю сваёй ядзернай зброяй (дарэчы, зробленай Тэгеранам з тэхналагічнай і палітычнай дапамогай з боку Масквы). А. Піянткоўскі піша:

“Даволі паказальная хваля ўцечак і сігналаў, што хлынула апошнімі днямі з вышэйшых расейскіх дыпламатычных і вайсковых колаў.

“Зразумела, наш Генштаб як галоўны ворган ваеннага кіраўніцтва Узброеных сілаў у рэальным часе адсочвае сытуацыю ў сьвеце і асабліва на пагражальных накірунках, гэта значыць на поўдні нашай мяжы, вакол Ірану, дзе становішча накаляецца з кожным месяцам. Для мінімізацыі пагрозаў, на выпадак надзвычайных абставінаў вакол Ірану ў Генштабе распрацаваны план адпаведных дзеяньняў. Які гэта план, аб гэтым ніхто ня скажа, але што ён існуе, я не сумняваюся”, — заявіў кіраўнік камітэту па абароне і бясьпецы Савета Фэдэрацыі Віктар Озераў.

Але вось чыноўнік Мінабароны, які настаяў на ананімнасьці, што-нішто ўсё ж распавёў: “Мы пралічылі дзеяньні на выпадак вайны з Іранам. На гэты выпадак існуе мабілізацыйная гатоўнасьць. Баявыя дзеяньні ў Іране могуць ускладніць і без таго напружаную сытуацыю на Каўказе. Магчыма, прыйдзецца закрываць нейкія праломы. А гэта ўжо рэальныя жыцьці нашых жаўнераў”.

Вельмі кранальны, зразумела, у вуснах ананімнага чыноўніка Мінабароны клопат аб рэальных жыцьцях нашых жаўнераў. Сапраўды, гэта нейкі зусім новы выгляд нашых узброеных Сілаў. Цаны б не было гэтаму бацькоўскаму клопату на Зэелаўскіх вышынях або ў навагоднім Грозным, дзе “сямнаццацігадовыя паміралі з усьмешкай на твары”.

Паспрабуем, аднак, разабрацца, закрываючы якія праломы і забіваючы ў баі якіх праціўнікаў, зьбіраецца ананімны чыноўнік губляць рэальныя жыцьці нашых жаўнераў. (...)

Пачытайце больш уважліва ананімную крыніцу. У ёй усё сказана. І без таго напружаную сытуацыю на Каўказе. Магчыма, прыйдзецца закрываць нейкія праломы.

Кажа — магчыма, а сам рукі пацірае ад салодкага прадчуваньня калектыўны ананімшчык. Самая вялікая “брэш” на Каўказе ў крамлёўскай Аб'яднанай Злачыннай Групоўкі гэта Грузія. Прыклад яе рэформаў становіцца невыбачальна выразным для расейскага грамадзтва. Асабліва пасьля кожнай пачварнай і руціннай трагедыі ў паліцэйскім участку.

Атрымаць падчас вялікай заварушкі на Блізкім Усходзе як узнагароду за добрыя паводзіны маўклівую ліцэнзію ў вашынгтонскім абкаме на зачыстку Грузіі — пажаданая мэта крамлёўскіх летуценнікаў”. (Канец цытаваньня артыкула А. Піянткоўскага).

Падобныя цытаваньні выказваньняў вышэйшых дзяржаўных і вайсковых чыноў Расеі зьявіліся ня толькі ў апазыцыйных СМІ, але значна шырэй. І нікога з чыноўнікаў не прыцягнулі да адказнасьці за “разглашеніе”. З гэтага мы робім выснову, што “разглашеніе” было запланавана, Крэмль-Лубянка зусім і не зьбіраліся рабіць з падрыхтоўкі да вайны нейкую таямніцу. Ды так заўсёды было. Сталінская кліка валадарыла савецкім грамадзтвам непараўнальна больш татальна, чым цяперашняя Масква. Але нават сталінцы вымушаны былі праводзіць мілітарысцкую апрацоўку мільёнаў падуладных людзей пад сурдзінку “Еслі завтра в поход, еслі завтра война...” Больш таго, цяперашні расейскі “паход” ужо пачаўся. 19 сакавіка, у СМІ разышлася навіна пра вялікае перасоўваньне расейскіх войскаў на Каўказе. 20 тысячаў жаўнераў і афіцэраў, вельмі доўгія калоны бранетэхнікі маршыруюць з тэрыторыі акупаванай Чачэніі ў Дагестан, дзе палае лакальная партызанская вайна супраць расейскіх акупантаў. Там ім будзе чым заняцца. А Грузія ад гэтых месцаў зусім недалёка. Час “ікс” набліжаецца.

Здавалася б, а нам, — беларусам, — што да ўсяго гэтага? Плануецца, нібыта, чужая “заварушка” на Усходзе, з удзелам чужых жыцьцяў жаўнераў. Але справа ў тым, што ня крыецца ня толькі маскоўскае чынавенства. Чынавенства акупацыйнага рэжыму ў Беларусі таксама пачало дзейнічаць, няхай сябе і не так дэманстрацыйна. На працягу сакавіка па адміністрацыйных абласных, гарадзкіх і раённых структурах, па мэдычных установах і, галоўнае, па структурах лукашэнкаўскай “тэрытарыяльнай абароны” разышліся рэскрыпты з цэнтру. Загадана падрыхтаваць мабілізацыйныя планы, склады абсталяваньня і мэдыкамэнтаў і г.д. Пра Іран і Грузію пакуль ніхто ня кажа. Дык супраць каго і зь якой нагоды рыхтуецца да мабілізацыі і вайны антыбеларускі рэжым? Пад які ўдар зьбіраецца хунта паставіць наш народ і жыцьці нашых жаўнераў? Тут да месца ўспомніць пра падпісаныя Лукашэнкам і іншымі “союзніческіе обязательства”, “калектыўную бясьпеку” і “саюзную дзяржаву” з шалёнай імпэрскай Масквой. А там ужо ў адкрытую кажуць: “Что-то белоруссы давненько не воевалі...”

Беларускі народ павінен усьведаміць сьмяротную небясьпеку гэтай антынацыянальнай палітыкі і супрацьпаставіцца ёй Беларускай Салідарнасьцю.

Янка Базыль